RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Школы Магілёўскай вобласці спяшаюцца правесці капітальны і касметычны рамонт да новага навучальнага года

Будзе ў найлепшым выглядзе

Сярэдняя школа № 4 Бабруйска па-свойму ўнікальная. Яна адзіная ў горадзе, дзе засталіся вячэрнія класы. Да таго ж, установа адукацыі размяшчаецца ў адным з найстарэйшых будынкаў – 1936 года пабудовы. Каб стварыць камфортныя ўмовы для дзяцей і дарослых да 1 верасня, аб бягучым рамонце тут задумаліся, як толькі празвінеў апошні званок. Сёння засталіся фінальныя рыскі.

Пад адным дахам

Нягледзячы на салідны ўзрост, школа выглядае акуратна. Валянціна Алімбачкова ў ролі дырэктара ўжо 13 гадоў, кажа, улады горада адкрываюць новыя ўстановы адукацыі, але і старым аб’ектам надаюць увагу:

– У мінулым годзе ў нас замянілі ўсе вокны. Годам раней падключылі да цэнтральнага ацяплення. Раней школа тапілася ад уласнай кацельні на дровах.

– А гэта што, печкі? – пытаюся ў дырэктара, калі глядзім на падрыхтаваныя для вучняў кабінеты.

– Яны ў нас практычна ў кожным класе захаваліся, але стылізаваны пад цікавы элемент дэкору і ствараюць ўтульную абстаноўку, – ідзём па класах з Валянцінай Іванаўнай. – Былі і такія часы, калі кабінеты ацяпляліся печамі.

Сёлета школа трапіла ў план капітальнага рамонту: пад замену ідзе дах. Цікавы факт: як толькі будаўнікі прыступілі да работ, адшукалі чарапіцу 1936 года. Зараз гэта экспанат школьнага этнаграфічнага кутка.

– Рарытэт важкі, – трымаю чарапіцу ў руках. – Мабыць, раней рабілі на вякі.

– Яно так, – смяецца Валянціна Іванаўна, – але час рамонту ўсё роўна падышоў: пасля дажджу дах падцякаў.

Усе працы па абнаўленні даху выконвае каманда прафесіяналаў. На аб’екце 15 чалавек: хлопцы дэманціравалі адно крыло, зараз усталёўваюць новую кроквенную сістэму. Паступова дах набывае сучасны выгляд. Галоўны інжынер міжраённага домабудаўнічага камбіната Уладзімір Пруднікаў строга сочыць за кожным этапам:

– Другую частку даху пакуль не раскрываем, каб не замачыць паверх. Дах з металадахоўкі. Да пачатку новага навучальнага года аб’ект падрыхтуем. У справе не пачаткоўцы: наша арганізацыя пастаянна будуе і рамантуе сацыяльныя аб’екты. Узводзілі дзіцячую бальніцу, два сучасныя садкі. Сёлета задзейнічаны ў рамонце 6‑й і 20-й школ Бабруйска.

Гісторыя ў сучасным абліцоўванні

У няпростай сітуацыі, што склалася вакол Беларусі, вельмі важна гадаваць патрыётаў краіны. І ў гэтым працэсе каштоўныя ўсе складнікі: прафесіяналізм педагогаў, матэрыяльна-тэхнічная база, лічыць Валянціна Алімбачкова.

– Наша канчатковая мэта – выпусціць годнага грамадзяніна. У будынку з амаль векавой гісторыяй стараемся стварыць камфортныя, а галоўнае, сучасныя ўмовы навучання, – адзначае дырэктар.

У кабінеце замежнай мовы, дзе яшчэ пахне фарбай, стыльна. У класе – мультымедыйная ўстаноўка з выхадам у Інтэрнэт. Вывучэнне мовы праходзіць з поўным пагружэннем у прадмет. Да новага навучальнага года ў школе адрамантавана і бібліятэка. Бібліятэкар Ірына Баярэнка расстаўляе на паліцах падручнікі:

– Гэта самае густанаселенае памяшканне: дзеці з задавальненнем ходзяць за кнігамі, таму абсталявалі чытальную залу, якой не хапала.

Стэлажы з літаратурай, новая мэбля... Сваю бібліятэку пасля апгрэйду дзеці, відавочна, не пазнаюць.

Касметычны рамонт кабінетаў выконваў тэхперсанал. Дапамагалі і вучні.

Старшакласнікі ў вольны ад вучобы час мянялі спінкі і сядзенні школьнай мэблі. І змаглі нядрэнна зарабіць: атрымалі за чатыры дні па 90 рублёў.

Прыкметна змянілася і спартыўная зала, размешчаная ў асобным будынку. Ідзём глядзець на працу. Акуратна пафарбаваны сцены, удасканалены распранальні, новыя пакоі для захоўвання інвентару. Намеснік дырэктара школы па гаспадарчай працы Віктар Багдановіч, які курыраваў усе стадыі абнаўлення спартыўнай лакацыі, вынікам задаволены:

– У новым навучальным годзе чакаем маладога спецыяліста – настаўніка фізвыхавання і здароўя. Прывіваць ЗЛЖ дзецям у добрых умовах куды прасцей.

Сёлета ў СШ № 4 за парты сядзе каля 300 дзяцей, 24 з іх – першакласнікі. Дзеці павінны ацаніць капітальнае абнаўленне роднай школы.

ЛІЧБЫ

З 1 верасня ў Беларусі навучальныя заняткі пачне каля 1 мільёна 85 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў. У Магілёўскай вобласці 340 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

ПРОСТАЯ МОВА

Кіраўнік Магілёўскім абласным цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская:

– На бягучы і капітальны рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Магілёўскай вобласці будзе выдаткавана каля 11 мільёнаў рублёў. Гэта бюджэтныя сродкі, а таксама даходы, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарская дапамога. Да новага навучальнага года ў 17 школах рэгіёна пройдзе капітальны рамонт. Сярод іх – СШ № 1, 4, 6, 20 Бабруйска, СШ № 5 і 13 Магілёва. Да «Дажынак» абнаўляецца і аб’ект у Слаўгарадзе. У шэрагу ўстаноў адукацыі рэнавацыя працягнецца і ўвосень. На даны момант у многіх школах ідуць рамонт дахаў, фасадаў, харчблокаў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. На кантролі – прывядзенне ў парадак школьных стадыёнаў і спартыўных пляцовак.

Да 1 чэрвеня спецыяльныя камісіі абследавалі ўсе навучальныя ўстановы вобласці. На падставе актаў бягучага стану былі распрацаваны планы рамонтаў. Да 20 жніўня агульнаадукацыйныя школы павінны атрымаць сертыфікаты гатоўнасці і чакаць вучняў на заняткі.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая