RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Слаўгарад узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка падпісаў указ № 144 «Аб узнагароджанні вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Вымпелам узнагароджаны шэсць гарадоў Беларусі, якія з'яўляюцца прыкладам подзвігу і ўсенароднага супраціўлення, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх ліку - Кобрын, Рэчыца, Слонім, Сянно, Слаўгарад і Смалявічы.

У гэтых населеных пунктах на ўсіх этапах вайны дзейнічалі ачагі баявога супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам, актыўны ўдзел у якім прымалі мясцовае партыйна-камсамольскае і патрыятычнае падполле, партызанскія фарміраванні і сілы народнага апалчэння, якія ўзаемадзейнічалі ў часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі.

Гэты ўказ накіраваны на ўвекавечанне і захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, а таксама патрыятычнае выхаванне насельніцтва. Уручэнне вымпелаў плануецца прымеркаваць да Дня Перамогі. Усяго ў Беларусі гэтай узнагароды ўдастоены 36 гарадоў і населеных пунктаў.

У народнай памяці і падручніках па ваенным майстэрстве назаўсёды застануцца як шырока вядомая бітва пад Сянно або Лепельскі контрудар, так і малавядомыя, але не менш бязлітасныя, баі на рацэ Шчара каля Слоніма.

Амаль месяц абаронцы Слоніма з баямі прарываліся ў горад, каб адбіць яго ў ворага. Поспех пры вызваленні горада ў 1944 годзе ў далейшым яшчэ адыграе вырашальнае стратэгічнае значэнне пры наступленні Чырвонай Арміі на Берлін.

На працягу амаль двух месяцаў некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі Слаўгарад. Рэчыца і Слаўгарад з першых дзён вайны сфарміравалі магутны кулак народнага апалчэння, у Кобрыне і Смалявічах масавы характар набыло партызанскае і партыйна-камсамольскае падполле.

Сянно і наваколле сталі партызанскім краем з больш як сотняй атрадаў народных мсціўцаў і сувязным аэрадромам.

Неацэнны ўклад жыхароў гэтых беларускіх гарадоў у паспяховае вырашэнне задач аперацыі «Рэйкавая вайна», падрыхтоўку аперацыі «Баграціён» і разгром акружанай буйнейшай групоўкі Вермахта «Цэнтр» у жарале «Мінскага катла».

Тысячы патрыётаў гераічна змагаліся з ворагам ва ўмовах акупацыі і дапамагалі Чырвонай Арміі набліжаць доўгачаканае вызваленне ў варожым тыле. Фашысты ў гады вайны знішчылі ўвогуле звыш 60 тыс. мірных жыхароў гарадоў, узнагароджаных вымпелам.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая