RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці працуюць у штатным рэжыме, хоць ёсць пэўныя пытанні з забеспячэннем сыравінай і камплектуючымі – Руслан Страхар

На дадзены момант прадпрыемствы Магілёўскай вобласці працуюць у штатным рэжыме, хоць ёсць пэўныя пытанні з забеспячэннем сыравінай і камплектуючымі, выкліканыя цяжкасцямі праходжання межаў. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар.

У цэлым, паводле слоў суразмоўцы, горадаўтваральныя прадпрыемствы рэгіёна, дзе працуе значная колькасць насельніцтва Магілёўшчыны, сёння забяспечаны заказамі. Далейшы попыт на прадукцыю будзе залежаць ад сітуацыі ў сумежных дзяржавах.

Руслан Страхар звярнуў увагу: Беларусь–краіна з адкрытай эканомікай, і працэсы, якія адбываюцца ў замежных дзяржавах, натуральна, адбіваюцца на выбудоўванні ўзаемаадносін. Магілёўская вобласць – не выключэнне. Гэта экспартаарыентаваны рэгіён, які больш за палову вырабленай прадукцыі адгружае за межы Сінявокай. Традыцыйна нашымі асноўнымі партнёрамі з’яўляюцца Расія, куды ідзе каля 60% экспарту, і краіны ЕС – каля 20%.

«Многія нашы прадпрыемствы завязаныя на буйныя гандлёвыя сеткі, у тым ліку, сусветную IKEA. На гэты момант па такіх пастаўках, асабліва ў сферы дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі, адзначаецца зніжэнне з прычыны закрыцця межаў, магазінаў, прыпынення працы заводаў, якія з’яўляліся пакупнікамі нашай прадукцыі, – адзначыў Руслан Страхар. – Аднак паступова адбываецца аднаўленне, і мы спадзяёмся на аднаўленне супрацоўніцтва, якое ў пачатку года было перспектыўным». У прыватнасці, Магілёўская вобласць завяршыла 2019-ы з тэмпам росту экспарту прадукцыі практычна 117%. І вынікі двух месяцаў 2020-га сведчылі аб запатрабаванасці нашых тавараў: у студзені рэгіён прыплюсаваў 11% да паказчыкаў аналагічнага перыяду мінулага года, а за два месяцы экспарт выраст ужо на 16%.

«Натуральна, сітуацыя зменіцца ў сакавіку па аб’ектыўных прычынах, але мы з практыкі ведаем, што за любым спадам ідзе рост, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Разумеюць гэта і кіраўнікі прадпрыемстваў, якія нацэленыя на захаванне стабільнай працы і калектываў. У тым ліку прымаюцца ўсе неабходныя меры прафілактыкі, накіраваныя на павышэнне ўвагі да бяспекі працы, пытанняў здароўя».

Эпідэмічная сітуацыя ў свеце паспрыяла росту попыту на асобныя групы тавараў як унутры краіны, так і за яе межамі, падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама. Перш за ўсё гэта тычыцца вырабаў медыцынскага прызначэння. У сувязі з гэтым адбылася пераарыентацыя некаторых прадпрыемстваў Магілёўшчыны на вытворчасць менавіта гэтых відаў тавараў.

Медыцынскія маскі і павязкі ўжо выпускаюць «Стужка»,«Славянка», шэраг прыватных кампаній. Прычым працуюць яны фактычна кругласутачна, з кожным днём павялічваючы аб’ёмы. Акрамя таго, Бабруйская швейная фабрыка пачала вытворчасць аднаразовых і шматразовых ахоўных касцюмаў. «Магатэкс» асвойвае выпуск марлі з розным напаўняльнікам, якая таксама будзе выкарыстоўвацца ў медыцынскіх мэтах. Кампанія «БелЭмса» істотна павялічыла вытворчасць і рэалізацыю гігіенічных вільготных сурвэтак, у тым ліку антыбактэрыйных. Бабруйскі завод біятэхналогій вядзе працу па пашырэнні лінейкі ўпакоўкі для антысептыкаў ад буйных да дробных флаконаў для індывідуальнага спажывання. Парфумна-касметычная фабрыка «Сонца» ў Асіповічах ў паскораным парадку рыхтуе да выхаду на рынак антыбактэрыйную прадукцыю– гель-санітайзер і дэзынфектант для ўсіх тыпаў паверхняў. «У першую чаргу мы нацэлены на задавальненне попыту ў Магілёўскай вобласці і Беларусі. Самае галоўнае–нашы прадпрыемствы змаглі за кароткі час асвоіць гэтыя прадукты і атрымаць адпаведныя сертыфікаты, каб пастаўляць прадукцыю ў медустановы і іншыя арганізацыі, дзе гэта неабходна», – канстатаваў Руслан Страхар. 

Ён звярнуў увагу на віды дзейнасці, найбольш уразлівыя ў сённяшніх эканамічных умовах–гэта турыстычны і гасцінічны бізнес. Падае колькасць наведвальнікаў у кафэ і рэстаранах. Менш людзей наведвае грамадскія месцы, а значыць, зменшыўся попыт на дзейнасць аб’ектаў па прадастаўленні паслуг у сферы творчасці і адпачынку. «На ўзроўні ўрада распрацаваны цэлы комплекс мер па забеспячэнні стабільнай працы эканомікі ў цэлым, які закранае розныя сферы дзейнасці і прадугледжвае механізмы падтрымкі, –заўважыў Руслан Страхар. – Цяпер вядзецца прапрацоўка адпаведных праектаў нарматыўных дакументаў, якія, мы спадзяёмся, будуць прынятыя ў найбліжэйшы час. У прыватнасці, для «пацярпелых» відаў дзейнасці плануецца прадаставіць адтэрміноўку на арэндныя плацяжы з наступнай растэрміноўкай. Тое ж самае тычыцца і падатковай сферы. Зараз разглядаюцца асобныя напрамкі па адмене тэрмінаў выканання абавязацельстваў як па маёмасных, так і шэрагу іншых падаткаў у другім і трэцім квартале з пераносам на больш позні тэрмін».

Што тычыцца банкаўскіх пытанняў, то тут, на думку намесніка старшыні аблвыканкама, важна забяспечыць стабільную працу банкаўскай сістэмы ў цэлым, а тым, каму гэта неабходна, даць адтэрміноўкі па пагашэнні крэдытаў. «У гэтай сувязі Нацыянальнаму банку даручана разам з камерцыйнымі банкамі адпрацаваць гэту сістэму індывідуальна з тымі арганізацыямі, якія падвергліся найбольшаму ўплыву, – падкрэсліў Руслан Страхар. – У дачыненні да фізічных асоб банкам даручана разгледзець магчымасць адтэрміноўкі вяртання крэдытаў і выплаты працэнтаў за карыстанне крэдытнымі рэсурсамі з адначасовым падаўжэннем тэрміну вяртання. Тут будзе выпрацаваны канкрэтны механізм і ўмовы па прадастаўленні такіх растэрміновак. Перш за ўсё гэта закране тых грамадзян, у якіх па аб’ектыўных прычынах адбылося зніжэнне аплаты працы».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая