RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прафілактычная акцыя па папярэджанні ДТЗ з удзелам матацыклістаў стартавала ў Магілёўскай вобласці

Прафілактычная акцыя «Колаў менш – небяспекі больш!» па папярэджанні ДТЗ з удзелам матацыклістаў стартавала ў Магілёўскай вобласці. Мерапрыемствы працягнуцца да 14 верасня, як паведамілі карэспандэнту сайта ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Як паведамілі суразмоўцы, за 8 месяцаў на тэрыторыі рэгіёна з удзелам мотаўладальнікаў зарэгістравана 11 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 3 чалавекі загінулі, 11 атрымалі траўмы. Па віне кіроўцаў «жалезных коней» адбылося 4 ДТЗ, 1 чалавек загінуў, 3 атрымалі траўмы. Толькі ў верасні пацярпелі 4 матацыклісты.

На дарогах мотааматары з’яўляюцца з надыходам цёплых дзён і працягваюць паспяхова калясіць яшчэ да сярэдзіны восені. «Матацыкл – дынамічны і манеўраны транспарт. Аднак ён характарызуецца меншай устойлівасцю, чым аўтамабіль, таму матацыкліст практычна не абаронены, што намнога павялічвае цяжар наступстваў у выпадку аварый, – падкрэслілі ў ДАІ. – Таму кіраванне мотатранспартам патрабуе павышанай увагі на дарозе, выразнага ведання і захавання дарожнага закона. Ад гэтага шмат у чым залежыць жыццё і здароўе мотаўласніка».

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што для кіравання матацыклам, скутарам ці мапедам абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі. Бо за «бяспраўнае» кіраванне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь, а за такое паўторнае на працягу года парушэнне штраф павялічваецца да 50 базавых велічынь.

Таксама неабходная абавязковая рэгістрацыя «жалезнага каня» ў ДАІ. А яшчэ зашпілены моташлем, бо язда без яго пагражае штрафам у памеры да 1 базавай велічыні і, вядома ж, уключае разважлівасць.

Адказнасць за кіраванне транспартным сродкам, у дачыненні да якога не выдадзены дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху або якое не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку, прадугледжана ў памеры ад 1 да 3-х базавых велічынь.

«Вялікая хуткасць і два колы – небяспечнае спалучэнне. Мотаўласнікам неабходна рухацца з уключаным блізкім святлом фар для прыцягнення ўвагі іншых удзельнікаў руху, выконваць хуткасны рэжым, добра экіпіравацца і ніколі не выконваць небяспечных трукаў на дарозе. Аўтамабілістам варта праяўляць максімальную асцярожнасць, глядзець у люстэрка – матацыкліст можа з’явіцца на дарозе нечакана. І памятайце: захаванне галоўнага закона дарогі –правілаў дарожнага руху – застаецца асноўнай умовай бяспекі», – канстатавалі суразмоўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая