RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Творчыя конкурсы да Дня маці пройдуць у Магілёўскай вобласці

Адзін з конкурсаў – «Светлае імя – мама» – пройдзе 14 кастрычніка ў маладзёжным цэнтры культуры і вольнага часу гарадскога пасёлка Краснаполле. На яго запрашаюць удзельніц ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў. А трэба будзе канкурсанткам, у якіх ёсць дзеці, прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, знаходлівасць, кемлівасць.

Раённы агляд-конкурс будзе складацца з некалькіх этапаў. У дамашнім заданні «Самая лепшая мама на свеце» яны пакажуць зробленую сваімі рукамі насценгазету. «Падарунак маме падрыхтуем самі» – гэта свораныя рукамі дзяцей удзельніц работы, якія могуць быць выкананы з любых матэрыялаў у любой тэхніцы. Крэатыўна, цікава матулі павінны будуць расказаць аб сваёй прафесіі, захапленнях, любімай сям’і. У «Мама можа!» удзельніцы змогуць раскрыцца як творчыя асобы, у «Выхадзе з сітуацыі» – абыграць варыянты розных жыццёвых сітуацый, у «Мама-стылі» – даказаць, што могуць быць моднымі і прывабнымі нават у хатняй вопратцы. У конкурсе «Мама, зразумей мяне» – адгадаць, якіх спецыялістаў, жывёл або прадметы апісваюць дзеці...

Пераможцы будуць адзначаны дыпломамі і прызамі. А работы пераможцаў фотаконкурсу «Самая выдатная з жанчын – жанчына з дзіцем на руках», абвешчанага ў Магілёўскім раёне, акрамя гэтага, будуць апублікаваны ў раённай газеце і сацсетках у суполках «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцяў», ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна».

Да ўдзелу ў ім арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама, цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна і рэдакцыя Магілёўскай раённай газеты «Прыдняпраўская ніва» – прывабліваюць землякоў, а таксама людзей, якія вучацца і працуюць ва ўстановах, арганізацыях, прадпрыемствах раёна:

– Для гэтага неабходна ў тэрмін да 10 кастрычніка 2022 года накіраваць на электронны адрас metodotdell7@yandex.by фатаграфіі добрай якасці, выкананыя ў любым жанры, адпаведныя тэматыцы фотаконкурсу, а таксама заяўку на ўдзел. Адзін удзельнік можа даслаць па адной фатаграфіі не больш чым у дзвюх намінацыях конкурсу. У заяўцы неабходна ўказаць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, адрас, месца вучобы або працы, кантактны тэлефон.

Фотаконкурс праводзіцца ў намінацыях: «Тры пакаленні» (на яго прымаюцца здымкі з выявай трох пакаленняў жанчын адной сям’і), «Два сэрцы, два жыцці» (фота, якія адлюстроўваюць момант чакання дзіцяці), «Маміна радасць» (здымкі з дзецьмі), «Сем Я» (фатаграфіі шматдзетных сем’яў) і «Спыніся, імгненне! Ты выдатнае!» (фотакалажы: здымак маці і дзіцяці (дзве фатаграфіі, зробленыя ў розным узросце).

Мэта конкурсу – прапаганда і ўмацаванне сямейных традыцый і каштоўнасцяў, павышэнне ролі сям’і ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей, папулярызацыя сямейных традыцый і каштоўнасцяў сродкамі фотамастацтва.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая