RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пяць цікавых фактаў пра 16-разовагапаралімпійскага чэмпіёна Ігара Бокага

Паралімпіяда ў Токіа паступова выкацілася на фінішную прамую –у нядзелю нас чакае апошні спаборніцкі дзень. Учора сваё трыумфальнае выступленне на водных дарожках завяршыў галоўны герой гульняў-2020 Ігар Бокага. Плывец з Бабруйска шэсць разоў выходзіў на старт на розных дыстанцыях і сабраў калекцыю з пяці залатых узнагарод, толькі аднойчы не дабраўшыся да п’едэстала:у заплыве на 100 метраў брасам Ігар прыйшоў да фінішу чацвёртым.

У эліту сусветнага Паралімпійскага плавання Ігар Бокій уварваўся 11 гадоў таму, калі на чэмпіянаце свету, будучы 16-гадовым юнаком, раптам узяў ды і выйграў чатыры залатыя ўзнагароды. Аднак сапраўдная слава звалілася на шырокія плечы гэтага сціплага бабруйскага хлопца на гульнях у Лондане-2012. Менавіта адтуль з нікому не вядомага паралімпійца Бокага вярнуўся сапраўднай зоркай і чалавекам-амфібіяй. Ці жарт, пяць пераканаўчых перамог і адно срэбра! Але, аказалася, гэта быў толькі пачатак, працяг не прымусіў сябе чакаць. Ды такі, што зрабіў Ігара Бокага сапраўднай легендай Паралімпійскага плавання. Хто ж ён, наш чэмпіён?

Займацца плаваннем Ігар стаў у родным Бабруйску ва ўзросце шасці гадоў. Сёння спартсмен успамінае пра гэта так: «Калі мама першы раз вяла мяне ў басейн, я ад яе ўцякаў па дарозе. Не вельмі хацеў ісці на трэніроўку. Але потым уцягнуўся». З тых часоў вось ужо 21 год ён не прапускае заняткаў,а апошнія гадоў дзесяць нязменна плавае двойчы на дзень шэсць разоў на тыдзень па 2–2,5 гадзіны. Шляхам няхітрых матэматычных дзеянняў можна палічыць, што выключна ў вадзе за гэты час Бокій правёў ні многа ні мала – каля трох гадоў свайго жыцця. Нездарма яго празвалі чалавекам-амфібіяй.

Праблемы са зрокам у Ігара пачаліся з дзяцінства, а да чатырнаццаці гадоў ён атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Хлопец успамінае: «Колькі сябе памятаю, мне заўсёды прапісвалі акуляры. Калі пайшоў у школу, рэкамендацыяй урача-акуліста было пасадзіць мяне ў сярэднім радзе за першую парту. Ужо тады была міяпія высокай ступені. Калі ж я дасягнуў падлеткавага ўзросту, апараты вызначэння вастрыні зроку паказвалі ад –17 да –19. Без карэкцыі карцінка моцна размытая. Бачу абрысы прадметаў і крыху колеру». Рэзкае пагаршэнне зроку дактары звязвалі з хуткім развіццём арганізма. Да шостага класа Ігар Бокій пайшоў у рост–выцягнуўся да 190 сантыметраў (з тых часоў падрос усяго на пару сантыметраў). У адным з інтэрв’ю ён гаварыў: «Урачы забаранілі займацца спортам, а мне вельмі падабалася плаваць. Бацькі не пярэчылі супраць майго захаплення, але турбаваліся за здароўе. І тады мой трэнер Наталля Юр’еўна Пазнякова, пад кіраўніцтвам якой яшчэ ў Бабруйску я прыйшоў да звання майстра спорту, стала шукаць варыянты перавесці мяне ў паралімпійскі рух. З яе дапамогай гэта ўдалося».

У 19 гадоў Ігар Бокій стаў ганаровым грамадзянінам Бабруйска, а ў 23 гады яго партрэт размясцілі на паштовай марцы: у 2016-м Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарот паштовы блок «Медалісты XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра», дзе галоўнай аказалася выява Ігара. У 2019 годзе ажаніўся, у сям’і падрастае дзіця. А яшчэ ён з дзяцінства любіць сабак. Цяпер у яго іх дзве –нямецкая аўчарка і джэк-расел-тэр’ер. Адна жыве ў Бабруйску ў бацькоў, другая –у Мінску, дзе ў яго сям’і кватэра.

У паралімпійскім спорце Ігар Бокій працуе з трэнерам Генадзем Вішняковым. Упершыню яны сустрэліся ў басейне ў 2008 годзе. Настаўнік успамінае пра гэта так: «Хоць тады ён яшчэ быў зусім слабенькім, я як прафесійны трэнер усё ж разглядзеў у ім плыўца з вялікай літары. Калі высветлілася, што ў Ігара праблемы са зрокам, мы прынялі рашэнне займацца па паралімпійскай праграме. Першыя два гады трэніроўкі былі вельмі ашчаднымі, а пасля, калі спартсмен адужэў, ужо сталі працаваць больш якасна і прафесійна. Самае выдатнае ў Ігара – яго характар. У цяжкі момант ён умее сканцэнтравацца і дамагчыся максімальнай мабілізацыі. І чым мацнейшы сапернік, тым яна вышэйшая. Ён нікога не баіцца і заўсёды гатовы змагацца да апошняга метра дыстанцыі».

Шмат пытанняў і спрэчак выклікае прозвішча спартсмена, а дакладней, варыянты яе правільнага скланення: Ігара Бокія або Бокага? Сам чэмпіён на гэты конт выказваецца з гумарам, але катэгарычна: «Я ж не грузін! Правільна не Бокія, а Бокага! І ведаеце, вельмі непрыемна, калі прозвішча пішуць няправільна».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая