RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна: распрацоўшчыкі праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2025 года растлумачылі стратэгічныя кірункі гэтага важнага дакумента

У цэнтры ўвагі – чалавек

Асноўныя напрамкі праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады былі прэзентаваныя 18 студзеня ў Міністэрстве эканомікі галоўнымі распрацоўшчыкамі гэтага маштабнага дакумента. У яго падрыхтоўцы актыўна ўдзельнічалі не толькі дзяржорганы, але і бізнес-саюзы, грамадскія аб’яднанні, навуковая і экспертная супольнасць – усяго было праведзена больш за 35 розных дыялогавых пляцовак і круглых сталоў. Канчатковы варыянт праграмы зацвердзяць пасля Усебеларускага народнага сходу, калі будуць сабраны і прааналізаваны ўсе прапановы.

 

На лічбавай аснове

Разгорнутую характарыстыку асноўных кірункаў праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця прадставіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Распрацоўшчыкі вызначылі чатыры прыярытэты праграмы – шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што дзяржава працягне захоўваць сваю сацыяльную накіраванасць, галоўным па-ранейшаму застанецца рост дабрабыту людзей:

– Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, занятасці, цэнам, даступнасці жылля і высокатэхналагічных паслуг у ахове здароўя і адукацыі.

Плануецца, што рост ВУП за пяцігодку складзе 21,5 працэнтаў. Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва павялічацца на 20 працэнтаў, інвестыцыі – на 22 працэнты. Экспарт тавараў і паслуг у 2025 годзе складзе больш за 50 млрд долараў.

Другую рысу асноўных контураў праграмы міністр пазначыў так:

– У эканоміцы працягнем развіваць індустрыяльны патэнцыял у традыцыйных галінах – прамысловасці і сельскай гаспадарцы, але толькі на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове. Трэцяя рыса – трэба сфарміраваць новыя высокатэхналагічныя галіны і прадпрыемствы.

Для лічбавай трансфармацыі беларускай эканомікі прадугледжваецца стварэнне 7 лічбавых галіновых платформаў, у тым ліку ў сферах машынабудавання, сувязі, транспарту, адукацыі. Гэтыя тыпавыя платформы стануць асновай для ўкаранення лічбавых тэхналогій у вытворчай і сацыяльнай сферах.

Высокатэхналагічнай стане ў будучай пяцігодцы і медыцына ў рэгіёнах. Аляксандр Чарвякоў растлумачыў:

– Плануецца стварыць сетку з 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, якія будуць аснашчаны неабходным сучасным дыягнастычным абсталяваннем. Акрамя таго, прадугледжана лічбавізацыя медыцыны. Яе выбудуюць на ўкараненні адзінай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры на базе 5G. Інтэлектуальныя сістэмы дадуць магчымасць дыстанцыйнага маніторынгу здароўя, а тэлемедыцына і рабатызацыя – магчымасць правядзення высокатэхналагічных аперацый.

Рэгіянальнае развіццё

Лакаматывамі рэгіянальнага развіцця стануць абласныя цэнтры і гарады 80-тысячнікі. У праекце праграмы асобны блок прысвечаны рэгіянальнаму развіццю.

– Мэта – скараціць адрозненні ва ўзроўні і якасці жыцця людзей у нашых рэгіёнах. Лакаматывамі стануць абласныя цэнтры і гарады з насельніцтвам звыш 80 тысяч жыхароў. Развіваючы іх, будзем далучаць прылеглыя раёны і фарміраваць агульны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс.

Гаворачы аб прыярытэтах развіцця, Аляксандр Чарвякоў растлумачыў:

– Мінск і абласныя цэнтры сканцэнтруюцца на прыцягненні інвестыцый у высокатэхналагічную вытворчасць, для гэтага ў іх ёсць і вытворчы, і навукова-даследчы патэнцыял. Да гэтага пытання будзе падключацца і прыватны бізнес, яму для гэтага прапануем вытворчыя пляцоўкі дзяржпрадпрыемстваў, удзел у праграмах імпартазамяшчэння і кааперацыйных ланцужках з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі.

Іншая задумка ў дачыненні да рэгіёнаў.

– У гарадах з насельніцтвам звыш 80 тысяч жыхароў з’явяцца індустрыяльныя пляцоўкі, падрыхтаваныя па прынцыпе «апошняй мілі» – з гатовай інжынернай інфраструктурай. У малых і сярэдніх гарадах, сельскіх раёнах стаўку будзем рабіць на паглыбленую перапрацоўку мясцовых рэсурсаў, сельскагаспадарчай прадукцыі – і стварэнне прадпрыемстваў на гэтай аснове. Такія праекты ўжо маюцца, плануем у кожным раёне стварыць адзін-два прадпрыемствы, падключыўшы таксама да гэтай працы малы і сярэдні бізнес.

Карпаратыўны падыход

У Беларусі прадугледжваецца стварэнне новай арганізацыйнай структуры – дзяржаўных карпарацый, на аснове аб’яднання па прынцыпе вытворчых ланцужкоў ад вытворцы сыравіны да канчатковага прадукту.

– На пачатковым этапе прапрацоўваем стварэнне 7 дзяржаўных карпарацый у прамысловым сектары. Гэта дазволіць аб’яднаць рэсурсы і скараціць выдаткі, па-новаму вырашаць пытанні з фінансавым аздараўленнем шэрагу арганізацый, павысіць аддачу ад дзяржаўных актываў – у першую чаргу за кошт удасканалення сістэмы кіравання імі. Канчатковая мэта – выбудаваць такую рацыянальную схему ўзаемадзеяння паміж прадпрыемствамі, каб ствараць і прадаваць не проста тавар, а поўны прадуктовы комплекс, выходзіць на рынкі сістэм і машын, сістэм гарантыйнага і постгарантыйнага іх абслугоўвання.

Аляксандр Чарвякоў паведаміў:

– Ужо адпрацаваныя перспектывы па першай пілотнай дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання, якая аб’яднае каля 30 прадпрыемстваў з агульным аб’ёмам выручкі больш за 3 млрд рублёў. Плануем, што яна стане значным іграком на сусветным рынку сельскагаспадарчай тэхнікі.

У новую пяцігодку Беларусь чакае таксама кластарызацыя – навацыя, якая аб’ядноўвае навуку, прыватны бізнес і буйныя кампаніі з мэтай стварэння інавацыйнага прадукту. Паводле слоў міністра, у рэгіёнах кластары з’явяцца ў найбольш перспектыўных сферах – біятэхналогіі і зялёная эканоміка, аграрныя тэхналогіі, хімія і нафтахімія, прыбора- і аўтамабілебудаванне. Усяго плануецца стварыць 13 кластараў.

Прыярытэт – шчаслівая сям’я

Умацаванне інстытута сям’і, садзейнічанне занятасці, годная аплата працы, актыўнае даўгалецце – асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў новай пяцігодцы. Больш падрабязна пра гэта расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч:

– У цэнтры ўвагі – чалавек, узровень і якасць яго жыцця. Асноўныя напрамкі вызначаны. Гэта ўмацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу, садзейнічанне эфектыўнай занятасці, устойлівы рост даходаў, клопат аб старэйшым пакаленні. Прыярытэт – шчаслівая сям’я.

Важнымі прыярытэтамі таксама будуць стымуляванне нараджальнасці (у першую чаргу – шматдзетныя сем’і) і ўмацаванне інстытута традыцыйнай сям’і. Працягне развіццё і праграма сямейнага капіталу, якая ўжо пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Па словах Ірыны Касцевіч, ёсць шэраг прапаноў па выкарыстанні капіталу датэрмінова.

Акрамя таго, з’явяцца дадатковыя стымулы для нараджэння ў сем’ях другіх і наступных дзяцей. Сярод іх – рашэнне жыллёвага пытання, рэінтэграцыя маці на рынак працы, гнуткія формы занятасці. Разглядаецца і магчымасць распаўсюджвання праграмы пры нараджэнні другіх дзяцей.

– Калі мы прастымулюем нараджэнне другіх дзяцей, тым самым створым нізкі старт для пераходу на ўзровень шматдзетнай сям’і. Таму плануем у бягучай пяцігодцы разгледзець эканамічную магчымасць распаўсюджвання сямейнага капіталу і на другіх дзяцей.

Для забеспячэння балансу «сям’я-праца» плануецца развіваць паслугі па раннім доглядзе дзяцей. Размова не толькі аб дзяржаўных дзіцячых садках, але і аб малых формах занятасці, дзіцячых мінісадках. Жанчынам таксама гатовы забяспечыць гнуткія формы занятасці, асабліва шматдзетным. Так, на працягу гэтага года будзе падрыхтавана змяненне ў Працоўны кодэкс, якое прадугледжвае альтэрнатыўную (на выбар жанчыны) форму: узяць дадатковы аплачваемы выхадны або скараціць працоўны дзень на 1 гадзіну.

Рост рэальных даходаў

Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва ў намінальным выражэнні ў новай пяцігодцы павінны вырасці мінімум у 1,2 разы. Шляхі рэалізацыі гэтай мэты – аплата працы і пенсійнае забеспячэнне. У частцы аплаты працы плануецца забяспечваць рост зарплаты за кошт прадукцыйнасці працы. Будзе таксама рэалізаваны комплекс мер па зніжэнні разрыву з сярэднегаліновым узроўнем, павялічана зарплата асобных катэгорый работнікаў бюджэтнай сферы, устаноўлены памер мінімальнай заработнай платы (МЗП) не менш за 30 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы ў эканоміцы. Базавая стаўка плануецца на ўзроўні не менш як 55 працэнтаў да ўзроўню МЗП.

– Што тычыцца аплаты працы, задача на пяцігодку – забеспячэнне яе росту за кошт прадукцыйнасці працы. Пры гэтым акцэнт мы будзем рабіць адрасна на тых арганізацыях дзяржсектара, а можа, і прыватнага, дзе сапраўды сур’ёзны разрыў у заработнай плаце з сярэднегаліновым значэннем 2020 года, – удакладніла Ірына Касцевіч.

У прыватнасці, з’явіцца цэлы комплекс мер менавіта па такіх прадпрыемствах, які дазволіць скараціць разрыў у зарплаце. Акрамя таго, будзе расці заработная плата ў бюджэтнай сферы (дыферэнцыравана па асобных катэгорыях).

– Цяпер мы гаворым аб павышэнні зарплаты не толькі ўрачоў і настаўнікаў, але і прафесарска-выкладчыцкага складу, такіх нізкааплатных катэгорый, як работнікі фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага абслугоўвання, сферы культуры.

У прыватнасці, у работнікаў сферы культуры і сацыяльных работнікаў да канца 2025 года суадносіны павінны скласці 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне (прырасці на 38 працэнтных пунктаў).

Пенсійнае забеспячэнне будзе развівацца па двух напрамках: фарміраванне эфектыўнай шматузроўневай пенсійнай сістэмы і павышэнне прывабнасці інструментаў фінансавага рынку сярод насельніцтва (фінансавая граматнасць грамадзян). Ірына Касцевіч падкрэсліла, што дзяржава не здымае з сябе абавязацельствы развіваць і далей салідарную сістэму, забяспечваючы дзяржаўныя пенсіі грамадзян ва ўвязцы з заработнай платай канкрэтнага чалавека і яго працоўным стажам. Разам з тым у планах – узмацніць дыферэнцыяцыю ў памерах пенсій паміж уладальнікамі высокіх і нізкіх заробкаў.

Жыллё – новае і даступнае

У новай пяцігодцы нададуць больш увагі будаўніцтву індывідуальнага жылля. Як расказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, комплексную індывідуальную забудову плануецца весці адным забудоўшчыкам, у тым ліку для ўпарадкавання і паляпшэння архітэктурнага аблічча населеных пунктаў. Устанаўленне мараторыя на выдзяленне грамадзянам зямельных участкаў пад будаўніцтва індывідуальнага жылля без наяўнасці інжынерна-транспартнай інфраструктуры дапаможа вырашыць праблему масавых даўгабудаў.

Адным з напрамкаў жыллёвай палітыкі будзе развіццё гарадоў-спадарожнікаў і прынцып зваротнай міграцыі насельніцтва ў малыя і сярэднія гарады. Прычына досыць банальная: чым большы горад, тым большая ў ім чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетных сем’яў. Плануецца прапаноўваць грамадзянам, якія нядаўна былі прынятыя на ўлік маючых патрэбу і якім трэба будзе ў абласным цэнтры стаяць у чарзе яшчэ гады, палепшыць свае жыллёвыя ўмовы без чаргі ў малых і сельскіх населеных пунктах, колькасць жыхароў якіх не перавышае 20 тысяч.

Пры гэтым іх права на атрыманне дзяржпадтрымкі будзе захаванае ў абавязковым парадку, адзначыў Руслан Пархамовіч:

– На нашу думку, гэта спыніць прырост маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, якія знаходзяцца на ўліку 10 і больш гадоў.

Усё новае жыллё будзе энергаэфектыўным. Увод у эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў з выкарыстаннем электрычнай энергіі для водацеплазабеспячэння, падрыхтоўкі ежы складзе не менш за 30 працэнтаў ад агульнага аб’ёму пабудаванага жылля да канца пяцігодкі.

Даступнасць жылля плануецца пашырыць за кошт арэнды, стымулюючы яго аб’ём праз рынкавыя механізмы, у тым ліку прыцягненне прыватнага капіталу.

Міністр таксама звярнуў увагу на важны момант:

– Цэнам на жыллё будзе надавацца пільная ўвага. Сярэдні кошт аднаго квадратнага метра, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, не перавысіць сярэдняй заработнай платы па краіне ў планаваным перыядзе. Дарэчы, зададзены параметр утрымліваецца апошнія 4 гады. У выніку ўзровень забяспечанасці жыллём да 2025 года складзе не менш за 28,5 квадратных метраў на чалавека.

Рэалізацыя жыллёвай палітыкі будзе праходзіць за кошт забудовы тэрыторый з акцэнтам на стварэнне экалагічна спрыяльных умоў жыццядзейнасці, камфортнага асяроддзя пражывання, з захаваннем існуючых прыродных комплексаў, а таксама развіццём безбар’ернага асяроддзя, неабходнага для сацыяльнай інтэграцыі і самастойнай дзейнасці ўсіх катэгорый грамадзян, уключаючы фізічна аслабленых людзей.

Зялёнае будаўніцтва

Укараненне прынцыпаў зялёнага будаўніцтва будзе весціся распрацоўкай адпаведных нацыянальных стандартаў, развіццём добраахвотнай сертыфікацыі будаўніцтва і аб’ектаў па гэтых стандартах, якія забяспечваюць зніжэнне нагрузкі працэсу будаўніцтва і пабудаваных аб’ектаў на навакольнае асяроддзе. Павышэнне якасці будаўніцтва аб’ектаў плануецца забяспечыць праз далейшае развіццё сістэмы кіравання праектамі і дынамічнай лічбавізацыі будаўнічай галіны. Яе будуць рэалізоўваць укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, якія дазволяць сфарміраваць адзінае асяроддзе ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, інвестараў, мясцовых органаў улады, эксплуатуючых, будаўнічых і іншых арганізацый. Указаны падыход рэалізуецца з дапамогай дзяржаўнага будаўнічага партала, які пачне функцыянаваць ужо ў бягучым годзе.

Усё гэта, адзначыў міністр, дазволіць не толькі скараціць тэрміны рэалізацыі праектаў, палепшыць якасць, але і павялічыць інвестыцыйную прывабнасць будаўнічай галіны, а таксама атрымаць шырокія магчымасці выхаду на знешнія рынкі для беларускай будаўнічай прадукцыі.

Зялёныя тэхналогіі, якія спрыяюць ўстойліваму развіццю галіны і памяншэнню нагрузкі на навакольнае асяроддзе, не абыдуць бокам і прамысловасць будаўнічых матэрыялаў.

– Ужо праводзяцца работы па арганізацыі выпуску экалагічна бяспечнай шкляной упакоўкі для харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў. Цэментная прамысловасць з першага года пяцігодкі, цесна узаемадзейнічаючы з камунальнымі арганізацыямі, пачне практычнае прымяненне паліва з камунальных адходаў у вытворчасці цэменту. Гэта дазволіць паменшыць аб’ёмы бытавых адходаў, якія штодня вывозяцца на звалкі і палігоны, а таксама знізіць закупкі імпартных паліўных рэсурсаў, – растлумачыў міністр.

У найбліжэйшы час асноўным дакументам, які рэгулюе будаўнічую дзейнасць, стане Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці» – поўны і зразумелы збор правілаў па вядзенні будаўніцтва для ўсіх яго ўдзельнікаў, ад грамадзян да органаў кіравання.

У цяпле і камфорце

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель у сваім выступе асабліва падкрэсліў: у Беларусі ўдалося захаваць даступнасць паслуг ЖКГ. У сярэднім грамадзяне трацяць на іх менш за 5 працэнтаў ад сваіх прыбыткаў. Для параўнання: у Расіі – каля 11 працэнтаў, у краінах Прыбалтыкі – 20–35 працэнтаў, ва Украіне – да 40 працэнтаў. Пры гэтым узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на камунальныя паслугі па выніках мінулага года ацэньваецца на ўзроўні 83 працэнтаў. Субсідуюцца толькі гарачае водазабеспячэнне і ацяпленне.

Пры гэтым Андрэй Хмель адзначыў: ёсць яшчэ вялікі патэнцыял для павышэння якасці паслуг ЖКГ. Адна з ключавых – водазабеспячэнне. На жаль, яшчэ не ва ўсіх грамадзян з крана цячэ зусім чыстая пітная вада. Але ўзровень забяспечанасці ёю за папярэднія пяць гадоў удалося павялічыць на 8 працэнтных пунктаў, да 94,2 працэнта ахопу насельніцтва. Па вялікім рахунку, гэта вельмі высокі паказчык нават для развітых краін. Яго ўдалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы абнаўленню сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. Штогод іх пракладаецца 300 і 100 кіламетраў адпаведна. Такія ж тэмпы плануецца захаваць і ў наступнай пяцігодцы. Актыўна ўводзяцца ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання вады. У 2019 годзе пабудавалі 269 станцый, у 2020-м – 277. За найбліжэйшыя пяць гадоў плануецца пабудаваць яшчэ 800 такіх аб’ектаў, стварыць каля 300 водазаборных свідравін і перападключыць да іх больш за 100 населеных пунктаў. Стаіць сур’ёзная задача па пераводу Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц.

Надзейнасць цеплазабеспячэння – яшчэ адзін важны аспект працы ЖКГ. Штогод жыллёва-камунальныя арганізацыі плануюць замяняць не менш за 4 працэнты працягласці цеплавых сетак, каб павысіць надзейнасць сістэмы, знізіць аварыйнасць і скараціць страты цяпла ў сетках да 9 працэнтаў. У 2015 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 13,8 працэнта, у мінулым – 10 працэнтаў.

У цэлым за мінулыя гады ўдалося не пагоршыць тэхнічны стан жыллёвага фонду, запэўніў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У апошнія гады аб’ёмы капітальных рамонтаў жылых будынкаў пастаянна павялічваліся і дасягнулі 2,7 працэнта ад агульнага аб’ёму плошчаў абслугоўвання ў мінулым годзе. У гэтым плануюць выйсці на паказчык 3 працэнты і ўтрымліваць яго ў далейшым. У мінулым годзе завершана праграма па паскоранай замене ліфтаў у шматкватэрных дамах. Усяго іх замянілі больш за 11,5 тысячы адзінак. У гэтай пяцігодцы МЖКГ пераходзіць на планавы графік: да 2025 года плануецца замяніць больш за 4,7 тысячы ліфтаў, якія выпрацавалі свой тэрмін эксплуатацыі. Таксама плануецца штогод рамантаваць не менш за 2 працэнты дваровых тэрыторый.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая