RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Шматдзетная сям'я са Слаўгарадскага раёна стала пераможцам рэгіянальнага адбору конкурсу «Сям'я года»

У Магілёве прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года». Ён сабраў шэсць удзельнікаў - бацькоў і іх дзяцей - з розных куткоў рэгіёну.

«Адна з галоўных задач конкурсу - папулярызацыя сямейных каштоўнасцяў, - адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. - У нашай краіне сям'я - самы галоўны прыярытэт, і сацыялагічныя апытанні паказваюць, што для 80% насельніцтва яна з'яўляецца ключавым сэнсам жыцця, развіцця і галоўнай ячэйкай грамадства. У ёй зараджаецца новае жыццё, выхоўваюцца будучыя пакаленні, фарміруюцца міжпакаленчыя сувязі. Аб папулярнасці конкурсу сведчыць той факт, што ў адборачных турах сёлета прынялі ўдзел амаль 450 сем'яў з розных рэгіёнаў краіны. Магілёў завяршае шэраг абласных этапаў, і лепшыя з лепшых будуць прэзентаваць свой рэгіён у кастрычніку ў рэспубліканскім фінале ў Мінску».

Творчае спаборніцтва адбылося ў Палацы культуры вобласці. За выхад у рэспубліканскі фінал змагаліся дружныя і таленавітыя каманды з Магілёва, а таксама Бялыніцкага, Глускага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў. На сцэну выйшлі выключна шматдзетныя сем'і: у адной з іх выхоўваюцца сем дзяцей, у астатніх - па тры дзіцяці. На абласным этапе канкурсанты прадставілі візітную картку сям'і «Радавод» і прэзентацыю сацыяльна значнага праекта, які адлюстроўвае ўклад сям'і ў жыццё рэгіёну. Журы ацэньвала згуртаванасць сям'і, сцэнічную выяву і арыгінальнасць падачы матэрыялу, узровень выканальніцкага майстэрства, гарнітуры.

«Конкурс праводзіцца ўжо шосты раз з 2012 года, - падкрэсліла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыя Шапнеўская. - Яго ўдзельнікі расказваюць са сцэны аб тым, чаму важная сям'я, яе традыцыі і каштоўнасці, наколькі значнае выхаванне мамы і таты для кожнага дзіцяці. На Магілёўшчыне жыве больш за 12,5 тыс. шматдзетных сем'яў. Дзяржава робіць многае для іх падтрымкі: яны атрымліваюць сямейны капітал (назначаны амаль 14,8 тыс. шматдзетных сем'яў, якія жывуць у рэгіёне), ім выдзяляецца фінансавая падтрымка на нараджэнне першага дзіцяці - каля Br4,2 тыс., другога і наступных дзяцей - больш як Br5, 8 тыс. Ордэнам Маці ўзнагароджаны каля 1,6 тыс. шматдзетных жыхарак вобласці, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей. Упэўнена, што кожная сям'я ў нашай дзяржаве - ячэйка грамадства, якая робіць нашу краіну мацнейшай».

Сям'я дзяржслужачых Яніны і Дзяніса Руцкіх з Бялыніцкага раёна прымае ўдзел у конкурсе ўпершыню. Шчаслівыя бацькі выхоўваюць траіх сыноў - трох, чатырох і дзесяці гадоў. «Сям'я для нас - дружная каманда аднадумцаў, у якой агульныя мэты, думкі, мары і жаданні, - распавялі яны. - У гэтым конкурсе мы ўдзельнічаем упершыню, у нас была вялікая група падтрымкі і мы прайшлі сур'ёзную падрыхтоўку, у якой удзельнічалі ўсе - і дарослыя, і дзеці. Напрыклад, наш Яраслаў зрабіў для конкурсу вялізны букет тэкстыльных руж. А ўвогуле мы вельмі актыўныя - пастаянна задзейнічаны ў многіх праектах і мерапрыемствах: мы заўсёды за любую цікавую ідэю, нам і дзецям гэта падабаецца. Сёння для нас быў вялікі гонар прадстаўляць раён на абласным узроўні, бо мы вельмі любім бялыніцкую зямлю, багатую ўнікальнай прыродай, творчымі і таленавітымі людзьмі».

Сям'я Наталлі і Уладзіміра Лазаравых з аграгарадка Каменка Чавускага раёна таксама ўпершыню на конкурсе. Жонка - прадавец Чавускага райспажыўтаварыства, муж - майстар участка УКП «Жылкамгас». У сям'і выхоўваюцца 15-гадовы Сяргей, 10-гадовая Мілана і 5-гадовы Паша. Муж і жонка разам ужо 18 гадоў, сталі сустракацца яшчэ ў падлеткавым узросце. Яны ўпэўнены, што галоўны сакрэт сямейнага шчасця - увага, павага і давер. Усё гэта яны перадаюць дзецям, каб тыя таксама імкнуліся стварыць моцную і дружную сям'ю. А яшчэ сыноў і дачку бацькі выхоўваюць у працы: важна, калі ў сям'і ўсё дапамагаюць адзін аднаму і не перакладаюць справы на аднаго. Тым больш гаспадарка ў сям'і вялікая, ды і агарод патрабуе шмат увагі і сіл.

«Мы не чакалі, што менавіта нас адбяруць на вобласць, таму што наш раён за пяць апошніх гадоў ні разу не выходзіў на рэгіянальны этап, - адзначылі канкурсанты. - І гэта вялікі гонар і адказнасць: мы разумелі, што нельга падвесці тых, хто ў нас верыць. Сёння атрымалі вельмі шмат эмоцый: усё было новае, бо раней ніколі не стаялі на сцэне. Выступалі ў нацыянальных строях і склалі нумар паводле народнай казкі «Рэпка». На этапе прэзентацыі сацыяльнага праекту распавялі, як уладкавалі саматугам пляж на беразе возера нашага аграгарадка - зрабілі лавачкі, альтанку, столік, пясочніцу для дзяцей, месца для збору смецця».

Па выніках конкурсу дыплом III ступені прысуджаны сям'і Лазаравых з Чавускага раёна, другі вынік абласнога этапа - у сям'і Дубанос з Магілёва, першымі сталі прадстаўнікі Слаўгарадскага раёна - шматдзетная сям'я Бацэйка-Чабатар. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, грашовыя прызы і каштоўныя падарункі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая