RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прафсаюзныя юрысты Магілёўшчыны часцей за ўсё сёлета адказваюць на пытанні аплаты працы

Больш за ўсё зваротаў грамадзян у 1-м квартале 2020 года ў Магілёўскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў датычылася пытанняў аплаты працы і спынення працоўных адносін. Пра гэта расказала галоўны прававы інспектар працы аб’яднання Іна Чабатарэўская.

«З пачатку года з усіх раёнаў і абласнога цэнтра паступіла каля 150 пытанняў–138 вусных і 9 пісьмовых, – адзначыла спецыяліст. – У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года агульная колькасць зваротаў знізілася амаль на 18%».

Грамадзян пераважна цікавілі пытанні працоўнай дзейнасці –31,8%, аплаты працы–33,3 %, санаторна-курортнага абслугоўвання і адпачынку–7,9%, пенсійнага забеспячэння і выплаты дапамог–7,2%. Больш за ўсё зваротаў паступіла ад работнікаў АПК, бюджэтных арганізацый, суб’ектаў малога прадпрымальніцтва.

У пісьмовай форме прыходзілі пытанні аб своечасовасці выплаты заработнай платы, сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку, захавання мінімальнай заработнай платы, рэжыму працы, правамернасці спынення працоўных адносін, аказання матэрыяльнай дапамогі і інш.

Напрыклад, пасля разгляду электроннага звароту работніцы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна прафсаюзныя юрысты дамагліся пераразліку ёй заработнай платы. Агульная сума выплат склала больш за Br736. Арганізацыі, якая дапусціла парушэнні працоўнага заканадаўства, выдадзена рэкамендацыя на недапушчэнне надалей выяўленых фактаў, сярод якіх–выпадкі непрадастаўлення выхадных дзён жывёлаводам, прыцягненне да працы ў выхадныя дні без афармленняў загадам (распараджэннем) наймальніка. Таксама заяўніцы не былі зроблены даплаты да мінімальнай зарплаты за сакавік, красавік, лістапад, кастрычнік 2019 года.

Пытанні аплаты працы, своечасовасці выплаты заработнай платы і сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку былі разгледжаны па электронным звароце яшчэ аднаго заяўніка. Пры вывучэнні сітуацыі факты знайшлі сваё пацвярджэнне, і работніку пералічана амаль Br1,2 тыс.

На асабістых прыёмах, якія праводзяцца старшынямі раённых і гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, акрамя кансультацый, аказвалася і практычная дапамога. Так, да старшыні Бабруйскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людмілы Балакер паступіў вусны зварот ад былога работніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў па факце нявыплаты ў поўным аб’ёме канчатковага разліку. Пасля вывучэння праблемыдаплачана грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны адпачынак.

Пры садзейнічанні старшыні Шклоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланы Сяргеенка трактарысту адной з арганізацый АПК аказана матэрыяльная дапамога ў памеры Br350 у сувязі з хваробай дачкі.

З мэтай рэалізацыі задач, накіраваных на павышэнне прававой абароненасці, у 1 квартале 2020 года прафсаюзныя юрысты правялі ў рэгіёне прыёмы грамадзян, на якіх было прынята 208 чалавек.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая