RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шэсць дзён музычнага фестывалю «Залаты шлягер» у Магілёве будзе насычана канцэртнымі праграмамі

Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» пройдзе ў Магілёве 31 кастрычніка – 5 лістапада. Усе канцэрты будуць праводзіцца на пляцоўцы Палаца культуры вобласці. Пачнецца музычны форум з юбілейнага канцэрта гурта «Любэ».

Усе шэсць дзён фестывалю будуць насычаны канцэртнымі праграмамі, у якіх прымуць удзел зоркі эстрады. Так, 1 лістапада на ўрачыстым адкрыцці выступяць беларускія артысты Анатоль Ярмоленка, Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, гурт «Лялькі Карпарэйшн», «Атлантыка», ансамбль «Сябры», Premier Orchеstra, расійскія выканаўцы Кацярына Шаўрына, Таццяна Буланава, Ігар Саруханаў, Сасо Паўліяшвілі, гурт «ПМ», а таксама Joander Santos (Бразілія), Sy Smith (ЗША), Кевін МакКой (Bad Boys Blue (Германія).   

Падчас форума пройдзе сольны канцэрт Валерыя Меладзэ. Перад гледачамі выступіць Бранскі губернатарскі сімфанічны аркестр. Арганізатары таксама падрыхтавалі праграму «Джаз без межаў». Завершыць фестывальны марафон Рышар Гальяна з Францыі ў суправаджэнні заслужанага калектыву Беларусі аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова.

На працягу ўсяго музычнага свята ў выставачнай зале будзе працаваць фотавыстава «Па старонках “Залатога шлягера” мінулых гадоў». Удзельнікі фестывалю змогуць пасадзіць дрэвы на тэрыторыі каля Палаца культуры вобласці. Плануецца работа творчай мастацкай лабараторыі з удзелам артыстаў і ганаровых гасцей форуму.

Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» упершыню быў арганізаваны ў лістападзе 1995 года пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Музычны форум прыняты ў Міжнародную федэрацыю фестывальных арганізацый (ФІДОФ), якая аб’ядноўвае больш за 150 фестываляў мастацтваў. На фестывалі ў розны час удзельнічалі прызнаныя майстры сусветнага мастацтва больш чым з 25 краін. Гэты творчы праект – унікальная з’ява ў культурным жыцці не толькі рэспублікі і вобласці, але і ў міжнародным жыцці ў цэлым. Гэта цудоўнае свята музыкі і песні, яго заўсёды вылучалі і вылучаюць высокае паэтычнае слова, глыбокі лірызм і шчырасць, паколькі ідэя фестывалю першапачаткова паўстала з жадання сабраць разам «забытых» артыстаў, якія складаюць залаты фонд савецкай песні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая