RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэпартаж з уборкі ўраджаю на эксперыментальным полі ў Александрыі: стаўка на азімы ячмень сыграла

На эксперыментальным полі ў ААТ «Александрыйскае» прыбіраюць ураджай азімага ячменю. Тут на 120 га – 4 віды новай для гаспадаркі культуры: сарты і гібрыды беларускай селекцыі і замежныя. І, як гавораць спецыялісты, першы ўраджай паказаў, што стаўка на азімы ячмень сябе апраўдала.

Плошча эксперыментальнага поля з азімым ячменем складае 120 га. Сёння тут з самай раніцы кіпіць праца: на ўборку выйшліа10 камбайнаў, 5 з якіх – новыя. На адвозцы – 8 адзінак тэхнікі. Аграрыі ўжо да канца дня скончаць уборку першага для гаспадаркі ўраджаю азімага ячменю.

 

Як расказаў галоўны аграном ААТ «Александрыйскае» Аляксей Слесараў, азімы ячмень вельмі нядрэнна сябе паказаў у гэтым годзе. «І мы бачым, што стаўка на азімы ячмень сябе апраўдала. І беларускія, і замежныя гатункі, і гібрыды добра перазімавалі. А для гэтай культуры – гэта вельмі важна. Да вясны падышлі добра, разгул стыхіі, ад якога ў гэтым годзе пакутавала наша вобласць, нязначна паклаў расліны – страты былі мінімальныя, – расказвае ён. – Аснова нашага эксперыменту ў тым, што мы высейвалі азімы ячмень, які спее ў розныя перыяды: ёсць больш раннія, сярэднія і пазнейшыя гатункі. Спачатку падышла «Тэрэза», дзесьці праз тыдзень – айчынны «Буслік». Такі падыход дазваляе граматна размяркоўваць час уборкі і нагрузкі на нашых механізатараў. Працэс ідзе паслядоўна. Таму, вядома, раю ўсім гаспадаркам так паступаць. Адно паспела – прыбралі, прыступілі да наступнага ўчастка».

Аляксей Слесараў падкрэсліў: эксперымент атрымаўся. Сярод усіх збожжавых азімы ячмень спее раней за іншых. «А гэта значыць, што мы раней атрымліваем першае зерне, якое так неабходна жывёлагадоўлі. Гэта і салома. А, акрамя гэтага, азімы ячмень – папярэднік азімага рапсу. Прыбяром – і можна рыхтаваць поле пад сяўбу ўжо на наступны год».

Увесь ураджай азімага ячменю ў «Александрыйскім» пойдзе на насенне. «Пакінем пад свае патрэбы неабходную колькасць пасяўнога матэрыялу, астатняе будзем рэалізоўваць гаспадаркам нашага раёна і вобласці. Азімага ячменю на ўсіх хопіць», – запэўнівае галоўны аграном.

У «Александрыйскім» прадумалі структуру пасеваў на наступны год: плошчы азімага ячменю ў гаспадарцы павялічацца больш чым у два разы.

Настрой на ўборачную ў «Александрыйскім» баявы. Усе нацэлены на высокія паказчыкі: і пачаткоўцы, і больш вопытныя камбайнеры, і вадзіцелі. Аграрыі разумеюць, што іх праца – гэта не толькі ўклад ва ўраджай сваёй гаспадаркі, раёна і вобласці, але і ўсёй краіны.

Дзмітрый Шаршнёў – ужо вопытны работнік. Гэтая ўборачная ўжо дзявятая ў яго працоўнай дзейнасці. У гаспадарцы Дзмітрый працуе 17 гадоў. Мужчына разумее, што на кожным камбайнеры ляжыць вялікая адказнасць.

«Бацька сказаў выразна: прыбраць усё, да аднага зярняткі. Працуем паволі, таму што цішэй едзеш – далей будзеш. Хутка ў полі не паедзеш, хуткасць уплывае на якасць уборкі ўраджаю, а страт дапускаць нельга, – дзеліцца Дзмітрый Шаршнёў. – Камбайн у мяне новы, толькі набылі сёлета – і адразу на новую культуру».

Вопытны камбайнер сачыў за ростам азімага ячменю з самай вясны – выязджаў на падкормкі. «Азімы ячмень – культура класная. Добра вырас, добра прыбіраецца. Гэта наша першае зерне. Жывёл карміць трэба, каб у людзей усяго ў дастатку было. Багаты год у нас будзе», – упэўнены Дзмітрый Шаршнёў.

Разам з ім на полі працуе камбайнер Аляксей Цітоў. Для яго гэта першая ўборка збожжавых. У гаспадарцы ён працуе з 18 гадоў, зараз яму 30. «Пайшоў працаваць у «Александрыйскае», таму што недалёка ад дома. Я сам родам з вёскі Сісенева. Вучыўся на трактарыста-машыніста, слесара па рамонце сельгасмашын і абсталявання і электразваршчыка, – расказвае ён. – Да гэтай уборачнай я больш займаўся транспартнымі працамі, такой сур’ёзнай тэхнікі не спрабаваў. Летась папрацаваў на кормаўборачным камбайне на нарыхтоўцы сенажу і ўборцы кукурузы. Здаецца, усё атрымалася нядрэнна, вопыту набраўся, і зараз ужо збожжаўборачны камбайн даверылі. Гэта складаная праца, таму што трэба прывыкнуць да габарытаў камбайна, ёсць шмат механізмаў, за якімі трэба сачыць і ў якіх трэба разбірацца».

Аляксей Цітоў расказаў, што больш вопытныя калегі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. «Чалавек, які да мяне працаваў на гэтым камбайне, дапамагаў мне рыхтаваць яго да ўборкі. Зараз у полі заўсёды ёсць тыя, хто гатоў прыйсці на дапамогу, калі нешта пойдзе не так. Працуем павольна, гонкі ладзіць нельга. У цэлым нічога складанага. Трэба сачыць за паказаннямі, хуткасцю. Але адразу за такі камбайн не сядзеш, спачатку трэба дзесьці папрацаваць, каб трохі руку напакаваць. Спартыўная цікавасць ва ўборцы ёсць, але пакуль сіламі мне мерацца рана, першы год на ўборцы. Буду пакуль падцягвацца за астатнімі. А калі ў наступным годзе прапануюць выйсці на ўборку збожжавых – абавязкова пагаджуся. Вось там ужо і паспаборнічаем!».

Малады камбайнер расказаў, што ўжо намалаціў каля 200 т. «Настрой баявы, з ураджаем будзем. Калі ўсё паспеем і своечасова прыбяром, будзем з хлебам. Мы для гэтага робім усё», – падкрэсліў ён.

Аляксей Цітоў – малады бацька. У яго і жонкі двое дзяцей, старэйшаму чацвёрты год, малодшай – годзік. «Вядома, жонцы дома з дзецьмі цяжкавата адной. Я позна прыходжу з працы, рана сыходжу. Але яна таксама спраўляецца. Усе ж разумеюць, што і на нашых плячах – адказнасць за агульны каравай, – адзначыў мужчына. – А яшчэ гэта магчымасць падзарабіць. Думаю, у зарплаце не пакрыўдзяць. Для майго камбайна, які ў полі шосты сезон, расцэнкі павінны быць нядрэннымі. Чым старэйшы камбайн, тым вышэйшыя расцэнкі, таму што рызык больш».

На ўборцы без каманднай працы – нікуды. Разам з камбайнерамі працуюць вадзіцелі, якія дастаўляюць сабранае збожжа на зернесушыльны комплекс. Хуткасць, своечасовасць і якасць падвозу – адзін са складнікаў паспяховай уборачнай кампаніі, упэўнены вадзіцель Андрэй Гарбалёў. Ён ужо 10 гадоў працуе ў «Александрыйскім», хоць сам родам з Магілёва.

«Так склалася жыццё, што пазнаёміўся з будучай жонкай, а яна ў мяне адсюль. У 2017 годзе нам далі ў Александрыі кватэру ў новым доме, дачка ў садок ходзіць, – расказаў мужчына. – Перад жнівом працаваў на корманарыхтоўцы. У нас адначасова ідуць іншыя палявыя працы: куды накіруюць раніцай на планёрцы, туды і еду. Мы працуем у адной камандзе каб своечасова прыбраць і без страт. Гэта ўжо дзясяты мой сезон у збожжаўборачнай».

У цэлым, дзеліцца Аляксей Слесараў, тэрміны ўборачнай кампаніі ў рэгіёне зрушыліся на пару тыдняў, аднак віды на ўраджай гэтага года ў аграрыяў добрыя. «Галоўнае зараз захаваць збожжа, не дапусціць страт, таму наша задача, як гаворыць кіраўнік дзяржавы, – жалезная дысцыпліна. Камбайнеры вопытныя, разумеюць, што яны працуюць не на хуткасць, а на якасць: агранамічная служба строга адсочвае выкананне тэхналагічнага рэгламенту», – падкрэсліў галоўны аграном.

На гэтым эксперыменты ў «Александрыйскім» не скончыліся. Наперадзе – ураджай азімага рапсу, што зараз даспявае на яшчэ адным полі. «У гэтым годзе ў якасці эксперыменту мы пасеялі тут 3 гатункі айчыннай селекцыі і 3 замежных гібрыдаў. І гэта зроблена для таго, каб вызначыць, які з варыянтаў прынясе вялікую ўраджайнасць. У гаспадарцы штогод высейваюць больш за 650 га. Да ўборкі азімага рапсу мы прыступім дзесьці праз тыдзень», – адзначыў Аляксей Слесараў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая