RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэкордны ўраджай зялёнага гарошку вырасцілі ў Быхаўскім раёне

Рэкордны ўраджай зялёнага гарошку вырасцілі ў гэтым годзе аграрыі ў Быхаўскім раёне. Пра гэта расказаў галоўны аграном ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» Генадзь Варакса.

«На некаторых участках палёў Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода сярэдняя ўраджайнасць гароху склала амаль 72 ц/га, на асобных частках поля – да 90 ц/га. Такія паказчыкі – самыя высокія ў Беларусі. У сярэднім у нашай краіне збіраюць 30–35 ц/га, – адзначыў Генадзь Варакса. – Дамагчыся поспеху нам дапамагла навука, вопыт і самааддача калектыву. Работы ў палях цяпер ідуць кругласутачна і ў любое надвор’е».

Звычайна на адной расліне можна знайсці да 8 струкоў з гарохам. У гэтым годзе іх колькасць часам даходзіць да 20.

«Увесь ураджай, які мы тут выгадавалі, – экалагічны чысты. Мы выкарыстоўвалі мінімум угнаенняў –усяго 20% ад патрэбы. Падчас падрыхтоўкі глебы да сяўбы гароху выкарыстоўвалі барану. Пасля таго, як яна прайшла па полі першы раз, пачакалі 5 дзён – узышло пустазелле. Прайшлі яшчэ раз –гэта дапамагло пустазелле прыбраць. Пасля гэтага прыступілі да сяўбы. Пасля таго як гарох падрос, пустазелле практычна не расце, – расказаў падрабязнасці тэхналогіі галоўны аграном. – Мы рыхтаваліся да засушлівай вясны, таму насенне апусцілі ў глебу на 8 см. Для паляпшэння ўраджаю выкарыстоўвалі гумінавы прэпарат–выцяжку з каліфарнійскіх чарвякоў».

Зараз тут прыбралі трэць палёў. Адно з іх пераворваецца – рыхтуюць да новага, другога за сезон, пасеву гароху. Да работ прыступяць ужо праз некалькі дзён.

«За адзін дзень працы камбайнеры прыбралі 6 га і намалацілі 54 т. У гэтым годзе ўсяго пасеяна 380 га. У мінулым годзе гэты паказчык быў 700 га, ураджай пры гэтым склаў 1 тыс. т зялёнага гарошку», – расказаў галоўны аграном.

На дадзены момант у гаспадарцы прыбралі 150 га і намалацілі 750 т зялёнага гарошку і 21 т на насенне.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая