RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рашэнне зямельнай спрэчкі цікавіла грамадзян, якія звярнуліся на асабісты прыём да губернатара

Асабісты прыём грамадзян правёў 10 студзеня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Зямельная спрэчка прывяла да яе жыхароў Магілёўскага раёна.

Як расказала жанчына, у 2002 годзе яны з мужам купілі дом з участкам. Агароджа на той момант ужо была ўстаноўлена з усіх бакоў. У папярэдняга гаспадара мелася зямельная справа. Усе дакументы былі адразу ж перааформлены. У 2011 годзе ўзнікла неабходнасць прыбудаваць да дома гараж, на што таксама былі атрыманы неабходныя дазволы, аформлена тэхнічная дакументацыя, своечасова ўсё ўзаконена. А ў 2019 годзе сям'я вырашыла дом прадаць. Аднак патэнцыйныя пакупнікі звярнулі ўвагу на неадпаведнасць межаў участку. Па словах заяўнікаў, адны з суседзяў самавольна занялі частку іх тэрыторыі. Каб вырашыць пытанне, уласнікі звярнуліся ў сельскую раду, а пасля прайшлі шэраг іншых інстанцый, у тым ліку - ініцыявалі выязную камісію Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Па выніку работы якой было выдадзена заключэнне, якое пацвярджае парушэнні пры ўстаноўцы межаў зямельных участкаў. Затым па ўзгадненню суда і запрошаных экспертаў вынесена рашэнне аб тым, што зямельныя справы аформлены з парушэннем.

«Пасля таго, як была адменена дзяржрэгістрацыя змены межаў, у адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам у 2023 годзе зямельную спрэчку разглядаў Магілёўскі райвыканкам. Выканкамам была складзена схема і вызначана мяжа паміж двума ўчасткамі з месцазнаходжаннем забудоў», – патлумачыла прысутная на прыёме начальнік галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Магаблвыканкама Ірына Петручэня.

Аднак заяўнікаў не задаволіў такі варыянт, яны працягнулі настойваць, што суседзям дасталася частка іх тэрыторыі. На што Ірына Петручэня ўдакладніла, што пры ўстанаўленні граніц ранейшаму землекарыстальніку ў дзяржаўным акце ўказаны сумежныя землекарыстальнікі, але ў схеме прывязкі да цвёрдых контураў мясцовасці ў месцы спрэчнай тэрыторыі абазначаны праход паміж двума ўчасткамі. Акрамя таго, папярэдняму землекарыстальніку дазвалялася будаўніцтва на тэрыторыі 15 сотак, па факце пры продажы цяперашнім карыстальнікам дасталася без малога 19 сотак.

«У дадзенай сітуацыі я бачу толькі адно рашэнне, - пракаментаваў Анатоль Ісачэнка, выслухаўшы довады заяўнікаў і тлумачэнні спецыялістаў. - Лічу неабходным падняць дакументы на момант пакупкі. Падключыць да вывучэння сітуацыі праектны інстытут Белгіпразем, агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, упраўленне землеўпарадкавання Магаблвыканкама і іншыя неабходныя структуры для таго, каб дакладна ўстанавіць межы зямельных участкаў. Пры неабходнасці прыцягнуць для кансультавання юрыстаў, спецыялістаў іншых службаў. І толькі пасля гэтага Магілёўскім райвыканкамам мусіць быць прынятае рашэнне. Калі двухмятровы праход тамака быў, тады, паводле заканадаўства, яго неабходна пакінуць і выразна пазначыць або падзяліць паміж суседзямі пароўну, пры іх згодзе. І толькі калі бакі не задаволіць такое рашэнне, яны змогуць аспрэчыць яго ў судзе. Іншага зыходу тут не бачыцца».

Анатоль Ісачэнка даў адказным службам даручэнні і яшчэ раз падкрэсліў: «Прыняць чыйсьці бок, не разабраўшыся дэталёва, недапушчальна. У кожнага з суседзяў будуць свае думкі і аргументы. Рашэнне павінна быць прынятае строга ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая