RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Трэнеры па лёгкай атлетыцы і ваенрукі: у МДУ імя Куляшова з'явяцца новыя спецыяльнасці

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова сёлета пачнецца набор на новыя спецыяльнасці. Пра гэта расказаў начальнік аддзела рэалізацыі праграм даўніверсітэцкай адукацыі і прафарыентацыі МДУ імя А.А.Куляшова Аляксей Бірукоў.

«У гэтым годзе новыя спецыяльнасці з'явіліся ў нас на двух факультэтах. Адна з іх - гэта факультэт замежных моў. Тут з'явіцца спецыяльнасць «Сучасныя замежныя мовы» (англійская і кітайская). Гэты актуальны напрамак, створаны зыходзячы з запытаў сучаснага свету. Традыцыйна тут вялася падрыхтоўка па нямецкай, англійскай і французскай мовах. Але ўлічваючы рэаліі сённяшняга дня і вялікую цікавасць да ўсходняга вектара, вырашылі ўпершыню набіраць студэнтаў і на кітайскую мову. Па завяршэнні студэнтам будзе прысвойвацца кваліфікацыя «Лінгвіст. Выкладчык», - падзяліўся ён. - Для якаснай падрыхтоўкі па гэтаму напрамку ў нашай ВНУ ёсць усё неабходнае. Універсітэт цесна супрацоўнічае з Кітаем, на базе ВНУ дзейнічае Цэнтр кітайскай мовы і культуры, вядуцца работы па адкрыцці філіяла інстытута Канфуцыя. Усё гэта будзе садзейнічаць якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў па гэтаму напрамку: абмен вопытам з калегамі, стажыроўкі. Мы ўпэўненыя ў тым, што новая спецыяльнасць будзе запатрабаванай».

Яшчэ адна спецыяльнасць з'явіцца на факультэце фізічнага выхавання. «У нашага факультэта вялікая гісторыя, і сёлета мы ўпісваем новую старонку - тут пачнецца падрыхтоўка па накіраванні «Трэнерская дзейнасць. Лёгкая атлетыка». Традыцыйна мы выпускалі спецыялістаў з кваліфікацыяй «Выкладчык». Але з такой кваліфікацыяй яны не могуць працаваць трэнерамі, а зараз такая магчымасць з'явіцца. Нашы выпускнікі, адвучыўшыся на новай спецыяльнасці, змогуць быць як выкладчыкамі, так і трэнерамі па гэтым відзе спорту», - распавёў Аляксей Бірукоў.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце з'явіцца і новы профіль. «Ён таксама будзе на факультэце фізічнага выхавання. Гэта будзе першы і пакуль адзіны ў краіне набор на прафілізацыю ў рамках спецыяльнасці «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» - гэта будзе «Ваенна-патрыятычнае выхаванне». Улічваючы той факт, што цяпер гэты напрамак набірае абароты ў нашай краіне, адпаведна, патрэбны спецыялісты, якія будуць працаваць ва ўстановах адукацыі на пасадзе кіраўнікоў па ваенна-патрыятычнаму выхаванню, - падкрэсліў ён. - І пакуль нідзе ў краіне, акрамя нашай ВНУ, такіх спецыялістаў не рыхтуюць. І мы ўжо бачым запатрабаванасць такіх кадраў - нам тэлефануюць і з іншых абласцей».

Галоўная задача, якая стаіць перад магілёўскай ВНУ, - якасная падрыхтоўка будучых кадраў для розных сфер жыцця вобласці, іншых рэгіёнаў і ўсёй краіны. І каб ісці ў нагу з часам, у магілёўскай ВНУ пільна сочаць за ўсімі зменамі, своечасова рэагуючы на запыты грамадства.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая