RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Школьнікі з дзевяці рэгіёнаў Магілёўшчыны прынялі ўдзел у чэмпіянаце вобласці па інтэлектуальных гульнях

На базе Абласнога цэнтра творчасці адбыўся ХХV Чэмпіянат Магілёўскай вобласці па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. У спаборніцтве прыняло ўдзел 36 каманд з Магілёва, Бялыніч, Бабруйска, Кіраўска, Краснаполля, Крычава, Асіповіч, Слаўгарада, агр. Папоўка.

Сёлета для юных інтэлектуалаў арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму. Чэмпіянат адкрыўся аўтарскай размінкавай гульнёй «Герб малой радзімы» намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Абласнога цэнтра творчасці, рэгіянальнага прадстаўніка РГА «Беларуская ліга інтэлектуальных каманд» па Магілёўскай вобласці Вольгі Марозавай. Перамогу тут атрымала каманда «Тытаны» ДУА «Сярэдняя школа № 27 г. Бабруйска» (трэнер Вольга Лукашэвіч).

Традыцыйна ў праграму чэмпіянату былі ўключаныя «Свая гульня», Брэйн-рынг і «Што? Дзе? Калі?». Юныя інтэлектуалы разыгралі 9 камплектаў медалёў.

Па выніках удзелу ў гульнях чэмпіянату не было роўных дзецям з клуба інтэлектуальных гульняў «Эрудыт» ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Кіраўска», якім ужо больш за 20 гадоў кіруе педагог дадатковай адукацыі Ігар Лукашоў. Каманда «З міру па нітцы» стала абсалютнай пераможцай, заваяваўшы медалі вышэйшай пробы ў трох заліковых гульнях.

Выдатную падрыхтоўку і годную канкурэнцыю пераможцам склалі ўдзельнікі каманды «Скотч-тэр’ер»ДУДА«Шматпрофільны цэнтр па працы з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва» г.Магілёва» і ліцэя «Беларуска-Расійскага ўніверсітэта» (трэнер Аляксандр Караткевіч), а таксама каманды «Тытаны» ДУА «Сярэдняя школа №27 г. Бабруйска» (трэнер Вольга Лукашэвіч) і «Думкі ўслых» ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Кіраўска» (трэнер Ігар Лукашоў).

Каманды «Новая эра» ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Крычава» (трэнер Яўген Махавік) і «Інсульт фісташкі» УА «Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №2» (трэнер Сяргей Кашуба) сталі найлепшымі ва ўзроставай групе «ювеналы», у якую ўваходзяць навучэнцы да 9 класа ўключна.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая