RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тыдзень роднай мовы праходзіць у Магілёўскім інстытуце МУС

Тыдзень роднай мовы праходзіць у Магілёўскім інстытуце МУС, паведамілі ў профільнай ВНУ.

Тыдзень роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!» праходзіць па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ва ўсіх навучальных установах краіны. У Магілёўскім інстытуце МУС ініцыятыву падтрымала кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Для курсантаў падрыхтавалі цікавую і пазнавальную праграму.

Старт тэматычным мерапрыемствам дала рэспубліканская дыктоўка, прымеркаваная да Дня народнага адзінства. Яе прапанавалі напісаць першакурснікам, якія толькі пачалі вывучаць курс па прафесійнай лексіцы на беларускай мове. Як адзначылі на кафедры, такая праверка ведаў стала цікавым выпрабаваннем для будучых міліцыянераў, якія з поспехам справіліся з заданнем.

Прадоўжыўся Тыдзень роднай мовы творчым фарматам: хлопцы спрабуюць свае сілы ў розных конкурсах. Так, на адным з заняткаў па беларускай мове кожны з іх змог паспрабаваць свае сілы ў напісанні літаратурнага твора: курсанты пісалі эсэ і пейзажныя замалёўкі па матывах карцін В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

У якасці эксперыменту курсанты праслухалі лекцыю па рыторыцы на беларускай мове. Яе правёў начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Сяргей Венідзіктаў. І, па яго словах, нягледзячы на тое што для другакурснікаў такія заняткі больш звыклыя на рускай мове, з разуменнем новага матэрыялу ў курсантаў не ўзнікла праблем. Яны змаглі хутка зарыентавацца і з цікавасцю пазаймацца. Што немалаважна, пытанні выкладчыку яны задавалі таксама на беларускай мове.

Працягнецца Тыдзень роднай мовы ў Магілёўскім інстытуце МУС конкурсам для першакурснікаў, які будзе прымеркаваны да Дня еўрапейскіх моў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая