RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і маладзёжнай палітыкі абмеркавалі ў рэжыме анлайн прадстаўнікі КНР і Магілёўшчыны

Адразу два тэлемосты з кітайскім горадам Цяньцзінь па абмеркаванні міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва і супрацоўніцтва ў сферы адукацыі прайшлі сёння ў Магілёве. На пляцоўцы ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі сабраліся прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб'яднанняў, маладога крыла Камуністычнай партыі Беларусі, студэнцкая і працуючая моладзь, каб прадэманстраваць сваю дзейнасць, абмяняцца вопытам і меркаваннямі, намеціць напрамкі будучага ўзаемадзеяння.

Удзельнікаў анлайн-сустрэчы прывітаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алег Пішчанка: «Сёння афіцыйная дэлегацыя Магілёўскай вобласці знаходзіцца з візітам у Цяньцзінь. У рамках гэтай сустрэчы праходзіць відэаканферэнцыя і ў нашай студыі. Спадзяемся, што сустрэча будзе максімальна карыснай для развіцця наступнага супрацоўніцтва, намеціць новыя пункты ўзаемаінтарэсаў».

Таксама на кітайскай мове звярнуліся да прадстаўнікоў Цяньцзіня навучэнцы магілёўскай гімназіі № 4 і пачулі ад носьбітаў мовы падзяку за дастойнае валоданне словам.

Пра маладых камуністаў Магілёўшчыны, вопыт і перспектывы расказаў першы сакратар абласнога камітэта КПБ, рэктар МДАІРА Міхаіл Жудро.

«Устойлівае развіццё дзяржавы ў значнай меры залежыць ад таго, наколькі стратэгічны, эканамічны і палітычны курсы падтрымліваюцца маладым пакаленнем, яго стваральнай актыўнасцю.

Праца з моладдзю - гэта праца на будучыню нашай партыі, на перспектыву нашага руху. Сёння мы праектуем асноўныя кірункі гэтай працы на гады наперад. Мы не чакаем імгненных вынікаў. Менавіта стаўка на моладзь дазволіць нам захаваць партыю і прымножыць нашыя слаўныя традыцыі», – падзяліўся меркаваннем ён.

Першы сакратар абласнога аб'яднання БРСМ Аляксандр Саксонаў адзначыў, што галоўнай у рабоце з моладдзю з'яўляецца стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У якасці прыкладу ён прывёў студатрадаўскі рух і пацікавіўся магчымасцю разгледзець працаўладкаванне студэнтаў з Магілёўскай вобласці ў КНР у вольны ад вучобы час. У ходзе размовы ўдзельнікі сустрэчы задалі і іншыя пытанні і змаглі атрымаць адказы, абмяняцца думкамі і прапановамі.

На другой пляцоўцы ў МДУ ім. А.А.Куляшова з прадстаўнікамі кітайскага боку абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Удзельнікаў круглага стала прывітаў рэктар ВНУ Дзяніс Дук.

«Правядзенне гэтага семінара з'яўляецца яшчэ адным крокам, нашым сціплым укладам па ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь», - падкрэсліў ён. - Нашым універсітэтам праводзіцца планамерная работа па развіццю супрацоўніцтва. Цяпер на базе ўніверсітэта дзейнічае Цэнтр кітайскай мовы і культуры, асноўнай задачай якога з'яўляецца развіццё цікавасці да вывучэння кітайскай мовы, гісторыі, культуры Кітая не толькі сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, але і ў цэлым ва ўсходнім рэгіёне Рэспублікі Беларусь. Правядзенне дадзенага круглага стала з'яўляецца працягам супрацоўніцтва паміж МДУ імя А.А.Куляшова і Цянзінскім універсітэтам замежных моў.

Наш універсітэт адкрыты да рэалізацыі сумесных адукацыйных праектаў у розных сферах, але асаблівую цікавасць выклікае, перш за ўсё, стварэнне сумесных адукацыйных праграм. МДУ імя А.А.Куляшова - гэта вядучы ўніверсітэт ва ўсходнім рэгіёне Рэспублікі Беларусь. Мы ганарымся сваёй гісторыяй, якая налічвае ўжо 110 год, сваімі выпускнікамі. І перш за ўсё - Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які заканчваў гістарычны факультэт ВНУ.

Ва ўніверсітэце назапашаны багаты досвед навучання студэнтаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Асабліва запатрабаванымі сярод грамадзян Кітая з'яўляюцца спецыяльнасці магістратуры па напрамках: педагогіка, музычнае мастацтва, псіхалогія, юрыспрудэнцыя. Больш за 400 студэнтаў з Кітая паспяхова прайшлі навучанне ў нашым універсітэце, атрымалі дыпломы і сталі запатрабаванымі спецыялістамі.

Таксама першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ігар Лашкевіч, які прымаў удзел у сустрэчы, адзначыў злучальную ролю сферы адукацыі ў развіцці двухбаковых адносін магілёўскага і кітайскага рэгіёнаў, умацавання ўзаемадзеяння нашых народаў. «Першараднае значэнне ў рамках гэтага супрацоўніцтва адводзіцца папулярызацыі, падтрымцы і пашырэнню магчымасцей для вывучэння кітайскай і беларускай моў і культур нашых дзяржаў, - адзначыў ён. – Партнёрства дзвюх краін у сферы адукацыі мае ўзаемавыгадны характар і мае сур'ёзны патэнцыял на яго пашырэнне і развіццё ў будучыні».

З гэтай мэтай Ігар Лашкевіч прапанаваў разгледзець магчымасць стварэння рэгіянальнага цэнтра па вывучэнні кітайскай мовы ў гімназіі горада Мсціслаўля, правядзення лекцый і практычных заняткаў у рэжыме анлайн, арганізацыі дыстанцыйных стажыровак, канферэнцый, круглых сталоў з мэтай абмену вопытам, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў.

Прадстаўнікі кітайскага боку ў сваіх выступленнях адзначалі, што з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі з году ў год умацоўваецца сяброўства і партнёрства. У першую чаргу, устаноўленая на ўзроўні лідэраў дзвюх краін. Таксама яны выказалі ўпэўненасць, што правядзенне анлайн-канферэнцый у рамках Дзён Магілёўскай вобласці ў Кітаі закладзе важны фундамент для супрацоўніцтва і ўнясе важны ўклад ва ўмацаванне сувязей паміж прадстаўнікамі маладзёжнай супольнасці Кітая і Беларусі. І падкрэслілі, што моладзь - гэта рухаючая сіла глабальнага развіцця і будаўніцтва будучага ўсяго свету. А падобныя круглыя сталы - магчымасць пераадолець бар'еры ў сферах культуры, мовы і пабудаваць масты ўзаемадзеяння.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўриыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая