RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Перспектывы супрацоўніцтва абмеркавалі на сустрэчы з дэлегацыяй Астраханскай вобласці ў Магілёўскім аблвыканкаме

Сустрэча старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі з губернатарам Астраханскай вобласці Ігарам Бабушкіным адбылася 17 лютага ў рамках дзелавога візіту расійскай дэлегацыі ў Беларусь.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Магілёўскай і Астраханскай абласцямі назіраецца дадатная дынаміка. Пры гэтым ёсць рэзервы для ўмацавання перспектыўных напрамкаў.
 
«Мы супрацоўнічаем з Астраханскай вобласцю ўжо даўно. За апошнія пяць гадоў узаемны тавараабарот павялічыўся ў 2,7 раза і дасягнуў у 2022 годзе $9 млн. Аднак, я лічу, што гэтага недастаткова. У нас ёсць шмат перспектыўных напрамкаў па якіх трэба працаваць», - падкрэсліў ён.

Асноўныя артыкулы экспарту ў Астраханскую вобласць - ліфты, прадукцыя дрэваапрацоўкі, шыны, тэхнічны вуглярод.

Так, ААТ «Магілёўліфтмаш» толькі ў студзені гэтага года пастаўлена ліфтаў на $350 тыс. І ў час сустрэчы бакі абмеркавалі зацікаўленасць у павелічэнні прамых продажаў на расійскі рынак. У тым ліку, і магчымасць навучання астраханскіх спецыялістаў рамонту і абслугоўванню абсталявання. Як падкрэсліў Ігар Бабушкін, запатрабаванасць ёсць: «Толькі ў горадзе Астрахань трэба замяніць каля 1 тыс. адзінак ліфтавага абсталявання шматкватэрных дамоў. Таму штогод каля 150-200 ліфтаў мы маглі б абнаўляць з вашай дапамогай, у тым ліку, ажыццяўляць рамонт і абслугоўванне. Упэўнены, падчас наведвання завода мы абавязкова выпрацуем тыя канструктыўныя рашэнні, якія дазволяць нам выйсці на максімальную магутнасць».

У сваю чаргу магілёўскі бок выказаў цікавасць у тым, каб пераняць вопыт астраханскіх калег у сферы аквакультуры і рыбагаспадарчай вытворчасці. У Магілёўскай вобласці створана буйная таварная вытворчасць з поўным замкнутым цыклам па вырошчванні фарэлі. У планах - будаўніцтва яшчэ некалькіх рыбаводчых комплексаў, уключаючы стварэнне маткавага рыбалоўнага індустрыяльнага комплексу на базе БДСГА. І вопыт Астраханскай вобласці ў гэтым напрамку будзе карысны.

Таксама Анатоль Ісачанка абазначыў важнасць вызначэння напрамкаў супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы. У прыватнасці - адукацыі. У верасні 2023 года Беларуска-Расійскі ўніверсітэт плануе адкрыць новы, перспектыўны напрамак падрыхтоўкі студэнтаў - нафтагазавая справа па расійскіх адукацыйных стандартах у рамках супрацоўніцтва з Астраханскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, якія маюць вопыт навучання студэнтаў у гэтым напрамку. Прагучала ў адрас дэлегацыі і запрашэнне ўзяць удзел у брэндавых культурных мерапрыемствах Магілёўшчыны. Ішла размова і аб тым, каб умацоўваць сувязі ў турыстычным напрамку.

Анатоль Ісачанка выказаў упэўненасць, што сустрэча стане залогам моцнага сяброўства, плённага супрацоўніцтва паміж абласцямі: «Сёння мы зрабілі яшчэ адзін крок па збліжэнні нашых адносін. Наступным стане падпісанне пагаднення аб нашых дамоўленасцях на X Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ва Уфе. Наша задача зараз - прадметна працаваць, а не чакаць падпісання. Па вялікім рахунку, дарожную карту мы сёння прагаварылі. Самае галоўнае - засталося яе рэалізаваць».

Паводле слоў Ігара Бабушкіна, у Астраханскай вобласці з Беларуссю дэталёва прапрацаваны розныя напрамкі сумеснай дзейнасці. І падчас сённяшняй сустрэчы закладзена аснова будучага пагаднення з Магілёўскай вобласцю. «Упэўнены, што прадуктыўнае супрацоўніцтва працягнецца. Мы шчыра зацікаўлены ва ўстанаўленні новых кантактаў і наша партнёрства абавязкова прынясе вынікі.

Сёння мы бачым рост як экспарту, так і імпарту. І нацэлены супрацоўнічаць у розных напрамках - гэта транспарт, лагістыка, жыллёва-камунальная гаспадарка, сельская гаспадарка, гуманітарная сфера. Са свайго боку разглядаем прамыя пастаўкі рыбнай, бахчавай і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Гатовы дзяліцца вопытам па іх вырошчванні. Калі казаць пра галіны, якія цікавыя нам у Магілёўскай вобласці, безумоўна, гэта будаўніцтва і ЖКГ. Дастаткова запатрабаваная прадукцыя беларускага вытворцы, таму хацелася б разгледзець магчымасць правядзення магілёўскіх кірмашоў для астраханцаў».

Акрамя таго, цікавасць расійская дэлегацыя праявіла да СЭЗ «Магілёў» - абмену вопытам работы, рэзідэнтамі. Як вельмі важны напрамак губернатар Астраханскай вобласці абазначыў патрыятычнае выхаванне моладзі: «Лічу, што Беларусь з'яўляецца прыкладам, як неабходна трансліраваць такую інфармацыю моладзі. Для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы, а самае галоўнае, што ёсць жаданне падзяліцца з падрастаючым пакаленнем той гісторыяй, якую мы ведаем з самага дзяцінства. Сёння ўся Беларусь - мемарыял воінскай доблесці і славы Вялікай Айчыннай вайны. І нас вельмі шмат што звязвае, у тым ліку, сумеснае гістарычнае мінулае.

Астраханская вобласць - важны транспартна-лагістычны вузел міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач-Поўдзень». У мінулым годзе праз нашы парты прайшло 100 тыс. грузаў агульнай ёмістасцю - 16 млн тон. На гэты момант створаны ўсе неабходныя інфраструктурныя ўмовы для іх паўнацэннай загрузкі.

Ужо сёння праз нашы парты ідзе вялікі транзіт грузаў з Беларусі і ў Беларусь, але магутнасці даюць магчымасць яшчэ больш нарасціць гэты аб'ём і сёння мы з калегамі падзяліліся гэтай магчымасцю.

Падводзячы вынікі працы за 2022 год, мы адзначылі, што вельмі сур'ёзна прасунуліся па розных напрамках. Прадукцыя, якая выпускаецца ў Магілёўскай вобласці, безумоўна, нас цікавіць, і мы па гэтым напрамку абавязкова дасягнем абазначаных дамоўленасцей. Партнёрскія адносіны паспрыяюць узаемнаму развіццю нашых рэгіёнаў і яшчэ больш зблізяць нас».

На заканчэнне сустрэчы старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Аляксандрам Студневым і кіраўніком муніцыпальнага ўтварэння «Гарадская акруга горад Астрахань» Алегам Палумардвінавым падпісаны мемарандум аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Магілёвам і Астраханню.

«Упэўнены, што нашы сяброўскія, цёплыя адносіны дадуць пэўны рост, дзе мы пакажам магчымасці як горада Магілёва, так і вобласці, - падзяліўся меркаваннем Аляксандр Студнёў. - Мы гаворым аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве, накіраваным на развіццё. Гэта самае галоўнае. Нашы гарады падобныя па колькасці і прамысловым патэнцыяле. А значыць, нам трэба будзе вялікая і плённая праца. У напрамку якой сёння зроблены першы крок».

Таксама ў гэты дзень адбылося наведванне губернатарам Астраханскай вобласці і членамі дэлегацыі ААТ «Магілёўліфтмаш», якое прадугледжвае азнаямленне з работай прадпрыемства і кароткія перагаворы.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая