RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стварэнне крызіснага цэнтра ў Магілёўскай вобласці абмеркавалі ў аблвыканкаме з удзелам прадстаўнікоў Беларускага Чырвонага Крыжа

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сёння сустрэўся з генеральным сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыем Шаўцовым. Бакі абмеркавалі перспектывы працы грамадскага аб’яднання ў рэгіёне.

Як адзначыў Дзмітрый Шаўцоў, на Магілёўшчыне прадстаўлена найбольшая колькасць першасных арганізацый, калі браць у разрэзе па абласцях.

«Магілёўская вобласць досыць актыўна і вельмі даўно працуе ў плане дабрачыннасці, паказваючы гуманнасць і міласэрнасць. Падобныя азнаямленчыя сустрэчы з губернатарамі неабходныя, каб абмеркаваць пытанні ўзаемнага супрацоўніцтва, – расказаў ён. – Мы заўсёды гатовы падставіць плячо ў пытаннях сацыяльна-псіхалагічнай, медыка-сацыяльнай, гуманітарнай падтрымкі. Мы напрамую працуем з сацыяльна неабароненай катэгорыяй грамадзян».

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа расказаў аб відах дапамогі, акцыях, адукацыйных праграмах па падрыхтоўцы валанцёраў і іншых відах сацыяльнай падтрымкі, якая аказваецца арганізацыяй. Таксама Дзмітрый Шаўцоў падзяліўся планамі па адкрыцці да канца года ў Магілёўскай вобласці крызіснага цэнтра:

«Такія ўжо функцыянуюць у Брэсце, Гомелі і Гродне. Літаральна ўчора мы дапазна глядзелі аб’екты пад гэты цэнтр. Удзячныя гарвыканкаму за дапамогу ў даным пытанні. Нам прапануюць розныя варыянты, выбар ёсць. Будзем разглядаць памяшканні, дзе спатрэбяцца мінімальныя ўкладанні і аб’ём работ, каб адкрыць цэнтр у запланаваны тэрмін – да канца года.

Ён разлічаны не толькі на мігрантаў, але і перш за ўсё на тых людзей, хто апынуўся ў небяспечных жыццёвых сітуацыях: хатні гвалт, гандаль людзьмі, розныя сітуацыі, калі здарылася якая-небудзь надзвычайная сітуацыя. Напрыклад, згарэў дом і людзям цяпер няма дзе жыць. Яны абавязкова знойдуць прытулак у гэтым крызісным пакоі на неабходны час. Тут ім будуць выдадзены адзенне, сродкі гігіены, харчаванне. Яны не будуць мець патрэбу ні ў чым.

На базе гэтых крызісных цэнтраў таксама будзе развівацца аказанне дадатковых сэрвісаў: выдача адзення, мыццё бялізны і адзення для пажылых людзей, у тым ліку – з задзейнічаннем дапамогі валанцёраў, міні-цырульні, калі прыходзяць навучэнцы каледжаў і бясплатна стрыгуць людзей, якія не могуць сабе дазволіць гэту паслугу. Таксама на базе цэнтра плануецца навучаць аказанню першай дапамогі ўсіх жадаючых».

Папярэдне прадстаўнікі Чырвонага Крыжа разгледзелі варыянт памяшкання, дзе магчыма стварэнне двух пакояў, якія змяшчаюць да 10 чалавек, а таксама навучальнага класа.

Рэалізацыю гэтай ініцыятывы Анатоль Ісачанка падтрымаў. Пры гэтым рэкамендаваў не спяшацца з выбарам памяшкання.

«Такі цэнтр, безумоўна, патрэбны. Ці мала здараецца жыццёвых сітуацый у людзей, – адзначыў ён. – Аднак калі мы робім яго для жыцця людзей, а не для справаздач, то двух пакояў можа быць мала. Мужчыны, жанчыны... Ці калі розныя сем’і, да таго ж – з дзецьмі? Гэта дыскамфортна. Магчыма, варта разгледзець варыянт блокавага інтэрната. У любым выпадку – не варта спяшацца. На мой погляд, памяшканне павінна быць большае. Каб паўнавартасна выконваць свае функцыі. Усю неабходную дапамогу са свайго боку мы акажам».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая