RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сацработнікі і моладзь Магілёўскай вобласці дапамагаюць пажылым і адзінокім людзям падрыхтавацца да зімы

У Магілёўскай вобласці сацработнікі і моладзь дапамагаюць пажылым і адзінокім людзям падрыхтавацца да зімы. Пра гэта расказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыя Шапнеўская.

«Сезонную дапамогу ўразлівым катэгорыям грамадзян па месцы жыхарства аказваюць працаўнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтая сістэма дакладна выпрацавана і запатрабавана ў пажылых людзей, якія жывуць адзінока, людзей з інваліднасцю, - адзначыла Марыя Шапнеўская. - З прыходам халадоў і стартам ацяпляльнага сезона такім людзям надаецца самая пільная ўвага, асабліва тым, хто пражывае ў сельскай мясцовасці. Пры неабходнасці сацыяльныя работнікі дапамогуць з уборкай прыдамавой тэрыторыі, нарыхтоўкай дроў на зіму. Актыўна да гэтай працы далучаюцца валанцёры - школьнікі і моладзь».

Як расказала дырэктар Чавускага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Карпекіна, у раёне пражываюць амаль 500 адзінокіх грамадзян, большая палова з якіх - у сельскай мясцовасці. «Таксама да тых катэгорый грамадзян, з якімі мы працуем, адносяцца і пажылыя людзі, якія адзінока пражываюць, у якіх ёсць дзеці, але яны не пражываюць разам з бацькамі. Такіх людзей крыху больш за 3 тыс., у вёсцы з іх пражывае больш за 50 працэнтаў. Таксама мы працуем з інвалідамі І і ІІ груп, якія не дасягнулі яшчэ пенсійнага ўзросту, а гэта 67 чалавек. Праца вядзецца з дзецьмі з інваліднасцю і іх сем'ямі, а таксама шматдзетнымі сем'ямі, - растлумачыла яна. - Сацыяльныя работнікі надаюць самую пільную ўвагу ўсім катэгорыям уразлівых грамадзян. Цяпер акцэнт робіцца на адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзях, а таксама на тых, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю».

Напярэдадні сезона халадоў у сацыяльных работнікаў нагрузка павялічваецца. «Пачынаецца ацяпляльны сезон: усе павінны быць на кантролі, усё павінна быць праверана - печкі, праводка ў доме. А з прыходам снега барацьба з наступствамі непагадзі таксама кладзецца на плечы нашых работнікаў, - адзначыла Наталля Карпекіна. - Нашы пажылыя грамадзяне яшчэ той загартоўкі, калі ўсё жадаюць рабіць саматугам, нават нягледзячы на тое, што гэта ўжо цяжкая праца для іх. У нас працуюць тэлефонныя лініі, ёсць паслугі па аказанні разнастайнай дапамогі. Паслугі платныя, але іх кошт пад'ёмны для пенсіянераў. Так, улетку да нас часта звяртаюцца з просьбай пакасіць траву. З прыходам халадоў попыт у людзей змяняецца: дзесьці трэба прыбраць апалае лісце, дапамагчы з нарыхтоўкай і складаваннем дроў».

Ні адна просьба аб дапамозе не застаецца без адказу. У асенне-зімовы перыяд на дапамогу сацыяльным работнікам прыходзяць валанцёры, найчасцей гэта моладзь і школьнікі. «Хлопцы арганізуюць свае акцыі, актыўна падключаюцца да нашай працы. Яны з задавальненнем ідуць убіраць лістоту на ўчастках, дапамагаць з дровамі, - дадала дырэктар цэнтра. - Такая валанцёрская падтрымка важная не толькі фізічнай дапамогай. Для пажылых людзей гэта магчымасць паразмаўляць з хлопцамі, падзяліцца з імі сваімі гісторыямі. Яны заўсёды вельмі чакаюць у госці, рыхтуюць гарачую гарбату, імкнуцца нечым пачаставаць. А нашае падрастаючае пакаленне мы вучым адказнасці і павазе, клопату аб тых, хто мае патрэбу ў дапамозе».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая