RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэктар БДСГА: аграрныя ВНУ павінны ўнесці свой уклад ва ўборачную кампанію

Аграрныя ВНУ павінны ўнесці свой уклад ва ўборачную кампанію гэтага года. Такім меркаваннем пасля вялікага рэспубліканскага селектара па пытаннях уборачнай кампаніі з журналістамі падзяліўся рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў.

«На нарадзе кіраўнік дзяржавы агучыў шэраг задач, якія стаяць перад аграрыямі ўсёй краіны, – сказаў Віталь Веліканаў. – Усе яны накіраваны на стварэнне харчовай бяспекі. Відаць, што да ўборачнай кампаніі рэгіёны падрыхтаваліся: ёсць тэхніка і працоўныя рэсурсы. Таму праблем з забеспячэннем нашай краіны збожжам не будзе, як і ва ўсе гады ў гісторыі суверэннай Беларусі».

Рэктар звярнуў увагу, што важнае пытанне, якое было ўзнята сёння на нарадзе, – кадравае. «Хто, як не аграрныя ВНУ, павінен уносіць уклад у важную ўборачную кампанію. Са свайго боку БДСГА накіравала ў гаспадаркі Магілёўскай і Віцебскай абласцей каля 150 студэнтаў. Хлопцы дапоўняць экіпажы вопытных камбайнераў, падключацца да азімай сяўбы. Студэнты, якія толькі скончылі першы курс і пакуль не маюць вадзіцельскіх пасведчанняў, таксама ўнясуць свой уклад у бітву за ўраджай – увойдуць у склад мабільных груп на мехдварах. Калі тэхніка будзе ламацца, што таксама ўласціва падчас уборкі, змогуць дапамагчы ў яе рамонце. Плюс пастаноўка тэхнікі на захоўванне, У верасні да вырашэння гэтай задачы мы таксама падключым нашых студэнтаў».

Віталь Веліканаў падкрэсліў, што гаспадаркі з радасцю прымаюць маладыя кадры. «Калі ўзнікне дадатковая патрэба ў кадрах, забяспечым заяўкі, – запэўніў ён. – Да таго ж, акадэмія выпусціла гатовых спецыялістаў, якія папоўнілі гаспадаркі краіны. З пераходам на чатырохгадовую падрыхтоўку сёлета ў нас фактычна двайны выпуск: зімовы і летні – больш за 1250 дыпламаваных спецыялістаў. Выпускнікі, якія вучыліся на бюджэце, размеркаваліся ў гаспадаркі і мінімум два гады будуць там працаваць. А вось пытанне іх замацавання – ужо задача кіраўніка і калектыву сельгаспрадпрыемства. Са свайго боку таксама будзем адсочваць сітуацыю».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў вялікі рэспубліканскі селектар па пытаннях уборачнай кампаніі. Сёння аб сітуацыі на месцах з абласных студый далажыў кожны губернатар, з цэнтральнай у Палацы Незалежнасці – профільны віцэ-прэм’ер. На сувязі таксама былі 118 раёнаў – старшыні райвыканкамаў, іх намеснікі па напрамку і кіраўнікі гаспадарак.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая