Дапамога ў працаўладкаванні, стан дарог, будаўніцтва жылля – усяму гэтаму былі прысвечаны пытанні, якія задавалі жыхары Магілёўшчыны Леаніду Канстанцінавічу. У прынцыпе, амаль як заўсёды. За адным выключэннем. Падчас «прамой лініі» не аднойчы гучала падзяка на адрас улады. Маўляў, прыкметнае навядзенне парадку ў Магілёве, Бабруйску, Глуску. Прыемна, калі нешта робіш, і людзі гэта заўважаюць. Але і праблем хапае.
Васіль Кавалёў з Бялыніч паскардзіўся, што ў будні дзень немагчыма з райцэнтра выехаць у Мінск: маршрутныя таксі ў горад не заязджаюць. Сітуацыя ў найбліжэйшы час зменіцца. Маршруты прыватных перавозчыкаў пройдуць праз Бялынічы, жыхары якіх не павінны адчуваць нейкіх нязручнасцей.
Магілёвец Юрый Сяўрок гаварыў пра дом, у якім жыве. Амаль новая пабудова знаходзіцца ў далёка не ідэальным стане. У падвале вада, сцены трэскаюцца, месцамі іх перакасіла – у кватэры суседкі праз гэта не зачыняюцца міжпакаёвыя дзверы. Да таго ж, стаў прасядаць ганак. Прадстаўнікі Магілёўскага гарвыканкама ў сітуацыі разбяруцца. І аператыўна выправяць сітуацыю.
Жыхарка Крычава Алеся Рыбчынская скардзілася на стан вуліцы М. Горкага, на якой жыве:пасля дажджу па ёй ні прайсці і ні праехаць. Жыхары вуліцы атрымалі ліст з Крычаўскага райвыканкама:маўляў, рамонт будзе зроблены ў трэцім квартале 2019-га. Але да канца тэрміну засталося зусім мала часу, а рабочых як не было, так і няма. Леанід Заяц даручыў завяршыць працы да 30 верасня – абяцанні трэба выконваць.
Аб праблемах вёскі Палавінны Лог, што ў Магілёўскім раёне, гаварыла некалькі чалавек. Гаворка ішла і аб дарозе, якая знаходзіцца ў нездавальняльным стане, і аб тым, што да новых дамоў (іх налічваецца звыш 50) не падведзена вада. Вырашана: у найбліжэйшы час людзі адчуюць паляпшэнне якасці жыцця.
У Магілёве, на вуліцы Якубоўскага, будуецца 24-павярховы дом. У эксплуатацыю павіненбыць здадзены ў красавіку 2020-га. Але будаўнікі ўзвялі пакуль толькі 2 паверхі. Будучыя навасельцы турбаваліся: ці не атрымаецца так, што будоўля зацягнецца на няпэўны тэрмін. Леанід Канстанцінавіч запэўніў: зрыву будаўніцтва не будзе. Уладальнікі квадратных метраў атрымаюць ключы ад новых кватэр узапланаваны час.
Падводзячы вынікі «прамой лініі», Леанід Заяц адзначыў:
– Атрымаўся канструктыўны дыялог. Былі пытанні, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшальніцтва. Але частку можна было б вырашыць на месцы, без умяшальніцтва старшыні аблвыканкама. Для гэтага ўладам на месцах проста трэба часцей сустракацца з людзьмі, каб больш ведаць аб іх праблемах.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15