У Бабруйскім раёне на ўборцы ўраджаю працуе пяць моладзевых экіпажаў. З адным з іх падчас рабочага візіту ў Бабруйскі раён пагутарыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка.
Кіраўнік адміністрацыі наведаў шэраг гаспадарак Бабруйскага раёна, азнаёміўся з працай аб’ектаў АПК і пагутарыў з механізатарамі на полі ААТ «Міхалёўская Ніва». Не ўтрымаўся Ігар Сяргеенка і ад магчымасці праехаць у кабіне камбайна разам з моладзевым экіпажам Канстанціна Манько і Пятра Чыгіра. Сядзець за штурвалам «Палесся» Ігару Сяргеенку ў жыцці ўжо даводзілася, аднак усё роўна эмоцыі перапаўнялі, як у першы раз.
«На камбайне працаваў вельмі даўно, яшчэ падчас вучобы, цэлы сезон правёў у якасці памочніка, – падзяліўся ён. – Сёння за штурвалам сядзеў малады хлопец, я – побач. Тэхніка ў хлопцаў падрыхтаваная, гэта добра. Было выдатна і цікава. Сёння радасна бачыць на ўборачнай моладзь».
У ААТ «Міхалеўская Ніва» – тры моладзевыя экіпажы, больш за ўсё ў раёне. Тут таксама працуюць Канстанцін Манько і Пётр Чыгір. Хлопцы працуюць разам упершыню, разуменне знайшлі хутка, ды і ўзрост у іх прыкладна аднолькавы. Косцю споўнілася 24 гады. Малады чалавек у гаспадарцы ўжо каля 8 месяцаў, хоць для яго гэта ўжо трэцяя ўборачная. Пасля вучобы ў БДУІР і вайсковай службы ўладкаваўся інжынерам-механікам. На гэтым жа прадпрыемстве кіроўцам на бензавозе працуе яго бацька.
Падчас уборачнай Канстанцін перасеў за штурвал камбайна – чаму б і не, калі патрэбна дапамога. Плюс да ўсяго прываблівае магчымасць дадатковага заробку. У полі ўжо больш за тыдзень – прыбірае пшаніцу, трыцікале. «Мне падабаецца праца механізатара – пакуль больш цікава, чым цяжка, – адзначыў Канстанцін. – Як правіла, працоўны дзень стартуе а 7 раніцы, а заканчваецца па-рознаму – як пойдзе, залежыць ад надвор’я. Звычайна з поля выязджаем да 22.00 гадзін».
Са старэйшымі калегамі моладзевы экіпаж ідзе ўшчыльную – імкнецца не адставаць, а ў перспектыве хлопцы хочуць нават выбіцца ў лідары на ўборачнай. На сёння іх намалот складае больш за 350 т збожжавых. «Стараемся, вядома, пераймаць вопыт старэйшых таварышаў, – кажа Канстанцін. – Як і ў любой працы, галоўнае – жаданне, без якога нічога не будзе. Прыкладзём усе сілы, каб паказаць сябе з найлепшага боку, спадзяёмся, што і надвор’е нам у гэтым паспрыяе. Мы сваю працу ведаем – за якасць і страты не хвалюемся».
19-гадовы Пётр Чыгір у гаспадарцы ўсяго толькі першы месяц, падзарабляе падчас канікул. Вучыцца на другім курсе БДСГА – будучы інжынер. «Праца на ўборачнай для мяне – вопыт карысны, – кажа ён. – Калі не атрымаецца ўладкавацца па прафесіі, пайду на камбайн. Для мяне гэта нават не шанец зарабіць, а магчымасць адчуць тэхніку. У гэтым мой інтарэс, таму і пайшоў на камбайн па сваім жаданні».
Дырэктар «Міхалёўскай Нівы» Алена Пацыенка запэўнівае, што ўраджаем гэтага года ў гаспадарцы задаволеныя: «Каравай збяром нядрэнны. Ужо адправілі ў засекі азімы рапс, атрымалі 17 ц/га. Ураджайнасць не высокая, але і не нізкая: займаем трэцюю пазіцыю ў раёне. Прыбіраем пшаніцу і азімае трыцікале. Працягласць гаспадаркі 50 км. Плошчы вялікія, адсюль і асаблівасці – прыбіраем адразу дзве культуры: калі ў адной частцы гаспадаркі ідзе дождж, пераязджаем на іншае поле. Азімы ячмень таксама прыбралі, ураджайнасць нас парадавала – 68 ц/га, таму ў наступным годзе плошчы пад пасевы гэтай культуры будуць павялічаны ў два разы».
Збожжавага кліну ў гаспадарцы налічваецца амаль 2,4 тыс. га, з палёў ужо вывезена 800 га. На сёння ўбрана больш за 26% асноўных культур. Працуе 8 камбайнаў, 6 машын задзейнічана на адвозцы збожжа.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе
10.04.2025 - 11:17