RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Студатрадаўскім рухам у Магілёўскай вобласці гэтым летам ахопяць амаль 7 тысяч чалавек

Энергія стварэння

У Магілёве ўзводзіць шматпавярховік у мікрараёне Спадарожнік-2 дапамагае будаўнічы атрад «Молат» імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Буянава. Гатоўнасць аб'екта высокая. Вядзецца ўнутранае і вонкавае аздабленне, добраўпарадкаванне тэрыторыі. У будатрадзе восем навучэнцаў архітэктурна-будаўнічага каледжа. На складаных небяспечных аперацыях моладзь не зоймеш, патрэбны допуск і кваліфікацыя. Хутчэй іх прысутнасць тут - крок на будучыню. У перспектыве зацікаўленыя прафесіяй хлопцы і дзяўчаты папоўняць рады будаўнічых арганізацый

Захар Рыжкоў на будоўлі з канца сакавіка. Гаворыць, за некалькі месяцаў узровень майстэрства значна павысіўся:

- Вобразна кажучы, калі прыйшоў, не ведаў, як малаток у руцэ трымаць. Цяпер я давераная асоба майстра. Мы з рабятамі паддоны білі, балоны і руберойд на дах цягалі, платы разбіралі і збіралі, займаліся афарбоўкай, часам нам давяраюць мур і тынкоўку.

Расціслаў Кавалёў адмовіўся ад лета на рэчцы на карысць будоўлі свядома:

- Хачу набрацца вопыту і атрымаць заробак. Дапамагаў тату будаваць наш уласны дом, у які пераехалі год таму. У сілу ўзросту пачынаў з «падай-аднясі», потым тата мяне «павысіў» і давяраў больш сур'ёзныя даручэнні. Мне спадабалася, захацеў стаць будаўніком, у іншых прафесіях сябе не бачу

Заробак хлопцаў задавальняе. Расціслаў адкладае на мару - уласны аўтамабіль. Захар захапляецца лепкай з гліны і дроту, расходнікі на гэтае хобі патрабуюць грошай. Астатняе марнуе на вольны час, каб у бацькоў не браць.

У Магілёўскім раёне ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Любуж» дзейнічае педагагічны атрад «Алмаз» імя Героя Савецкага Саюза Івана Грышына, які аб'яднаў 23 байцы. Камандзір атрада Святлана Камовіч з МДУ імя А. А. Куляшова - будучы настаўнік пачатковых класаў. Расказвае:

- Старэйшыя курсы дзяліліся, што ў студатрадах лета праходзіць насычана і весела, прыходзіць шмат цікавых гасцей. Мне захацелася быць у гэтым датычнай. Рэальнасць перасягнула ўсе чаканні, таму я тут ужо трэці раз.

У дзяўчыны самыя юныя выхаванцы лагера - ад сямі да 10 гадоў. Дапамагае ім запраўляць ложкі, заплятае касічкі, нагадвае зубы пачысціць, праводзіць зарадку, насычае вольны час.

- Часам трэба пагаварыць з дзецьмі па душах. Па сутнасці замяняю бацькоў, - усміхаецца Святлана.

У мінулыя гады студэнтка нядрэнна зарабіла. Прызнаецца, частка грошай адклала, частка выдаткавала на дзявочыя радасці:

- Скажу шчыра, бацькі спачатку не зразумелі маё рашэнне запісацца ў студатрад. Казалі, улетку трэба адпачываць. Але калі ўбачылі мае палаючыя вочы, усе пытанні адпалі. Рэдка хто з важатых абмяжоўваецца адной зменай у лагеры - як мінімум на дзве застаюцца.

Прыязджае ў «Любуж» цягам трох гадоў і Ганна Аўчыннікава. У лагеры заўсёды новыя людзі, новыя знаёмствы, кажа, гэта дапамагае прапампаваць навык зносін:

- Знаёмым асобам таксама заўсёды радая. Прыемна бачыць, як сталее дзіця, якога ты вёў у малодшым атрадзе. Яшчэ прыемней, калі яны з радасцю бягуць насустрач абдымацца.

Папярэднія гады Аня працавала з малодшымі дзецьмі. На гэты раз вырашыла выйсці з зоны камфорту — узяла старэйшых рабят:

- З аднаго боку, у падлеткаў пераходны ўзрост, клопаты і перажыванні. З іншага, старэйшыя дзеці больш усвядомленыя і самастойныя. Яны мае памагатыя, з першых дзён абараняюць малых і вучаць іх шматлікаму карыснаму.

Студэнцкі атрад у лагеры - гэта яшчэ і магчымасць падоўжыць дзяцінства сабе, разважае Ганна:

Усе мы крыху дзеці. Падурэць, паскакаць на скакалцы, патанчыць на вячэрняй дыскатэцы - няўжо гэта не бясцэнна?

ПРАМАЯ МОВА

Камандзір Магілёўскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Алег Бойка:

У Магілёўскай вобласці павялічылася колькасць жадаючых запісацца ў студатрады: 4800 хлопчыкаў і дзяўчынак супраць 3900 на сярэдзіну чэрвеня 2024-га. У цэлым студатрадаўскім рухам у рэгіёне гэтым летам ахопяць амаль 7 тысяч чалавек. Фішка гэтага года ў пашыранай геаграфіі і сур'ёзным узроўні работ, якія давяраюцца.

Будаўнічы атрад «Тытан» імя Героя Савецкага саюза Міхаіла Уладзімірава з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта днямі адправіўся ў далёкую Якуцію на рэканструкцыю малога БАМа. Атрад «Аквакультура» імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка адправіцца на Камчатку на прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы - пакуль гэта самая далёкая кропка ў гісторыі магілёўскага рэгіёну. У Пермі наша моладзь стане часткай Усерасійскага студэнцкага медыцынскага праекта «Сэрца Пармы». Аднак найбольшая колькасць хлопцаў і дзяўчат у шэрагах студэнцкіх атрадаў традыцыйна будуць працаваць у роднай вобласці. Гатоўнасць іх прыняць выказалі больш за 250 арганізацый.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая