RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пошукавыя работы па справе аб генацыдзе пройдуць у шасці новых месцах Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці пошукавыя работы па справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны пройдуць у шасці новых і раней невядомых месцах масавага забойства мірнага насельніцтва. Аб гэтым журналістам расказаў намеснік пракурора вобласці Андрэй Волкаў падчас перапахавання 21 мая астанкаў больш як 90 расстраляных мірных жыхароў Слаўгарада.

«Намі ўстанаўліваюцца ўсё новыя факты і месцы знішчэння мірных грамадзян, - падкрэсліў Андрэй Волкаў. - Адно з такіх месцаў выяўлена і ў Слаўгарадзе, дзе ў кастрычніку мінулага года знойдзены астанкі 91 чалавека - гэта жанчыны, дзеці і старыя, знішчаныя нацыстамі ў кастрычніку 1941 года. Яны расстраляныя толькі за тое, што жылі на гэтай зямлі. Гэта было мэтанакіраванае знішчэнне нашага народа. Цяпер работа па ўстанаўленні новых месц прадаўжаецца. Упэўнены, што названыя сёння лічбы не апошнія. Толькі сёлета ў нашай вобласці будуць праводзіцца пошукавыя працы ў шасці раней невядомых і няўлічаных месцах пахавання і знішчэння мірных жыхароў».

Адно з такіх месцаў, дзе пошукавыя работы пачнуцца ўжо гэтай восенню, - Казіміраўскі лес у Магілёве. Лесапаркавая зона па вул.Раўчакова (былы пасёлак Сараканайск) лічыцца адной з самых жудасных на карце абласнога цэнтра ў гады акупацыі. Згодна з архіўнымі дакументамі і паказаннямі сведак, на працягу двух гадоў - з кастрычніка 1941-га па верасень 1943 года - тут адбываліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў: яўрэяў, псіхічнахворіх Пячэрскай псіхлячэбніцы, падпольшчыкаў і іншых удзельнікаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму. Тут устаноўлена месцазнаходжанне сямі расстрэльных ям, у якіх могуць знаходзіцца да 200 ахвяр генацыду. Прычым не менш за 20 ям-упадзін у парку застаюцца неабследаванымі. Колькасць расстраляных у гэтым месцы чалавек можа перавышаць 1 тыс.

«Факты знішчэння беларускага народа не выклікаюць ніякіх іншых эмоцый, акрамя жаху і страху, таму нашыя людзі абавязаныя захаваць памяць аб гэтай вайне і не дапусціць паўтарэння мінулага цяпер, - падкрэсліў Андрэй Волкаў. - Гэта самая галоўная задача будучых і цяперашніх пакаленняў. Неабходна, каб моладзь захоўвала памяць аб ахвярах нацызму, аб героях-пераможцах, а таксама заўсёды памятала, што гэтая вайна вялася на знішчэнне нашага народа. Сёння мы павінны быць адзіныя ў адным - захаваць мір на нашай зямлі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая