RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Свята «Александрыя збірае сяброў» пройдзе ў Шклоўскім раёне 6-7 ліпеня

Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 6-7 ліпеня. Пра гэта паведаміў сёння начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алег Стальмашок падчас рабочага пасяджэння, дзе разглядаліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення фестывалю.

У абмеркаванні прынялі ўдзел кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.

Як адзначыў Алег Стальмашок, усе мерапрыемствы «Купалля» традыцыйна адбудуцца на беразе ракі Днепр, рэчышча якой служыла калыскай культуры многіх славянскіх народаў, а водная артэрыя некалі была неад’емнай часткай вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Спрадвеку Днепр злучаў беларусаў, расіян і ўкраінцаў. Ён і сёння застаецца найважнейшай камунікацыйнай воссю. Гэта спрыяе ўзаемавыгаднаму гандлёва-эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму супрацоўніцтву прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, пашырэнню міжрэгіянальных інтэграцыйных сувязяў.

У гэтым годзе «Купалле» пройдзе ў дзясяты раз, удакладніў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама. Тэма трохгоддзя малой радзімы стане галоўнай на свяце. Геаграфія фестывалю пастаянна пашыраецца. У сёлетнім ліпені Александрыя сустрэне гасцей з Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы і інш. Дэлегацыі краін-удзельніц прадставяць калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Тэматычныя пляцоўкі свята будуць працаваць на працягу двух дзён.

На выставе-кірмашы «Александрыйскі кірмаш» усе рэгіёны краіны прадставяць экспазіцыйна-тэматычныя купальскія падворкі. Тут можна будзе пазнаёміцца з брэндавымі фестывалямі, конкурсамі, святамі, пленэрамі, якія адлюстроўваюць непаўторнае культурнае аблічча свайго горада, раёна, захоўваюць і папулярызуюць існуючыя толькі ў гэтым рэгіёне традыцыі, звычаі, легенды, паданні, гісторыка-культурныя каштоўнасці, рамёствы, стравы і г. д.

Гандлёвыя пункты размесцяцца на «Александрыйскай гасцінай». Прадпрыемствы сістэмы спажыўкааперацыі падрыхтуюць шырокі асартымент харчовых тавараў, а таксама страў краін блізкага замежжа. Прыярытэтным напрамкам будзе падрыхтоўка ежы на віду ў наведвальнікаў (барбекю, блінцы з начыннем, дранікі і інш.). Падчас свята таксама арганізуюць дэгустацыі.

Для таго каб госці і ўдзельнікі «Купалля» адчувалі сябе камфортна, будзе арганізавана не менш за 3 тыс. пасадачных месцаў на прадпрыемствах грамадскага харчавання. Каля 120 суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання плануюць абслугоўваць гасцей, якія прыедуць на свята «Александрыя збірае сяброў». Агульная даўжыня гандлёвай экспазіцыі складзе 1,2 км.

Пляцоўка «Творчасць маладых» стане месцам дэманстрацыі розных спартыўных, творчых, навукова-тэхнічных праграм і дасягненняў моладзі. Тут адбудзецца музычна-гульнявая праграма «Казка пра чароўную кветку», канцэрты моладзевых творчых калектываў «Пакаленне NEXT» і бардаўскай песні «Любоў я да Радзімы захоўваю», квэсты, майстар-класы рэлакс-тэрапіі. Запланавана праца выставы-кірмашу вырабаў устаноў адукацыі і сацыяльнай абароны Магілёўскай вобласці, паказ найлепшых узораў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, выкананых у розных тэхніках і матэрыялах.

Цікавай абяцае стаць пляцоўка «Свята цырка ў Александрыі» з цыркавымі выступленнямі, а таксама лазертаг. Палёты самалётаў і парашутыстаў прадэманструе Магілёўскі аэраклуб ДТССАФ імя А. М. Кулагіна. Абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў арганізуе працу спартыўных пляцовак. Для памятных фота ўсталююць фотазоны, а для маленькіх наведвальнікаў – дзіцячыя атракцыёны.

ААТ «Мінскі трактарны завод» прэзентуе сваю прадукцыю на пляцоўцы «Зроблена ў Беларусі», а «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» – на «Каравайнай сядзібе». На апошняй правядуць не толькі дэгустацыі, але і «Свята квасу».

Падчас фестывалю будуць адкрыты павільёны «Кніжны кірмаш» і «Друкарскі двор» з зонамі вытворчасці паперы і друку. Запланавана правядзенне прэзентацый новых кніг і часопісаў, аўтограф-сесій, конкурсаў.

На малой сцэне ў першы дзень фестывалю адбудзецца адкрыццё і тры канцэрты, дзе выступяць творчыя калектывы рэгіёнаў Беларусі і краін-удзельніц свята, дзіцячыя ансамблі Магілёўскай вобласці, прафесійныя артысты Прыдняпроўскага краю. У ноч з 6 на 7 ліпеня тут пройдзе моладзевая дыскатэка з удзелам айчынных выканаўцаў.

Кульмінацыяй першага дня свята будзе гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» на галоўнай пляцоўцы, якая налічвае 3,5 тыс. пасадачных месцаў партэра, і феерверк.

У другі дзень маштабнага свята пляцоўкі прадоўжаць працу. Акрамя таго, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу вобласці, а затым – выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі і групы «Сябры».

Дарэчы, квіткі на канцэрты, якія пройдуць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы, ужо маюцца ў продажы. Іх можна набыць у касе Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

Алег Стальмашок дадаў, што падчас «Купалля» для зручнасці наведвальнікаў усталююць інфармацыйныя тумбы (на цэнтральным ўваходзе і ля галоўнай сцэны), будуць працаваць валанцёры, камеры захоўвання і пункт абмену валют. Для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў да месца правядзення свята будзе традыцыйна выбудавана зручная транспартная лагістыка. Складзены графікі і расклад руху чыгуначных цягнікоў рэгіянальных ліній і аўтамабільнага транспарту. Яны ўвязаны з пачаткам і заканчэннем усіх мерапрыемстваў. Як звычайна, для гасцей свята, якія прыбываюць самастойна на ўласным транспарце, будуць уладкаваныя аўтамабільныя стаянкі з падвозам да Александрыі. Тут можна будзе і пераначаваць. Імправізаваны палатачны лагер, як і ў мінулыя гады, не забаронены.

Арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Шклоўскі райвыканкам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая