RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У 2017 годзе ў Магілёўскі аблвыканкам на суботнія прамыя тэлефонныя лініі паступіла больш за 1 тыс. зваротаў ад жыхароў рэгіёна

Штотыдзень па суботах кіраўнікі выканаўчых і распарадчых органаў Магілёўскай вобласці, іх намеснікі праводзяць прамыя тэлефонныя лініі з насельніцтвам. На працягу трох гадзін службовыя асобы аблвыканкама, гарадскіх, раённых, сельскіх выканкамаў, адміністрацый раёнаў Магілёва і Бабруйска абмяркоўваюць з жыхарамі рэгіёна пытанні, якія адносяцца да іх кампетэнцыі, прымаюць меры рэагавання па праблемах жыццядзейнасці насельніцтва.

«Гэтая форма работы, уведзеная са студзеня 2015 года, застаецца запатрабаванай на працягу ўсяго часу яе прымянення і з’яўляецца важным сродкам ўзаемадзеяння паміж насельніцтвам і ўладай», – паведаміла карэспандэнту сайта начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магаблвыканкама Іна Філіпава.

У мінулым годзе на 51 суботнюю прамую тэлефонную лінію паступіла 1 088 зваротаў. З іх найбольшая колькасць – ад жыхароў Магілёва (42% ад агульнай колькасці), Магілёўскага раёна (11%) і Бабруйска (7%). Мінімальна прыйшло з Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў (0,5%).

Як падкрэсліла Іна Філіпава, у зваротах грамадзян пераважаюць тэмы, якія адносяцца да сферы камунальна-бытавой гаспадаркі і добраўпарадкавання (50% усіх зваротаў). Часцей за ўсё жыхароў рэгіёна хвалююць пытанні рамонту дарог, захавання і рамонту жылога фонду, добраўпарадкавання населеных пунктаў і дваровых тэрыторый, аплаты і пераразліку за жыллёва-камунальныя паслугі.

Акрамя таго, жыхары вобласці звяртаюцца па пытаннях працы і заработнай платы. «Тут можна вылучыць праблемы працаўладкавання, нясвоечасовай выплаты зарплаты ці яе нізкай аплаты на прадпрыемствах і ў арганізацыях розных формаў уласнасці, – удакладніла Іна Філіпава. – Актуальнымі застаюцца пытанні, якія тычацца сацыяльнага забеспячэння і сацыяльнай абароны: прызначэнне і пераразлік пенсій, сацабслугоўванне, выплата дапамог і інш. Таксама закранаецца вобласць жыллёвай сферы і сельскай гаспадаркі».

Прыкладна такая ж тэматыка назіраецца і ў гаррайвыканкамах, адміністрацыях раёнаў Магілёва і Бабруйска, сельвыканкамах. Усяго ў мясцовыя органы ўлады ў 2017 годзе паступіла 4 160 зваротаў.

У цэлым, па выніках разгляду прыкладна 35% скаргаў вырашана станоўча, па 44% дадзены тлумачэнні. У 15% выпадкаў пасля зваротаў запланавана правядзенне работ або іншых мерапрыемстваў. Усе яны знаходзяцца на кантролі. Толькі 5% заяўнікам адмоўлена ў задавальненні патрабаванняў па аб’ектыўных прычынах.

Як паказвае аналіз, звыш 80% зваротаў у Магілёўскі аблвыканкам змяшчае пытанні, якія не толькі маглі б, але і павінны вырашацца на мясцовым узроўні. Часта грамадзяне звяртаюцца з просьбамі спілаваць дрэва, прагрэйдзіраваць дарогу, арганізаваць збор смецця і інш. Напрыклад, на адну з прамых тэлефонных ліній звярнулася магіляўчанка, якая пражывае па вул. Сіманава. Жанчына выказала просьбу аб ліквідацыі рыпання дзіцячага гульнявога абсталявання на дваровай тэрыторыі. «Хочацца звярнуць увагу ўсіх жыхароў вобласці, што для вырашэння падобных пытанняў можна і трэба звяртацца непасрэдна да мясцовых органаў выканаўчай улады і ў арганізацыі камунальна-бытавой гаспадаркі – ЖЭУ, ЖРЭУ, УКП «Жылкамгас», «Камунальнік» і іншыя», – патлумачыла кіраўнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магаблвыканкама.

Іна Філіпава адзначыла, што стварэнне ўмоў для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці грамадзян, павышэнне якасці абслугоўвання насельніцтва з’яўляецца першачарговай задачай мясцовых органаў улады і арганізацый, якія адказваюць за гэтыя пытанні. Гэта павінна быць і ў інтарэсах саміх жыхароў рэгіёна, бо рашэнне пытання па прыналежнасці будзе ажыццяўляцца ў больш кароткія тэрміны, без выдаткаў часу на яго пераадрасаванне.

Бывае, што ў аблвыканкам звяртаюцца як «у апошнюю інстанцыю», калі рашэнне на месцах прымаецца з затрымкамі. «Часам на ўзроўні аблвыканкама выяўляюцца недахопы і недапрацоўкі ў рабоце з насельніцтвам, якія сапраўды з’яўляюцца важкай прычынай зваротаў грамадзян у вышэйшыя органы. Напрыклад, скарга жыхаркі дома №37 па вул. Каралёва ў Магілёве, – удакладніла Іна Філіпава. – Жанчына неаднаразова падавала заяўкі ў эксплуатуючую арганізацыю па рамонце сетак каналізацыі ў падвальным памяшканні жылога дома, аднак меры не былі прынятыя. Як паказала праверка, заяўкі жыхароў дома ігнараваліся і праблема вырашылася толькі пасля звароту на прамую тэлефонную лінію аблвыканкама».

Не сакрэт, што ёсць такое паняцце, як прафесійны скаржнік. Сустракаюцца яны і ў Магілёўскай вобласці. У асобных выпадках грамадзяне злоўжываюць правам на зварот, сістэматычна неабгрунтавана тэлефануюць на прамыя тэлефонныя лініі па адным і тым жа пытанні, нягледзячы на тое, што ім ужо даваліся адказы па сутнасці. «Пры такіх абставінах заяўніку тлумачыцца, што зварот быў разгледжаны раней і адказ на яго больш рыхтавацца не будзе. Акрамя таго, устаноўлены падставы, паводле якіх звароты, прынятыя ў ходзе правядзення прамой лініі, могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці з паведамленнем аб гэтым заяўніку на працягу пяці рабочых дзён. Напрыклад, у выпадку спынення з ім перапіскі», – патлумачыла Іна Філіпава.

У цэлым, у органах выканаўчай улады склалася эфектыўная сістэма работы са зваротамі грамадзян, што паступаюць у ходзе правядзення прамых тэлефонных ліній. Яна дазваляе аператыўна даведвацца і вырашаць сацыяльна важныя праблемы ў Прыдняпроўскім рэгіёне. «Прапановы і заўвагі грамадзян улічваюцца ў практычнай дзейнасці, спрыяюць складанню перспектыўных планаў, у тым ліку правядзення капітальнага і бягучага рамонтаў, добраўпарадкавання населеных пунктаў і інш.», – канстатавала субяседніца.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая