RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц сустрэўся з жыхарамі Магілёўскага мікрараёна Фаціна

Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц сустрэўся з жыхарамі Магілёўскага мікрараёна Фаціна. Такі дыялог арганізавалі ўпершыню, і ён выклікаў жывую цікавасць у насельніцтва: у актавай зале СШ № 41 не было свабодных месцаў.

У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі намеснікі старшыні аблвыканкама Валерый Малашка і Руслан Страхар, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Перад непасрэднымі зносінамі кіраўніка рэгіёна з магілёўцамі, Уладзімір Цумараў коратка расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці горада па выніках 9 месяцаў бягучага года. Асаблівую ўвагу мэр надаў праведзенай працы па добраўпарадкаванні абласнога цэнтра, будаўніцтве новых аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя, спорту, стане вулічнай сеткі. У прыватнасці, ён адзначыў,што комплексным планам у 2019 годзе быў прадугледжаны бягучы рамонт дваровых праездаў каля дамоў № № 1,2, 3, 6, 6 а, 8, 14 па вул. Фаціна. Гэтыя работы ўжо практычна выкананы, засталіся асобныя элементы.

Даведаліся прысутныя і пра перспектывы развіцця роднага мікрараёна. На 2019–2020 гады запланавана добраўпарадкаванне тэрыторый каля жылых дамоў № № 3,5,7, 11, 13, 15,17, 21, 23, 25,29, 31 па вуліцы Цярохіна і № № 12,14, 20, 24 па вуліцы Златавустаўскага. Тут з’явяцца розныя зоны адпачынку, хакейная пляцоўка і месца для развіцця навыкаў стрыт-варкаўта, скейтпарк, трэнажоры, бегавая і лыжная дарожкі. На гэты момант уся неабходная праектна-каштарысная дакументацыя праходзіць дзяржэкпертызу. З кастрычніка плануецца пачаць рэалізацыю гэтага праекта.

Што тычыцца мясцовага даўгабуда– вяслярнага канала, то яго абяцаюць неўзабаве скончыць, праўда, з карэкціроўкай планаў. У першую чаргу пабудуюць закрыты басейн на дзве чашы: 50-метровую падзеляць на 6 дарожак, 25-метровую – на 4. Адміністрацыйна-спартыўны корпус будзе ўключаць трэнажорную, спецыялізаваныя залы для сухога плавання, медыцынскі кабінет, пакоі адпачынку для спартсменаў, распранальні, кафэ і інш. Поўны кошт праекта на сёння – Br 84 млн.

Неўзабаве ў мікрараёне з’явяцца дзве новабудоўлі, а значыць, можа ўзнікнуць праблема з месцамі ў садках, якая пакуль вырашана. Уладзімір Цумараў паведаміў, што разглядаецца магчымасць размяшчэння невялікай дашкольнай установы на першых паверхах аднаго з дамоў.

Тэму добраўпарадкавання працягнуў Леанід Заяц. Кіраўнік рэгіёна расказаў, якія работы вядуцца ў Глуску па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». Наступны на чарзе райцэнтр – Асіповічы. Новае аблічча неўзабаве набудуць і асобныя аб’екты Бялыніч, дзе ў 2020 годзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. У планах таксама будаўніцтва кардыялагічнага цэнтра пры абласной бальніцы, паліклінікі ў магілёўскім мікрараёне Казіміраўка і інш.

Жыхарам Магілёўскай вобласці пад сілу рэалізоўваць самыя амбіцыйныя праекты, падкрэсліў Леанід Заяц. Галоўнае, каб было жаданне і імкненне зрабіць сваю малую радзіму квітнеючай. Прыклад таму пасёлак Гарадзішча Шклоўскага раёна, дзе абнаўленне ў кароткія тэрміны шматлікіх аб’ектаў стала магчымым дзякуючы намаганням мясцовага насельніцтва.

Гаворачы аб перспектывах развіцця рэгіёнаў Прыдняпроўскага краю, Леанід Заяц падкрэсліў: усё запланаванае можа стаць рэальнасцю толькі пры наяўнасці сродкаў, якія неабходна зарабіць усім разам. Старшыня аблвыканкама агучыў дасягнутыя з пачатку года эканамічныя вынікі: ёсць прырост аб’ёмаў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлі, зніжаны страты, сабраны вышэйшы за леташні ўраджай збожжавых і зернебабовых. Пры гэтым для дасягнення вызначаных паказчыкаў неабходна нарасціць узятыя тэмпы да канца года.

Жывы дыялог магілёўцаў са старшынёй аблвыканкама, падчас якога прагучала нямала пытанняў рознай тэматыкі, паказаў: жыхары горада максімальна зацікаўлены ў развіцці і добраўпарадкаванні тэрыторый пражывання, гатовы актыўна прымаць удзел у навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку ўкладваць свае сілы і грошы ў добрую справу. Аднак не менш значнай павінна быць і дапамога прадстаўнікоў улады, дзяржструктур, камунальных службаў. Такое ўзаемадзеянне ў перспектыве можа стаць асновай для навядзення парадку і стварэння паркавай зоны на тэрыторыі, прылеглай да Фацінскага заліва. Дарэчы, станоўчы вопыт ужо ёсць. У бягучым годзе сіламі жыхароў і за кошт іх сродкаў на тэрыторыі мікрараёна добраўпарадкавана дзіцячая гульнявая пляцоўка і адна з дваровых тэрыторый.

Турбавалі прысутных пытанні асвятлення прыдамавой тэрыторыі, санітарнага стану асобных участкаў мікрараёна, будаўніцтва веладарожак і стварэння спартыўных аб’ектаў. Удзельнікі сустрэчы выказвалі сумненні па тэрмінах запуску ў працу моста па вуліцы Першамайскай – яго рамонт стаў прычынай росту колькасці транспартных пробак у горадзе. Кіраўнікі запэўнілі, што рамонт магістралі ідзе па графіку, і ў пачатку лістапада рух будзе адкрыты. Была таксама агучана просьба па ўстаноўцы штучных няроўнасцяў на праезджай частцы паблізу СШ №41. Яе абяцалі задаволіць у найбліжэйшы час, як і арганізаваць прамое транспартнае паведамленне з паліклінікай раёна завода Кірава, дзе атрымліваюць медыцынскую дапамогу жыхары Фаціна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая