RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Тыдзень лесу» ў Магілёўскай вобласці: асаблівая ўвага - пашкоджаным вятрамі ўчасткам

У Магілёўскай вобласці праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу». Асаблівую ўвагу сёлета ў рэгіёне нададуць лясным тэрыторыям, якія найбольш пацярпелі пасля моцных вятроў, напрыклад, у Чэрыкаўскім раёне.

Да аднаўленчых работ на тэрыторыі Верамейскага лясніцтва далучыліся каля 20 работнікаў Магілёўскага ДВЛГА. «Сёння працы ідуць на ўчастку плошчай 1, 4 га. Высаджваем ясені, дубы і елкі. Усяго тут будзе высаджана 7-7,5 тыс. саджанцаў і сеянцаў», - сказаў дырэктар Чэрыкаўскага лясгаса Аляксандр Жэбін.

Паводле слоў дырэктара лясгаса, лесаводам раёна ў гэтым годзе трэба будзе высадзіць і засеяць каля 510 га культур, якія былі на ветравальна-бураломных участках. «Па планах на вясну - 80% ад агульнага аб'ёму, яшчэ 20% - увосень. Але будзем глядзець па надвор'і. Вясна ў нас позняя, вільгаці ў глебе хапае - будзем узмоцнена працаваць, - падкрэсліў ён. - Падчас акцыі «Тыдзень лесу» да нас далучацца не толькі калегі. З намі будуць працаваць 5 раённых і 2 гарадскія школы, у суботу да нас прыедуць работнікі райвыканкама, моладзь з БРСМ. А заўтра чакаем у памагатыя прадстаўнікоў пракуратуры, следчых органаў. Кожны хоча ўнесці свой уклад у наш будучы лес. У гэтым годзе акцыя праходзіць 16-ы раз. І прыемна адзначыць, як з кожным годам яна становіцца ўсё больш папулярнай у людзей. Мы рады такой дапамозе. Бо неабходна захоўваць баланс у прыродзе: колькі высек, столькі, будзь ласкавы, пасадзі новага. У дадзеным выпадку мы агульнымі намаганнямі аднаўляем пацярпелы ад непагадзі лес. Гэта сур'ёзны ўклад у будучыню, наступным пакаленням».

Яшчэ адна асаблівасць акцыі па пасадцы лесу - яе ўдзельнікамі сталі два заслужаныя лесаводы Беларусі. Адзін з іх - Мікалай Варонін. Яму летам споўніцца 84 гады, але ён смяецца, што навык пасадкі саджанцаў не страціў. «Я ў лясной гаспадарцы можна сказаць адслужыў больш за 40 гадоў. Прайшоў увесь шлях. І зараз застаюся ўпэўненым у тым, што маладых спецыялістаў спачатку трэба адпраўляць працаваць на зямлю, каб яны зразумелі ўсю важнасць работы лесаводаў, больш практыкі мелі, - лічыць ён. - Вядома, час ідзе наперад. Цяпер у ляснічых столькі тэхнікі, што нам такога нават не снілася. Мы-то больш рукамі ўсё рабілі, трактар новы - нябачанае шчасце для ўсяго лясніцтва».

Цяпер Мікалай Варонін на пенсіі. Але кажа, што любоў да працы захаваў да гэтага часу. «У сябе на ўчастку розныя пароды вырошчваю: іх у мяне больш за 40. Высаджваю, даглядаю. Школе туі перадаваў, з аднавяскоўцамі дзялюся. Мой дом лёгка пазнаць, - смяецца ён. - Лес наш, прыроду трэба берагчы. Гэта ж не толькі для нас сёння - гэта для наступных пакаленняў. І мы ўжо зараз павінны думаць аб тым, што перадамо далей».

Яшчэ адна пастаянная ўдзельніца такіх акцый - вядучы эканаміст Магілёўскага ДВЛГА Таццяна Бяляўская. Яна не без гумару заўважае, што яе асноўная праца - лес лічыць, а не высаджваць. «У такіх акцыях удзельнічаю два разы на год: увесну і ўвосень. Цяпер мы знаходзімся там, дзе лес вельмі сур'ёзна пацярпеў ад непагадзі ў мінулым годзе. Тады перад намі стаяла задача выратаваць, захаваць якасць і рэалізаваць драўніну. З гэтай задачай мы зладзіліся. А зараз трэба аднавіць усё тое, што было пашкоджана. Гэты лес ужо застанецца нашым нашчадкам», - разважае яна.

Як расказала вядучы юрысконсульт Магілёўскага ДВЛГА Ірына Цысельская, моцныя вятры ў мінулым годзе пашкодзілі ў рэгіёне каля 37 тыс. га лесу. «Асноўная задача, якая стаіць перад нашым аб'яднаннем, - гэта аднавіць лясны фонд на пашкоджаных тэрыторыях. Гэта каля 3,7 тыс. га. Аднаўленчыя работы пачалі яшчэ ў мінулым годзе, скончыць іх плануем вясной 2024 года. Цяпер асноўныя сілы накіраваны на гэта. Мы да гэтага гатовы, у нас ёсць саджанцы з закрытай і адкрытай каранёвай сістэмай, ёсць тэхніка, людзі. Робім усё магчымае, што нашы лясы аднавіць і прывесці ў парадак, - расказала яна. - Наша праца чымсьці нагадвае працы аграрыяў. Але яны вясной пасеялі, а восенню сабралі ўраджай. У нас усё крыху інакш. На поўную сілу мы свой «ураджай», ужо моцны і прыгожы лес, зможам убачыць гадоў праз 40-60. А пакаленні пасля нас будуць любавацца прыгожым, здаровым і моцным лесам. Лес робіць наш край неверагодна прыгожым, гэта вельмі каштоўны рэсурс. І выдатна, што такая акцыя, як «Тыдзень лесу», дазваляе кожнаму зрабіць свой унёсак у будучыню».

Рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу» ў Магілёўскай вобласці працягнецца па 23 красавіка. Яна прымеркавана да Года міру і стварэння. У Магілёўскай вобласці заяўкі на ўдзел падалі ўжо больш як 12,5 тыс. чалавек. Аднак, як гавораць спецыялісты, гэтая лічба - не канчатковая. Падчас акцыі ўдзельнікі не толькі высадзяць саджанцы, але і навядуць парадак у лясах і зонах адпачынку.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая