RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэм’ера гістарычнай драмы «Падрыў» адбудзецца ў кінатэатрах Магілёва 3 ліпеня

З 3 ліпеня ў магілёўскіх кінатэатрах «Радзіма», «Чырвоная Зорка», «Космас» пройдзе прэм’ерны паказ гістарычнай драмы «Падрыў» рэжысёра Івана Паўлава (Беларусь, 2022, драма, 105 мін., 12+). Кінапаказ адбудзецца ў межах рэспубліканскай кінаакцыі «Кінаўрокі гісторыі. Ідзі і глядзі!», паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

Фільм зняты па літаратурным сцэнарыі Юліі Ляшко і Людмілы Перагудавай «Полымя пад попелам». Падзеі стужкі разгортваюцца ў 1945 годзе. Яшчэ не скончылася Другая сусветная вайна, а на тэрыторыі вызваленай Беларусі праходзяць работы па маштабнай ачыстцы зямлі ад спадчыны вайны – неразарваных мін і снарадаў, якія засталіся ў зямлі на месцы баявых дзеянняў. Для таго каб ачысціць тэрыторыі, з ліку падлеткаў-добраахвотнікаў ствараюцца атрады Асавіяхіма. Прайшоўшы ўсяго толькі тыднёвыя курсы падрыхтоўкі, маладыя дзяўчаты і хлопцы адпраўляюцца на небяспечную працу – уласнаручнае размініраванне месцаў, на якіх яшчэ зусім нядаўна разгортваліся жорсткія баі.

Размінёрскія будні для гэтых маладых людзей аказваюцца не менш небяспечнымі, чым нядаўнія баявыя дзеянні. Але галоўнай нечаканасцю становіцца тое, што іх камандзір, якому яны цалкам давяралі, аказваецца зусім не тым, за каго сябе выдае. Як складзецца лёс герояў і якое рашэнне прыме кожны з іх у сувязі з адкрытай ім страшнай праўдай?..

«Падрыў» стаў вынікам плённага супрацоўніцтва кінастудыі «Беларусьфільм» і супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Рэжысёр-пастаноўшчык – Іван Паўлаў; аўтары сцэнарыя – Іван Паўлаў і Таццяна Команава; аператар-пастаноўшчык – Вячаслаў Дунаеў; мастак-пастаноўшчык – Уладзімір Царыковіч; кампазітар – Уладзімір Сівіцкі.

У ролях: Дар’я Карпечанкава, Таццяна Фёдарава, Анжаліка Барчан, Андрэй Сенькін, Уладзіслаў Соладаў, Анатоль Цярпіцкі, Андрэй Душачкін, Максім Дубоўскі, Арсеній Врагоў, Наталля Капітонава, Дар’я Баранава і інш.

Набыць квіткі можна анлайн і ў касе кінатэатра.

Рэд., фота belarusfilm.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая