RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тыдзень добрых спраў і пытанні на кемлівасць –Магілёўскі інстытут МУС правёў анлайн-конкурс

Магілёўскі інстытут МУС правёў анлайн-конкурс «#Элементарна_Ватсан». Яго ўдзельнікамі сталі каля 300 школьнікаў з усёй рэспублікі. Пра гэта расказала афіцыйны прадстаўнік установы адукацыі Марына Грамыка.

«Штогод супрацоўнікі і курсанты Магілёўскага інстытута МУС у межах прафарыентацыі школьнікаў праводзілі маштабныя дні адчыненых дзвярэй, на якія з’язджаліся хлопцы з усёй рэспублікі. Творчыя калектывы супрацоўнікаў і курсантаў інстытута ездзілі ў госці да абітурыентаў у розныя гарады Беларусі. Але сёлета праз эпідэміялагічнае становішча давялося шукаць новыя варыянты працы з нашымі будучымі студэнтамі, – расказала Марына Грамыка. – Мы прыдумалі для хлопцаў анлайн-конкурс, які праходзіў цэлы месяц у інтэрнэце».

Конкурс праходзіў у адной з сацыяльных сетак у спецыяльна створанай групе. Аргкамітэт на працягу чатырох тыдняў даваў дзецям уступныя звесткі для выканання таго ці іншага задання, за выкананне якога ім налічваліся балы. «Самым захапляльным стаў першы этап конкурсу. Заданні публікаваліся ў рэжыме рэальнага часу, а ўдзельнікам неабходна было правільна і хутчэй за ўсіх адказаць на зададзеныя пытанні. Максімальны час на адказ –дзве хвіліны, па заканчэнні якіх публікавалася наступнае пытанне. Канкурсанты адказвалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй праваахоўных органаў, дэманстравалі сваё ўменне лагічна думаць, хутка рэагаваць і знаходзіць сувязь паміж самымі, на першы погляд, нязвязанымі рэчамі. У выніку першага тура найлепшай стала навучэнка Быстрыцкай сярэдняй школы з Мінскай вобласці Соф’я Шувалава», – расказала афіцыйны прадстаўнік ВНУ.

На наступным этапе конкурсу вучням трэба было зняць відэаролік працягласцю не больш за 5 хвілін, у якім яны расказвалі, за што любяць свой горад або пэўнае месца ў ім. Удзельнікі ў сваіх відэаманалогах выкарыстоўвалі самыя разнастайныя ідэі. У гэтым выпрабаванні перамогу атрымала навучэнка сярэдняй школы № 25 горада Магілёва Аляксандра Соп. Яна расказала пра сваё любімае месца ў родным горадзе, дзе «можна ўбачыць непадробныя пачуцці чалавека»–пра чыгуначны вакзал.

Наступны этап анлайн-бітвы быў прысвечаны Дню маці. Удзельнікі арганізоўвалі фотасесіі з самым блізкім і родным чалавекам –мамай – і прысвячалі ёй словы падзякі. Па выніках анлайн-галасавання перамогу атрымаў Андрэй Царук з Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Тыдзень добрых спраў стаў апошнім этапам конкурсу. Вучні стараліся зрабіць як мага больш карысных спраў, дапамагчы тым, каму гэта было трэба. Свае справаздачы яны выкладвалі ў сацыяльных сетках, суправаджаючы іх адмысловымі хаштэгамі: #Элементарна_Ватсан, #Магілёўскі інстытут_МУС, #БРСМ_Магілёў. Пераможцам чацвёртага этапу конкурсу стала Ануш Маркаран з Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа.

«На працягу ўсяго конкурсу ўдзельнікі дэманстравалі свае здольнасці, веды, прамоўніцкае майстэрства і крэатыў. Паміж імі разгарнулася сапраўдная барацьба за лідарства. У выніку аргкамітэт прыняў рашэнне аб’явіць не аднаго, а чатырох пераможцаў. Імі сталі Кацярына Старамужава з Машканскай сярэдняй школы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, Яна Слуцкая са Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Валянціна Бароўская з Дзвіжкоўскай школы Ельскага раёна Гомельскай вобласці і Ульяна Пушкарова з Кардонскай сярэдняй школы горада Шуміліна Віцебскай вобласці», – паведаміла Марына Грамыка.

Складаная эпідсітуацыя не дазволіла ўзнагародзіць пераможцаў у сценах Магілёўскага інстытута МУС: дыпломы і падарункавыя сертыфікаты прызёрам накіравалі поштай.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Магілёўскі інстытут МУС і гаркам ГА «БРСМ».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая