RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні працы будаўнічай галіны і сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі абмеркавалі ў Магаблвыканкаме

Нараду па выніках працы будаўнічай галіны і сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскай вобласці за першае паўгоддзе правёў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, якія курыруюць адпаведныя сферы, кіраўнікі будаўнічых і камунальных прадпрыемстваў рэгіёна.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, перад галінамі пастаўленыя задачы выконваць тыя даручэнні, якія даведзены рашэннем аблвыканкама і ўрадам.

«Сёння мы дэталізавалі асобныя напрамкі, закранулі ўвесь спектр пытанняў як у сферы будаўніцтва, так і ў сферы ЖКГ. Разгледзелі пытанні не толькі будаўніцтва, але і капітальнага рамонту жылля, замены цеплавых сетак, збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і іншыя. Калі ў цэлым даведзеныя вобласці заданні выконваюцца, то ў разрэзе рэгіёнаў, на жаль, ёсць пэўныя недахопы, на якія мы сёння звярнулі ўвагу, – расказаў падчас размовы з журналістамі Анатоль Ісачанка. – Асаблівая ўвага нададзена капрамонту жылля. Так, з-за няспрытнасці асобных кіраўнікоў, некаторыя жылыя дамы ў Магілёве, Бабруйску і асобных райцэнтрах ідуць па-за графікам і па-за тэрмінам. Зроблены пэўныя высновы, агучаны заўвагі, каб больш гэтага не паўтаралася».

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі асабліва адчувальныя для насельніцтва і патрабуюць выканання іх у абумоўленыя тэрміны.

Аб’ём будаўніча-мантажных работ па вобласці за студзень-чэрвень 2022 года склаў Br445,97 млн, або 110,5% у бягучых цэнах да аналагічнага перыяду 2021 года. Тэмп росту ў супастаўных цэнах – 96,5%. У студзені-чэрвені 2022 года значна скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года аб’ёмы будаўніча-мантажных работ па аб’ектах інвестыцыйнай праграмы па рэгіёне. Так, аб’ём будаўніча-мантажных работ па аб’ектах рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмы склаў Br34,6 млн (у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года аб’ём паменшыўся на Br18,8 млн).

За студзень-чэрвень 2022 года аб’ёмы будаўніча-мантажных работ у адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага аблвыканкама выкананы на 111,2% (па заданні неабходна было выканаць Br401 млн, факт – амаль Br446 млн).

Гаворачы пра жыллёвае будаўніцтва, Генадзь Дзенгалёў пазначыў, што Магілёўскай вобласці даведзена заданне па ўводу ў эксплуатацыю 330 тыс. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў, у тым ліку – 143 тыс. кв. м з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнай падтрымкі. Неабходна палепшыць жыллёвыя ўмовы 1096 шматдзетным сем’ям. На фінансаванне будаўніцтва жылля ў рэгіёне выдзелена звыш Br134 млн крэдытных рэсурсаў.

«У першым паўгоддзі ў Магілёўскай вобласці ўведзена ў эксплуатацыю без малога 110 тыс. кв. м, або 95,1% да задання (115,5 тыс. кв. м), у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай – звыш 31 тыс. кв. м, або 96,6% да задання (крыху больш за 32 тыс. кв. м), – расказаў намеснік старшыні. – Ужо палепшылі жыллёвыя ўмовы 309 шматдзетных сем’яў, для іх пабудавана 334 кватэры плошчай больш за 22,2 тыс. кв. м, або 28,2% да гадавога задання».

Абмяркоўваліся на нарадзе і прычыны невыканання асобнымі гаррайвыканкамамі заданняў па ўводзе жылля за першае паўгоддзе 2022 года, аб’ёмы падрадных работ, пытанні фінансавання будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры, рэалізацыі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» і іншыя.

У другім паўгоддзі стаяць задачы нагнаць адставанне па асваенні бюджэтных сродкаў, асвоіць Br14,8 млн сродкаў рэспубліканскага бюджэту і Br205,4 млн сродкаў абласнога бюджэту. Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю сацыяльна значныя аб’екты: інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы № 1, помнік архітэктуры XVIII–XIX стагоддзяў – палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, радыелагічны корпус № 3 абласнога анкалагічнага дыспансера ў Магілёве, свінагадоўчы рэпрадуктар у Клімавіцкім раёне, а таксама завяршыць рэканструкцыю лячэбнага корпуса і паліклінікі Слаўгарадскай ЦРБ і забяспечыць запуск руху па аб’екце «Паўднёва-заходні абыход горада Магілёва».

Акрамя таго, на нарадзе абмеркавалі працу прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскай вобласці за першае паўгоддзе 2022 года. На сённяшні дзень галіна жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці прадстаўлена 47 арганізацыямі, у сістэме занята 16,2 тыс. чалавек.

Сістэма ЖКГ рэгіёна стабільна працуе. У першым паўгоддзі 2022 года выручка вырасла на 9,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года (на Br28,8 млн), бізнес-план выкананы на 101,5% ад задання першага паўгоддзя, атрымана Br4,1 млн чыстага прыбытку (у 1,3 раза больш за аналагічны перыяд 2021 года).

Для забеспячэння камфортных умоў пражывання насельніцтва, аднаўлення тэхнічных якасцяў і захавання эксплуатацыйнай надзейнасці жыллёвага фонду забяспечаны ўвод у эксплуатацыю 140 тыс. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту (108,9% ад задання).

Выкананы паказчык па замене ліфтаў. Па выніках першага паўгоддзя заменена 39 ліфтаў пры заданні 38 (102,6%). Рэалізавана вобласцю і заданне па замене цеплавых сетак – 123% (пры плане 19,93 км, па факце – 24,5 км). Адрамантавана (рэканструявана) па выніках паўгоддзя 81 прыдамавая тэрыторыя, пры заданні – 41. Па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў пры даведзеным плане ў 45 тыс. тон фактычна сабрана 46,5 тыс. тон.

На нарадзе таксама вызначылі шэраг мерапрыемстваў на наступны год, якія тычацца распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, падрадных арганізацый, фінансавання. Акрамя таго, было агучана пытанне далучэння да абласнога УКБ праектнай арганізацыі. Як растлумачыў Анатоль Ісачанка, гэта пытанне абмяркоўвалася з кіраўніком дзяржавы і ў якасці эксперыменту будзе рэалізавацца ў Магілёўскай вобласці.

«Мы намецілі планы па ўсіх напрамках і возьмем іх на кантроль. А каб не ўзнікала негатыўных момантаў, кожны павінен добрасумленна выконваць тыя задачы, якія перад ім стаяць», – рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая