RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шэдэўры Левітана і Бялыніцкага-Бірулі з Траццякоўкі ўпершыню выставяць у Магілёве

У Магілёве 11 кастрычніка пройдзе выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Траццякоўскай галерэі (Масква) «Круг Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі». Пра гэта паведаміла загадчыца філіяла НММ Музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі Святлана Строгіна.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 20 твораў мастакоў з кола калег, сяброў і паплечнікаў Вітольда Каэтанавіча, якія былі побач з ім на працягу ўсяго жыцця. У прыватнасці, наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад адной з самых вядомых работ Ісаака Левітана «Над вечным спакоем» (Траццякоўская галерэя). Сам аўтар лічыў, што гэта самы ўдалы твор, які раскрывае яго светапогляд. Сюжэт ён падгледзеў на дачы «Чайка» (зараз музей на беразе возера Удомля, філіял Цвярской абласной карціннай галерэі), калі гасцяваў у свайго калегі і сябра Бялыніцкага-Бірулі. Па-майстэрску перадае ўсю паўнату зачаравання звычайнага пейзажу Левітан і ў працы «Квітнеючыя яблыні» (НММ). Гэтаму – знайсці незвычайнае ў звычайным – ён вучыў і Вітольда Каэтанавіча.

На выставе пакажуць і адну з найлепшых работ Ігара Грабара «Лютаўскі блакіт», «Мужыкі» Аляксандра Маравава, «Ля перавоза» Мікалая Багданава-Бельскага (НММ), «на Поўначы» Абрама Архіпава, «Чырвоны пакой» Станіслава Жукоўскага, «З’ехалі» Аляксея Сцяпанава (Траццякоўская галерэя) і іншыя. Усе пералічаныя мастакі таксама не раз бывалі на дачы «Чайка» ў Бялыніцкага-Бірулі. У іх гонар на Удомельскай зямлі ўстаноўлены памятны знак.
Адно з цэнтральных месцаў, вядома, адвядуць творчасці Бялыніцкага-Бірулі. З Траццякоўкі прывязуць яго вучнёўскую працу «з ваколіц Пяцігорска», якую ў 1892 году купіў для сваёй галерэі вядомы калекцыянер Павел Траццякоў, што вельмі рэдка здаралася з працамі маладых мастакоў. З фондаў Нацыянальнага мастацкага музея будзе прадстаўлена адна з найлепшых прац Вітольда Каэтанавіча «Зімовы сон», за якую ён атрымаў бронзавы медаль на Міжнароднай выставе ў Барселоне, а таксама лірычныя пейзажы «Хмурны дзень» і Квітнеючы сад». Дарэчы, у Нацыянальным мастацкім музеі самая вялікая калекцыя народнага мастака БССР і РСФСР – больш за 400 жывапісных твораў.

«Супрацоўніцтва з Траццякоўкай не выпадкова. Мы даўно сябруем і маем зносіны з калегамі і дастаткова доўга ішлі да гэтага сумеснага праекта, – адзначыла Святлана Строгіна. – Цяпер гэта стала магчымым дзякуючы праведзенай рэканструкцыі і рэстаўрацыі нашага музея, які, абнавіўшы экспазіцыі, пасля пяцігадовага перапынку адкрыў дзверы».

Выстава будзе працаваць да канца лістапада. Наступны сумесны з расійскімі калегамі праект – выстава з музея-сядзібы аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў рускага жывапісу Васіля Паленава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая