RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» зноў абраная Ала Галушка

Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка зноў абраная – аднагалосна – старшынёй абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прайшла сёння ў Магілёве, перадае карэспандэнт сайта.

Падчас мерапрыемства падводзіліся вынікі дзейнасці, абмяркоўваліся асноўныя напрамкі на перспектыву.

Сёння Магілёўская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» складаецца з 21 раённай, 2 гарадскіх (у Магілёве і Бабруйску) і 556 першасных арганізацый. Рэгіянальны саюз жанчын аб’ядноўвае на добраахвотнай аснове больш за 18 тыс. актыўных, мэтанакіраваных, дзейных прадстаўніц прыгожай паловы Прыдняпроўскага краю. У разрэзе галін пяршоўкі створаны ў сістэме адукацыі – 117, аховы здароўя – 43, у АПК – 54, на вытворчых прадпрыемствах – 182, у дзяржаўных установах і бюджэтных арганізацыях – 120. Самыя шматлікія арганізацыі ў Магілёве і Бабруйску, Горацкім, Касцюковіцкім, Круглянскім, Слаўгарадскім раёнах.

Варта адзначыць, што задачы, якія вырашаюцца саюзам, вельмі шматгранныя. БСЖ прымае ўдзел ва ўцягванні жанчын у кіраванне справамі грамадства і дзяржавы, садзейнічае ўмацаванню сям’і, аўтарытэту жанчын, павышэнню маральнасці ў грамадстве, фарміраванню ідэалогіі і рэалізацыі палітыкі пашырэння правоў і магчымасцей жанчын. Дзейнасць БСЖ таксама накіравана на садзейнічанне занятасці жанчын, аказанне дапамогі жанчынам, сем’ям, якія жывуць у нястачы, а таксама на ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і развіццё сістэмы партнёрскіх адносін, узаемадзеянне са СМІ. «У скарбонцы добрых спраў жансаветаў шмат самых розных мерапрыемстваў, канкрэтнай дапамогі сям’і, маці, дзецям – усяго таго, што робіцца душой і сэрцам нашых жанчын», – адзначыла Ала Галушка.

Так, сацыяльнае партнёрства ў пытаннях падтрымкі сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, увайшло ў практыку працы арганізацыі. У полі зроку саюза – дзіцячыя прытулкі, цэнтры карэкцыйнага развіцця, дамы дзіцяці. У супрацоўніцтве з упраўленнямі адукацыі, ідэалагічнай работы гаррайвыканкамаў, моладзевай арганізацыі БРСМ традыцыйнымі сталі наведванні вышэйназваных устаноў у навагоднія і калядныя святы з прадстаўленнямі і падарункамі. «Важна адзначыць, што кіраўнікі прадпрыемстваў вобласці імкнуцца аказаць пасільную падтрымку шматдзетным сем’ям, бацькі якіх працуюць у калектыве. У гэтым пытанні аб’ядноўваюцца намаганні прафсаюзных арганізацый, «Белай Русі», жаночага і моладзевага руху – і там, дзе ёсць адказнасць, усё атрымліваецца», – канстатавала Ала Галушка.

У межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» па вобласці намаганнямі жаночых першасных арганізацый праведзена больш за 200 раённых акцый, арганізаваны віншаванні дзяцей, якія знаходзяцца ў прытулках, сем’ях, прызнаных ў сацыяльна небяспечным становішчы, наведваліся дамы сямейнага тыпу.

Традыцыйнымі сталі акцыі «Жыццё на далоньцы», «Жанчыны – дзецям», «Сіняя хустачка», «Нам жыць і памятаць!», «Міласэрнасць», «У Беларусі – ні аднаго кінутага дзіцяці», «З рук у рукі».

Да пачатку навучальнага года БСЖ штогод праводзіць дабрачынную акцыю «Збяром партфель разам». На сродкі, сабраныя гарадскімі, раённымі і першаснымі арганізацыямі, набываюцца заплечнікі і школьныя прыналежнасці, аказваецца дапамога маламаёмасным і шматдзетным сем’ям. Так, напрыклад, Магілёўская гарадская арганізацыя БСЖ уручыла магіляўчанкам – мамам, якія маюць інваліднасць і выхоўваюць дзяцей-школьнікаў, – сертыфікаты на набыццё канцылярскіх прыладаў і адзення да школы. Касцюковіцкая раённая арганізацыя аказала дапамогу дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў на суму больш за Br1 тыс. Члены прэзідыума Магілёўскай абласной арганізацыі БСЖ таксама дапамаглі Вясноўскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Бабруйская арганізацыя ГА «БСЖ» ініцыявала правядзенне гарадской акцыі «Жанчыны – дзецям», мэтай якой было ўладкаванне дзіцячых гульнявых тэрыторый і пляцовак у летні перыяд.

Члены БСЖ прымалі актыўны ўдзел у правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі рэгіянальнага саюза працавалі ў працоўных калектывах, арганізоўвалі сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства, шматлікія тэматычныя акцыі, канцэрты, круглыя сталы, дыялогі. Жанчыны Магілёўшчыны былі запрошаны на рэспубліканскі форум у Мінску, удзельнічалі ў вела- і аўтапрабегах «За Беларусь», шэсцях «За мірную Беларусь», рэспубліканскай акцыі «За Беларусь», ініцыяванай рэспубліканскай ГА «БСЖ» і прымеркаванай да Дня маці, падчас якой ва ўсіх рэгіёнах вобласці былі высаджаныя алеі дрэў «За Беларусь».

Ала Галушка падкрэсліла, што гарадскія, раённыя і першасныя арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» актыўна ўключыліся ў працу па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і правядзенні прафілактычнай працы. За кошт сродкаў саюза аказвалася дапамога інфекцыйным бальніцам, дыспансерам, паліклінікам па набыцці сродкаў індывідуальнай абароны, дэзынфектараў, пасцельнай бялізны, бытавой тэхнікі, посуду для аснашчэння пакояў адпачынку ўрачоў і інш.

Магілёўская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» з удзелам гарадскіх і раённых грамадскіх арганізацый напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне арганізавала конкурсы, прысвечаныя памятнай даце, шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўніц тылу, ускладанні кветак і вянкоў да месцаў воінскіх пахаванняў і памятных знакаў воінскай славы і інш. Шпіталю інвалідаў Айчыннай вайны быў уручаны сертыфікат на Br2 тыс., за сродкі саюза абсталявана палата для ветэранаў.

У спісе і сацыяльна-патрыятычная акцыя падзякі пад назвай «Сіняя хустачка». Члены абласной арганізацыі падчас канцэртных праграм, накінуўшы на плечы сінія хустачкі, арганізавалі сумеснае выкананне легендарнай песні, якая стала сімвалам жаночай вернасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны і захавала сваю папулярнасць да нашых дзён. Акцыя, прысвечаная жанчынам, якія здзейснілі працоўны подзвіг у імя выратавання Радзімы падчас вайны і ў цяжкія пасляваенныя гады, маці, бабулям і прабабулям, якія захавалі і адрадзілі жыццё ў краіне, асабліва актыўна праводзілася ў Крычаўскім, Магілёўскім, Клімавіцкім раёнах.

Па словах Алы Галушкі, за гады, якія прайшлі з моманту стварэння абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» у рэгіёне, жаночы рух адужэў, рэалізаваў шмат канкрэтных спраў, напрацаваў багаты вопыт, знайшоў нішы грамадскага жыцця, у якіх жаночыя саветы прыносяць найбольшую карысць – праца з дзецьмі, дабрачынная дапамога шматдзетным сем’ям, клопат пра здароўе падрастаючага пакалення. «Сёння з’яўляюцца новыя звёны ў структуры абласной арганізацыі – новыя пяршоўкі створаны ў арганізацыях, з’явіліся аб’яднаныя арганізацыі Белаграпрамбанка, пракратуры, МНС, а значыць, актыўнасць жанчын, іх жаданне ўдзельнічаць у вырашэнні важных сацыяльных пытанняў расце, наш рух мацнее і шырыцца, з’явяцца новыя ініцыятывы і праекты, што будзе садзейнічаць умацаванню аўтарытэту і росквіту духоўнасці беларускіх жанчын, умацаванню дзяржавы і падтрымцы міру і бяспекі ў Магілёўскай вобласці і Рэспубліцы Беларусь», – падкрэсліла Ала Галушка.

Абласная арганізацыя мае намер і ў далейшым пры канструктыўным супрацоўніцтве з органамі дзяржкіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі грамадскімі арганізацыямі садзейнічаць вырашэнню пытанняў, звязаных з паляпшэннем становішча жанчын. Сярод прыярытэтных напрамкаў – умацаванне інстытута сям’і і маральнасці ў грамадстве. Для рэалізацыі задач па фарміраванні ў грамадстве мадэлі шчаслівай, паспяховай сям’і, здольнай да духоўна-маральнага самаразвіцця, адраджэння аўтарытэту сям’і, сямейных каштоўнасцей будуць ажыццяўляцца мерапрыемствы і акцыі рознага спектру.

Дарэчы, у 2021 годзе Беларускі саюз жанчын адзначыць 30-годдзе. Ён быў створаны 14 снежня 1991 года ў час глабальных змен у краіне, актывізацыі палітычнага і грамадскага жыцця.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая