RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У 2021 годзе эканоміка Магілёўскай вобласці працягвае траекторыю ўстойлівага росту – Руслан Страхар

Сёлета эканоміка Магілёўскай вобласці працягвае траекторыю ўстойлівага росту. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар на пашыраным пасяджэнні, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за студзень-красавік 2021 года.

Па выніках 4 месяцаў тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту склаў 100,9% (пры заданні на першае паўгоддзе – 100%). Акрамя таго, выкананы ўстаноўленыя ўрадам заданні па росце заработнай платы, сукупных паступленняў у бюджэт.

У параўнанні з мінулым годам назіраецца істотнае паляпшэнне фінансавага стану арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Калі па выніках студзеня-красавіка мінулага года чыстая страта па вобласці складала амаль Br900 млн., то за I квартал 2021-га зафіксаваны чысты прыбытак у памеры Br141 млн.

Разам з тым, па словах Руслана Страхара, ёсць пэўныя рэзервы ў будаўніцтве, транспартнай дзейнасці, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, і трэба, прапрацаваўшы, вызначыць далейшыя напрамкі па ўстойлівым развіцці эканомікі.

У бягучым годзе найбольшы станоўчы ўплыў на фарміраванне ВРП аказвае прамысловы комплекс, які спрацаваў з тэмпам росту вытворчасці 106,5%. І тут ужо некалькі гадоў запар наперад ідуць арганізацыі прыватнай формы ўласнасці, якія за гэты ж перыяд дасягнулі тэмпу росту 121%. Яны змаглі скарыстацца кан’юнктурай рынку, звязанай з лакдаўнамі закрыццём прадпрыемстваў, а ў гэтым годзе працягваюць нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.

Старшынёй Магілёўскага аблвыканкама пастаўлена задача забяспечыць далейшы паступальны рост ВРП і выйсці па паўгоддзі на тэмп не ніжэй 101%, а па годзе забяспечыць безумоўнае выкананне задання 101,5%, канстатаваў Руслан Страхар. Для гэтага неабходна прааналізаваць працу кожнай секцыі з пастаноўкай канкрэтных задач для кіраўнікоў арганізацый, профільных камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая