RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальныя СМІ павінны ў поўнай меры выкарыстаць новыя тэхналогіі для прасоўвання свайго кантэнту – Валерый Малашка

Рэгіянальныя СМІ павінны ў поўнай меры выкарыстаць новыя тэхналогіі для прасоўвання свайго кантэнту, рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Свежыя ідэі, аператыўнасць і актуальнасць інфармацыі, арыентаванасць на аўдыторыю – вось тыя складнікі, якімі павінны кіравацца сродкі масавай інфармацыі. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на семінары для дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі вобласці, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Варта адзначыць, што ў нашым рэгіёне праца ў сацыяльных сетках арганізаваная ўсімі СМІ. Агульны ахоп аўдыторыі складае больш за 160 тыс. падпісчыкаў і пастаянна расце. Многія рэдакцыі, напрыклад, «Бабруйскае жыццё», «Крычаўскае жыццё», актыўна вядуць і развіваюць шэсць і больш акаўнтаў у сацсетках і месенджарах. Усё большую папулярнасць набываюць мабільныя дадаткі. У гэтым напрамку актыўна працуюць радыё «Зефір FM» і «Шклоў ТБ». У студзені 2019 года інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці» зарэгістравала ў Міністэрстве інфармацыі сваё сеткавае выданне mogilevnews.by. Гэта інфармацыйны партал, які штодня расказвае аб падзеях і людзях Прыдняпроўскага краю. А сайт Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта стаў пераможцам інтэрнэт-прэміі «ТІБО – 2019».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі. Ён расказаў аб перспектыўных напрамках развіцця рэгіянальнай прэсы, падкрэсліўшы, што ўнікальнасць рэгіянальнага кантэнту забяспечвае яго запатрабаванасць у аўдыторыі. «Але гэта не гарантуе поспех мясцовага СМІ, калі няма высокай якасці журналісткай працы, няма цікавай для людзей падачы інфармацыі. А рост канкурэнцыі на рэгіянальных медыярынках толькі абвастрае праблему якасці кантэнту, асабліва гэта тычыцца лічбавых фарматаў», – канстатаваў Павел Лёгкі.

Семінар «Рэгіянальныя СМІ ў эпоху лічбавізацыі: фарматы і канкурэнтаздольнасць на медыярынку» праходзіць сёння ў Горках. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мінінфарма, мясцовага самакіравання, начальнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, кіраўнікі дзяржаўных рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі факультэта журналістыкі БДУ, запрошаныя эксперты ў сферы камунікацый. Праграмай семінара прадугледжана абмеркаванне пытанняў дзейнасці рэдакцый, правядзенне трэнінгаў і майстар-класаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам, Горацкі райвыканкам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая