RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі праект «Уладар сяла» пачнецца 15 мая

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі дае старт рэспубліканскаму сямейнаму сельскагаспадарчаму праекту «Уладар сяла–2021» 15 мая, паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Юлія Зінкевіч.

«У Міжнародны дзень сям’і ў рэгіёнах краіны стартуе прыём заявак для ўдзелу ў папулярным маладзёжным сельскагаспадарчым праекце. За званне «Уладар сяла–2021» змогуць пазмагацца маладыя сем’і з дзецьмі, якія пражываюць больш за тры гады ў сельскіх населеных пунктах. Безумоўна, кожная сям’я павінна не толькі працаваць у сельскай мясцовасці, але і весці асабістую падсобную гаспадарку. Хочацца звярнуць таксама ўвагу на ўзроставы парог дарослых удзельнікаў конкурсу–хоць бы аднаму – мужуці жонцы – павінна быць не больш за 31 год на дзень удзелу ва ўсіх турах праекта. Свае заяўкі для ўдзелу ў праекце неабходна накіроўваць у раённыя камітэты БРСМ па месцы жыхарства. Ужо 15 чэрвеня мы даведаемся імёны прэтэндэнтаў на ўдзел у абласных турах», – расказала Юлія Зінкевіч.

Паводле яе слоў, праект «Уладар сяла» рэалізуецца як рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект з 2008 года і штогод аб’ядноўвае тысячы беларускіх сем’яў. Конкурс складаецца з трох асноўных этапаў: раённага, абласнога і фінальнага – рэспубліканскага, што дазваляе прыцягнуць максімальную ўвагу да ўдзелу ў праекце, папулярызацыі яго сярод сельскага насельніцтва.

«Абласныя туры праекта завершацца сёлета да 1 ліпеня, а рэспубліканскі фінал «Уладара сяла – 2021» адбудзецца 9 і 10 ліпеня на рэспубліканскім свяце «Купалле». Традыцыйна падрыхтоўка да фінальных мерапрыемстваў сельскагаспадарчага шоу– гэта цэлы рытуал. Спачатку сем’і змагаюцца за перамогу ў абласцях. Як і заўсёды, такія святочныя відовішчныя праграмы збіраюць не толькі паўфіналістаў і групы падтрымкі, але і вялізную колькасць гледачоў. Апошні штрых–шліфоўка праграмы перад фінішам. Дарэчы, з мінулага года «Уладар сяла» памяняў пастаянную прапіску на аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, таму рэспубліканскі фінал уключаны ў афіцыйную праграму свята «Александрыя збірае сяброў», – адзначыла сакратар ЦК БРСМ.

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» садзейнічае замацаванню маладых сем’яў на сяле, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы, падняцці прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванню сямейных традыцый і ўдасканаленню інстытута сям’і. Яго арганізатарамі выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая