RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Страшна, калі немагчыма ўздыхнуць»: выратавальнік цяжка перанёс кавід і цяпер раіць не спадзявацца на свой імунітэт, а прышчапляцца

Арцёму Груздеву 25 гадоў. Дужы хлопец ніколі не скардзіўся на здароўе: добры імунітэт нібы адфутбольваў сезонныя захворванні. Да таго ж, малады чалавек – камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 14 Шклоўскага РАНС. У байца і з нарматывамі ўсё ў парадку: фізічныя практыкаванні – неад’емная частка працы. Увогуле, быў перакананы, што кавід яму не страшны. Але ў канцы жніўня хлопец адчуў сябе дрэнна і ўжо на наступны дзень апынуўся ў бальнічнай палаце…

Да хваробы Арцём лічыў, што дастаткова насіць маску, выкарыстоўваць антысептык для рук, а далей імунітэт усё выцягне. Але…

Раніцай адправіўся на працу, выдатнае самаадчуванне, – успамінае той дзень выратавальнік. Але з кожнай гадзінай яно змянялася. Мне станавілася горш: зявіўся галаўны боль, забалелі вочы. Да вечара пачаў адчуваць, што губляю нюх. Вярнуўся дадому, а стан не паляпшаўся: складана было ўстаць з ложка, проста не трымалі ногі. Зразумеў: зусім дрэнныя справы. Памераў тэмпературу, а на градусніку 39,6. Спрабаваў збіць, але эфекту хапала на гадзіну-другую: так дацягнуў да раніцы, а потым паехаў у стацыянар.

У шклоўскай райбальніцы пацыента агледзелі і тут жа паклалі ў інфекцыйнае аддзяленне. Далей усё стандартна: узялі аналізы, зрабілі тэст і здымак лёгкіх. Вердыкт: кавід з двухбаковай пнеўманіяй сярэдняй ступені цяжкасці. Тэмпература не спадала, таму Арцёму прызначылі кропельніцы. Свой стан ён апісвае так:

Адчуваў стомленасць, слабасць, рэзь у вачах. Спакойна павярнуць галаву я больш не мог. Страшна ламала косці, зусім не спалася. Балелі лёгкія, дыхаў з цяжкасцю, не хапала кіслароду. Становішча пагаршалася яшчэ і высокай тэмпературай, якую не маглі збіць.

На шчасце, праз некалькі дзён стан Арцёма пачаў паляпшацца. Ён дзякуе за сваё выздараўленне ў першую чаргу загадчыцы інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Юліі Мільто.

Гэты доктар праўда на сваім месцы: ведае, як знайсці падыход да любога пацыента. Асобнае дзякуй дзяўчатам-медсёстрам: у масках запомніць іх не ўдалося, але яны вялікія малайцы. Даглядаць капрызных пацыентаў яшчэ тая справа, – усміхаецца хлопец.

Патрапіўшы ў бальніцу, Арцём не хваляваўся за сваё здароўе, цалкам давяраў урачам і адчуваў, што ў надзейных руках. Да таго ж, праца навучыла не баяцца складаных сітуацый. А вось за родных перажываў: разумеў, што напярэдадні бачыўся з імі, кантактаваў. Калі малады арганізм аказаўся такім ўразлівым, то што гаварыць пра іх? На шчасце, усё абышлося.

Арцём жартуе, што падчас хваробы быў толькі адзін плюс – вольны час. Яго стараўся праводзіць (толькі калі стала лягчэй) з карысцю: лежачы ў прон-пазіцыі, рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС. Дарэчы, днямі хлопца залічылі ў гэту ВНУ – можна за яго толькі парадавацца. 

Пасля выпіскі яшчэ два тыдні Арцём правёў дома. Ускладненні давалі пра сябе знаць: апаноўвала такая стомленасць, што спаў па 12–14 гадзін на суткі. Другое наступства хваробы – дыхавіца: падняцца на другі паверх бацькоўскага дома для яго стала тым яшчэ квэстам.

Было адчуванне, быццам актыўна пазаймаўся ў зале або прабег некалькі кіламетраў, – апісвае адчуванні Арцём. – Дапамог курс тэрапіі, які прызначылі ўрачы, пасля яго стала лягчэй. Прызнаюся, раней думаў, што маладога вірус абміне, таму не вакцынаваўся. Але пасля таго як перахварэў, зразумеў, што глыбока памыляўся. Калі б прышчапіўся, цяжкай плыні захворвання можна было б пазбегнуць. Таму трохі пачакаю, а затым паеду на кансультацыю да ўрача, абследуюся і абавязкова вакцынуюся. Калі хвароба цябе кранула, пачынаеш думаць па-іншаму, так што родным, сябрам, калегам цяпер раю прышчапляцца, каб яны не паўтарылі мой сумны вопыт.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая