RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў прыбудзе ў Магілёў 30 мая

«Полымя свету» прыбудзе ў Магілёў 30 мая. Сімвал маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў Магілёўшчына сустрэне на Буйніцкім полі. Факеланосцамі стануць знакамітыя магілёўцы і прафесійныя спартсмены.

«“Полымя свету” пранясуць па абласным цэнтры двойчы – праграма дзеліцца на ранішнюю і вячэрнюю, – расказаў начальнік аддзела спорту і турызму Магагрвыканкама Дзмітрый Лацянкоў. – А 13.30 «Полымя» сустрэнуць на Буйніцкім полі. Пасля гэтага факел адправіцца ў заасад, дзе «сядзе» на паравозік. Затым галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў праплыве на параходзе па рацэ Днепр да прыстані ля гасцініцы «Турыст». Пасля гэтага «Полымя свету» наведае два буйныя прамысловыя прадпрыемствы горада –«Магілёўліфтмаш» і «Магатэкс». Гэтыя наведванні пройдуць у межах спецпраекта».

Другая частка эстафеты пачнецца ў 20.30 на пляцоўцы ля лесвіцы ў парк Падніколле. У гэты ж час на плошчы Славы пачнецца вялікі святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Магілёўшчыны і зорак беларускай эстрады. «Ад лесвіцы ў парк Падніколле факеланосцы пранясуць «Полымя» па вуліцы Піянерскай да кінатэатра «Радзіма». Каля Астролага факел будзе чакаць карэта. У ёй «Полымя свету» праедзе па вуліцы Ленінскай у бок плошчы Славы. Пасля гэтага галоўны сімвал Еўрагульняў наведае святочны канцэрт. Завершыцца дзень эстафеты невялікім феерверкам.

Арганізатары абяцаюць насычаную і яркую праграму, якая будзе напоўнена прыемнымі сюрпрызамі і добрым настроем.

Дарэчы, 30 мая ў сувязі з правядзеннем эстафеты «Полымя свету» ў Магілёве ўнясуць некаторыя змены ў схему руху транспарту. У прыватнасці, будуць вызвалены ад аўтамабільнага транспарту да 8.00 праезджыя часткі плошчы Славы, вуліцы Архірэйскі Вал Каніскага, вуліцы Першамайскай (ад плошчы Славы да вуліцы Болдзіна), вуліц Лепяшынскага, Будзённага, Карла Маркса (ад завулка Пажарнага да вуліцы Камсамольская), паркоўка ў раёне назіральнай пляцоўкі каля лесвічнага спуску ў парк Падніколле. Тут жа да заканчэння святочных мерапрыемстваў абмяжуюць стаянку машын. Таксама плануецца перакрыцце руху:

– з 20.30 да 21.00 па вуліцы Карла Маркса (ад завулка Пажарнага да вуліцы Камсамольская), вуліцы Піянерскай (ад вуліцы Камсамольская да завулка Буянава), вуліцы Лепяшынскага, вуліцы Будзённага;

– з 20.30 гадзін да заканчэння святочнага канцэрта па вуліцы Архірэйскі Вал Каніскага, вуліцы Першамайскай (ад плошчы Славы да вуліцы Болдзіна).

Рух грамадскага транспарту будзе арганізаваны з улікам перакрыцця.

Пасля Магілёва «Полымя свету» адправіцца ў Шклоў, каб даставіць эстафету да гарадской ратушы, Лядовай арэны і, вядома, у аграгарадок Александрыя, дзе запланавана наведванне школы Прэзідэнта, спартыўнага комплексу і Трафімавай крыніцы.

У Горках галоўны сімвал Еўрагульняў наведае моладзевы культурна-забаўляльны цэнтр «Амфітэатр», батанічны сад, БДСГА, цэнтральную плошчу, дзе адбудзецца тэматычны флэш-моб.

Затым «Полымя свету» пабывае на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, мемарыяле вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаве, Чыгірынскім вадасховішчы.

Апошнім пунктам у падарожжы паходні па Магілёўскай вобласці стане Бабруйск і Бабруйскі раён. Тут «Полымя свету» прабудзе два дні. 3 чэрвеня пасля ўрачыстай часткі на плошчы Леніна сімвал Еўрагульняў пройдзе па вуліцах горада да «Бабруйск-Арэны». 4 чэрвеня ён наведае ААТ «Чырвоны харчавік», «Белшыну» і СВК «Гігант» у аграгарадку Вялікія Бортнікі.

Эстафета ўжо прайшла Брэсцкую, Гродзенскую і Віцебскую вобласці. 5-6 чэрвеня агонь II Еўрапейскіх гульняў прыме Гомель, 17 чэрвеня – Мінск. А завершыцца эстафета «Полымя свету» ў дзень адкрыцця мультыспартыўнага форуму – 21 чэрвеня на стадыёне «Дынама».

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску 21-30 чэрвеня. У іх прымуць удзел спартсмены з 50 краін.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая