RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першы ўзор хуткаснага ліфта паспяхова прайшоў выпрабаванні на «Магілёўліфтмашы»

Першы ўзор у лінейцы хуткасных ліфтаў паспяхова прайшоў выпрабаванні на «Магілёўліфтмашы». Абсталяванне развівае хуткасць руху ў 1,5 раза вышэйшую за сваіх папярэднікаў, расказаў дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра прадпрыемства Максім Собалеў.

«Раней мы выпускалі ліфты, якія рухаліся з хуткасцю 1,6 м/с, зараз яна павялічана да 2,5 м/с – выпрабаванне доследнага ўзору паспяхова завершана, – паведаміў Максім Собалеў. – Новая лінейка прадукцыі прадугледжвае 8 мадэляў з кабінамі розных памераў і грузападымальнасці, праца над стварэннем гэтай серыі знаходзіцца ў самым разгары. Першым хуткасным ліфтам, выпушчаным на нашай вытворчасці, стаў пасажырскі «тоннік». Новая распрацоўка зманціравана ў выпрабавальным цэнтры прадпрыемства і прызначана для ўстаноўкі ў вышынных будынках».

Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што па якасных і функцыянальных характарыстыках магілёўская навінка, пры стварэнні якой выкарыстоўваліся найноўшыя тэхналогіі, не саступае сусветным аналагам. Першынец хуткаснай лінейкі прадукцыі павялічыў не толькі хуткасць, але і вышыню ўздыму – з 75 м да 130 м. Для прадпрыемства гэты паказчык дазваляе заняць дадатковы рынкавы сегмент. Дарэчы, калі раней 75 м чалавек праязджаў за 47 секунд, то на новым абсталяванні – усяго за 30 секунд. Умяшчальнасць ліфта – 13 чалавек, і гэта важна, улічваючы яго прызначэнне для шматпавярховак.

«Значную ўвагу пры распрацоўцы мадэлі мы надалі камфорту пасажыраў, – падкрэсліў Максім Собалеў. – Нашы канструктары дамагліся высокай плыўнасці ходу, а таксама зніжэння шуму ў кабіне. Новы ліфт мае шэраг новых тэхнічных рашэнняў, у ліку якіх – сучасная сістэма кіравання з сістэмай выраўноўвання кабіны, выкарыстанне ролікавых чаравікаў наўзамен чаравікам слізгацення, накіравальнікі павышанай дакладнасці».

ААТ «Магілёўліфтмаш» – найбуйнейшы вытворца ліфтавага абсталявання ў ЕАЭС. Прадпрыемства выпускае шырокую гаму пасажырскіх, грузавых і бальнічных ліфтаў грузападымальнасцю ад 100 кг да 6,3 т. У вытворчую праграму таксама ўваходзяць эскалатары і травалатары, аўтамабільныя парковачныя сістэмы, пад’ёмныя платформы для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і тэхніка для будаўніцтва.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая