RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы год!» стартавала ў Магілёўскай вобласці

Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы год!» пройдзе ў Магілёўскай вобласці 7–31 снежня. Галоўнай мэтай мерапрыемства стане папярэджанне надзвычайных сітуацый у пераднавагодні перыяд, як паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошыых.

Акцыя будзе цікавая і пазнавальная як для падрастаючага пакалення, так і для дарослых людзей. Калі дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя, мерапрыемства пройдзе ў 4 этапы.

Першы стартуе 7–11 снежня. З забаўляльна-інфармацыйнай праграмай ратавальнікі наведаюць санаторыі, дамы ветэранаў, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мэтавая аўдыторыя – пенсіянеры. Праграмай запланаваны тэматычныя конкурсы і віктарыны, гульня «Крокі выратавання», бяспройгрышныя латарэі, дэманстрацыя фільмаў і ролікаў па тэматыцы АБЖ, лекцыі, накіраваныя на папярэджанне НС у пераднавагодне-калядны перыяд, правядзенне тэатра-экспромту з выкарыстаннем герояў мультфільма «Чароўная кніга МНС».

Падчас другой часткі – з 14 па 18 снежня – ратавальнікі адправяцца ў агульнаадукацыйныя ўстановы, установы пазашкольнай працы, сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя тэматычных конкурсаў, віктарын і гутарак, спецыяльна для дзяцей (а таксама іх бацькоў), валанцёры падрыхтавалі правядзенне крэатыўнай і папулярнай рэкламнай кампаніі «Поўны адрыў». Сутнасць яе заключаецца ў тым, што ва ўстановах адукацыі, а таксама ў месцах верагоднага з’яўлення непаўналетніх (кінатэатры, гандлёва-забаўляльныя цэнтры) будуць размяшчацца рэкламныя аб’явы ў форме рукі. На кожным яе пальцы паказаны тэлефонны нумар абласнога цэнтра бяспекі жыццядзейнасці. Таму, хто датэлефанаваўся, адкажа работнік МНС і раскажа пра небяспеку выкарыстання піратэхнікі.

Трэці этап акцыі – 21–24 снежня – будзе арганізаваны на навагодніх кірмашах, лядовых арэнах і катках, у дзіцячых установах аховы здароўя. Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы правядуць прафілактычныя гутаркі, падчас якіх усіх удзельнікаў чакаюць карысныя інфармацыйныя прызы і непаўторныя сэлфі.

Фінальныя мерапрыемствы акцыі запланаваны на 28–31 снежня. Гэтымі днямі Дзед Мароз і Снягурка адправяцца ў месцы масавага знаходжання людзей: буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры.

Сёлета запланаваны таксама асаблівыя «фішкі» акцыі, якія дазваляюць праводзіць мерапрыемствы дыстанцыйна:

– конкурс на самы лепшы відэаролік «Бяспечны Новы Год». Удзельнікам прапануюць самастойна падрыхтаваць відэаролік ці серыю відэаролікаў на тэматыку асноў бяспекі жыццядзейнасці і размясціць іх на ўласным канале YouTube (або на асабістай старонцы ў сацыяльных сетках) пад хэштэгам #БяспечныНовыГод. Палёт фантазіі, тэматыка і фармат не абмежаваныя.

– агляд-конкурс «Навагодні дызайн МНС». Жадаючым прыняць удзел прапануецца на выбар прадставіць свой навагодні дызайн кватэры (дома) або афармленне прысядзібнага ўчастка, навагодняга дэкору вокнаў. Зразумела, акрамя навагодняй атрыбутыкі, дызайн павінен несці бяспеку;

– акцыя «Бяспечная навагодняя карэспандэнцыя, пасылка!» – гэта адрасная паштовая рассылка навагодніх паштовак, буклетаў, календароў і тэматычных падарункаў ад МНС;

– правядзенне анлайн мерапрыемстваў з дапамогай Інтэрнэт-месенджараў (Skype, Viber, WhatsApp), відэаўрок бяспекі з выкарыстаннем анлайн-гульні «Крокі выратавання» і анлайн-віктарыны «Хто хоча стаць геніем бяспекі?».

Увага! 11 жніўня 2020 уступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №475 «Аб абароце піратэхнічных сродкаў», згодна з якой у Беларусі забаронены гандаль піратэхнічнымі вырабамі. Таму, калі будуць прадаваць піратэхніку, то толькі «з-пад палы», гэта значыць нелегальна, несертыфікавана, а, значыць, небяспечна!

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая