RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Студэнтаў будуць уключаць у спісы выбаршчыкаў па месцы пастаяннай рэгістрацыі

Выбаршчыкаў з ліку навучэнцаў і студэнтаў будуць уключаць у спісы для галасавання па пастаянным месцы жыхарства. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні ЦВК.

Змены зведае метадычны дапаможнік для выбаркамаў, які рэгулюе парадак складання спісаў выбаршчыкаў. Як патлумачыла сакратар ЦВК Алена Дмухайла, яно прымалася 20 красавіка, калі яшчэ была невядомая дата выбараў. Першапачаткова меркавалася, што студэнтаў вочнай формы навучання будуць уключаць у спіс выбаршчыкаў па часовай рэгістрацыі – у інтэрнатах або па месцы знаходжання навучальных устаноў. «Калі стала вядомая дата выбараў, мы зразумелі, што ў гэты час студэнты будуць знаходзіцца на канікулах у бацькоў, – сказала Алена Дмухайла. – Таму прапануецца прадугледзець, што навучэнцы, студэнты вочнай формы навучання, зарэгістраваныя па месцы знаходжання ў інтэрнатах або па месцы знаходжання ўстановы адукацыі, будуць уключацца ў спісы выбаршчыкаў па сваёй рэгістрацыі па пастаянным месцы жыхарства. Гэта будзе ўсім зручна».

Установы адукацыі ўжо падрыхтавалі інфармацыю пра іншагародніх студэнтаў. На яе падставе іх уключаць у спісы для галасавання па месцы пастаяннага жыхарства і адпаведна выключаць з тых, што будуць у інтэрнатах. Сакратар ЦВК удакладніла, што змены не закрануць студэнтаў, якія працуюць у студатрадах і жывуць у інтэрнатах. Але такіх выбаршчыкаў нямнога. «Усе астатнія будуць галасаваць па месцы пастаяннага пражывання. Такім чынам мы выканаем патрабаванні ч. 2 арт. 20 Выбарчага кодэкса аб тым, што выбаршчык павінен быць уключаны ў спіс толькі на адным участку для галасавання», – падкрэсліла Алена Дмухайла.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая