RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пленум пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы праходзіць у Магілёве

Больш за 70 майстроў слова з Беларусі і Расіі сабраў у Магілёве пленум пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Двухдзённае мерапрыемства праходзіць пад знакам некалькіх дат: 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзя Вялікай Перамогі і 20-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. А галоўная тэма дыялогу – «Роля літаратуры ў станаўленні Саюзнай дзяржавы і захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне».

«Пленум пісьменнікаў – выдатная пляцоўка для аб’яднання беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. У нас шмат агульных тэм: гістарычная, літаратурная, ваенная напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі,таму што для многіх ваенная гісторыя Магілёва – гэта Буйніцкае поле і тая праца, якую пачаў праводзіць з першых месяцаў вайны Канстанцін Сіманаў, які назаўжды застаўся з Магілёвам», – падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

Ён выказаў надзею, што пленум надасць пэўны імпульс, прыцягне ўвагу самых розных літаратараў да гераічнай памяці нашай краіны. «У кулуарах мерапрыемства не раз успаміналі Кіраўскі раён і легендарную вёску Боркі, якая сваім лёсам падобная на Хатынь. Спадзяюся, што гэта тэма таксама зацікавіць расійскіх пісьменнікаў, паколькі драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны – гэта не толькі гераізм і мужнасць, але яшчэ і драма, звязаная з ахвярамі, забойствам мірных жыхароў», – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

З беларускага боку кіраўніком Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы на форуме выступае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Паводле яго слоў, тэма Вялікай Айчыннай вайны па-ранейшаму застаецца найбольш актуальнай у сучаснай літаратуры пісьменнікаў абедзвюх краін. Яны выступаюць у абарону міру, асуджаюць спробы фальсіфікацыі гісторыі, рэабілітацыі фашызму. Пісьменнікі Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы маюць намер актывізаваць сваю дзейнасць з тым, каб увекавечыць бессмяротныя подзвігі абаронцаў Айчыны, паказаць агульны ўклад народаў у Перамогу.

Расійскую дэлегацыю на пленуме ўзначальвае старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі празаік, публіцыст Мікалай Іваноў, добра вядомы чытачу постсавецкай прасторы як першаадкрывальнік «афганскай» тэмы. Як афіцэр-дэсантнік ён на свае вочы бачыў вайну ў Афганістане. Як журналіст і пісьменнік ён прайшоў праз многія «гарачыя кропкі» ў постсавецкай гісторыі апошніх гадоў.

Магілёў быў абраны пляцоўкай для правядзення пленума не выпадкова, падкрэсліў Мікалай Іваноў. Абласны цэнтр стаў адным з першых гарадоў, якія далі адчайны адпор захопнікам. Цесна пераплёўся з абласным цэнтрам лёс першага летапісца гераічнай абароны, журналіста, паэта і пісьменніка Канстанціна Сіманава. Яго постаць мае вялікае значэнне ў наданні гістарычнай значнасці танкавай бітвы, якая адбылася на Буйніцкім поле. У абароне Магілёва ў 1941 годзе бой прыняў 388-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Сямёна Куцепава і народныя апалчэнцы фабрыкі штучнага валакна. Менавіта яны знішчылі 39 танкаў вермахта. На наступны дзень пасля бою Канстанцін Сіманаў і фатограф Павел Трошкін прыехалі на поле, якое яшчэ дымілася. Зробленыя тут здымкі былі апублікаваны ў «Известиях», дзякуючы ім увесь свет даведаўся аб гераічнай абароне Магілёва. Пазней гэтыя падзеі Канстанцін Сіманаў апісаў у рамане «Жывыя і мёртвыя».

Таму асаблівую значнасць для жыхароў горада на Дняпры мае падарунак сям’і Драбышэўскіх: больш за 20 лістоў, якія ваенны карэспандэнт адпраўляў з фронту ў рэдакцыю газеты «Чырвоная зорка». Яны былі перададзены на захоўванне Магілёўскага абласнога краязнаўчага музею падчас пасяджэння, якое адбылося 3 кастрычніка ў Палацы культуры вобласці. «Гэта перапіска Канстанціна Сіманава і Давіда Ортэнберга. Частка напісана ад рукі, частка набраная на машынцы. Але ўсе яны падпісаны «Твой Косця», – расказала паэт і публіцыст Надзея Драбышэўская.

У снежні 2019 года Саюз пісьменнікаў Беларусі і Расіі адзначыць дзесяцігоддзе. Грамадская арганізацыя аб’ядноўвае ў сваіх радах найлепшыя літаратурныя сілы дзвюх дзяржаў, творчасць пісьменнікаў служыць паразуменню, умацаванню дружалюбных сувязяў паміж нашымі народамі. Сведчанне таму – сумесна выдадзеныя кнігі, літаратурныя пераклады, круглыя сталы, выставы, конкурсы. «Сёння гэта адзіны творчы саюз, утвораны ў межах Саюзнай дзяржавы, – канстатаваў кіраўнік апарату Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Аляксандр Альшэўскі. – Ён не толькі створаны, але і вельмі эфектыўна працуе. Уключае ў сябе каля 800 пісьменнікаў – эліту, залаты фонд расійскай і беларускай літаратуры. Людзей, якія на практыцы падтрымліваюць духоўнае і творчае яднанне нашых народаў. Яны праводзяць творчыя вечары, абменьваюцца дэлегацыямі, умацоўваюць міжрэгіянальныя сувязі, замацоўваюць у сваіх творы каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць нашы народы».

Аляксандр Альшэўскі заўважыў, што пленум у Магілёве – своеасаблівае падвядзенне вынікаў працы за 10 гадоў і магчымасць задаць напрамкі на будучыню. У планах – аб’явіць аб двух маштабных праектах, прысвечаных юбілейным датам. Адзін з іх – конкурс да 75-годдзя Вялікай Перамогі, які будзе ўключаць пяць намінацый для празаікаў і паэтаў. Асобна мяркуецца разглядаць працы маладых аўтараў. «Сёння асабліва важна падтрымліваць маладых: не проста ўзнагароджваць, а спрыяць выданню іх твораў, арганізоўваць прэзентацыі. Лічыцца, што аўтарытэтамі ў сучасных чытачоў становяцца блогеры і мадэлі ў інстаграме. Але практыка правядзення сустрэч студэнтаў з пісьменнікамі паказвае: жывыя зносіны з майстрамі слова, іх вопыт і вялікі каштоўнасны зарад замяніць бяздушнымі гаджэтамі немагчыма», – падсумаваў Аляксандр Альшэўскі.

Сёння дэлегацыі пісьменнікаў наведалі прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага. Дырэктар установы адукацыі Георгій Маліноўскі правёў для гасцей экскурсію па ваеннай экспазіцыі пад адкрытым небам і музеі каледжа. Пазней пісьменнікі адправіліся на буйныя прадпрыемствы горада: ААТ «Бабушкина крынка» і «Магілёўліфтмаш».

Завершыцца пленум урачыстым мітынгам і ўскладаннем кветак на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» і да памятнага каменя Канстанціна Сіманава, прах якога быў развеяны на гэтым месцы.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая