RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сям’я Нікалаевых з Магілёва стала ўладальнікам звання «Сям’я года»

Фінал чацвёртага рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» адбыўся сёння ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску. Пераможцай стала сям’я Нікалаевых з Магілёва.

Да фіналу дайшлі 7 найлепшых сем’яў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікам трэба было прайсці некалькі выпрабаванняў. Першым конкурсам стаў «Радавод»: сем’і прэзентавалі візітныя карткі, дзе расказалі пра гісторыю свайго роду, пра сямейныя звычаі і традыцыі. Удзельнікі падрыхтавалі сацыяльна значны праект «Мая краіна – мая сям’я», у якім прадставілі сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, захапленні, поспехі і дасягненні.

Прызавыя месцы былі размеркаваны ў залежнасці ад набраных балаў па выніках конкурсных мерапрыемстваў.

Дыплом I ступені і прэмію ў памеры Br 1,9 тыс. атрымала сям’я Нікалаевых з Магілёва. «Радасна, што ў краіне ёсць такія сем’і, – адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, віншуючы пераможцаў. – Вы сапраўды героі, краіна вамі ганарыцца. Сямейная палітыка шматгранная. Перш за ўсё, гэта фінансавая падтрымка, асабліва шматдзетным сем’ям. Але фінансамі не ўсё вымяраецца. Сёння краіна фарміруе ў грамадстве сям’ю-ўзор, сям’ю-прыклад. Гэта тыя, хто сёння стаіць на сцэне – моцныя, разумныя, прыгожыя, шчаслівыя».

Алена і Сяргей Нікалаевы выхоўваюць пяцярых дзяцей: Андрэя, Алесю, Уладзіслава, Аляксандру і Станіслава. Сям’я з самага пачатку верыла ў перамогу. «Мы казалі, што пераможам, і перамаглі – свой родны горад не падвялі. Мора эмоцый, у нас слёзы на вачах. Гонар за сям’ю, у адзіночку нічога не атрымаласяб. Тры месяцы падрыхтоўкі апраўдалі сябе. Гэта гонар і высокая адказнасць, дзякуй усім, хто падтрымліваў і дапамагаў», – наперабой кажуць бацькі і дзеці.

Дыпломаў II ступені і грашовых прэмій у памеры Br 890 былі ўдастоены Бычкоўскіяз Мінска і Нікіціны з Гомеля.

Дыпломы III ступені і прэміі ў Br 510 атрымалі сем’і Коцік з Брэста, Кулаковы з Віцебска, Качура з Ліды і Івашкі з Нясвіжа.

У падарунак ад арганізатараў усе фіналісты атрымалі персанальныя камп’ютары, тэлевізары, веласіпеды, футбольныя мячы, партатыўныя калонкі, бесправадныя навушнікі, наборы цукерак і цацак, камплекты сталовай бялізны, кнігі і сертыфікаты на бытавую тэхніку.

Рэспубліканскі конкурс «Сям’я года» стартаваў у 2012 годзе, першай пераможцай стала шматдзетная сям’я Глазковых з Магілёва. Другі рэспубліканскі конкурс прайшоў у 2014 годзе, трэці – у 2017 годзе, перамогу ў іх атрымалі Ніканчукі з Наваполацка і Петрушко з Калінкавіч адпаведна.

Арганізатарам конкурсу выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры ўдзеле Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, рэспубліканскіх і міжнародных грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый.

 

Тэкст - БЕЛТА

Фота - БЕЛТА і Наталлі Кусковай, газета "Працоўная слава"

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая