RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стартаваў рэспубліканскі конкурс «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці»

Старшакласнікі, навучэнцы каледжаў і студэнты могуць паспрабаваць свае сілы ў вырашэнні сацыяльных праблем сучаснага грамадства. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства адукацыі, Беларуская праваслаўная царква, дабрачынны фонд падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

Мэта конкурсу - уключыць патэнцыял маладых людзей у вырашэнне сацыяльна значных праблем сучаснасці. Якім чынам? Ствараючы і рэалізоўваючы крэатыўныя праекты на базе навучальных устаноў, моладзь сцвярджае здаровую, актыўную ў адносінах да жыцця і сям'і пазіцыю як асноўную альтэрнатыву негатыўным з'явам у грамадстве.

Конкурс «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» зарадзіўся ў 2013 годзе ў Бабруйску, а ў 2021-м удалы рэгіянальны вопыт было вырашана пашырыць на ўсю краіну. У пазамінулым сезоне сацыяльныя праекты прадставілі больш за 160 маладых каманд з усёй краіны, а ў мінулым ужо 240.

Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Праектная каманда павінна ўключаць не менш як 3 удзельнікі ва ўзросце ад 14 гадоў да 22 гадоў. Куратарам павінен выступіць чалавек старэйшы за 18 гадоў.

Што цікава, сацыяльныя праекты традыцыйна ствараюцца ў некалькіх намінацыях, прысвечаных сямейным каштоўнасцям, здароўю, творчасці і міласэрнасці.

Гэты конкурс дазваляе гаварыць усім удзельнікам (фізікам і матэматыкам, лінгвістам і гісторыкам) на адной мове – на мове жыцця. Праекты адрозніваюцца толькі кірункамі, але галоўнае ў іх - сутнасць, якая вучыць любіць, дапамагаць, шанаваць, дзякаваць, - распавяла дырэктар дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Наталля Ярашэвіч.

Арганізатары імкнуцца не толькі падтрымліваць грамадскія ініцыятывы маладых людзей, але і папулярызаваць базавыя духоўна-маральныя, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця, грамадзянскасць і патрыятызм.

Конкурс пройдзе ў чатыры этапы і завершыцца ў маі наступнага года. Да 22 снежня 2023-га арганізатары чакаюць заявак, а ўжо з 8 па 17 студзеня пройдуць навучальныя заняткі для ініцыятараў сацыяльных праектаў. Галоўнае - на першапачатковым этапе сабраць ініцыятыўную і крэатыўную маладую каманду, сфармуляваць ідэю сацыяльна значнага праекта. Падрабязнасці - на сайце дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая