RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі распрацоўваецца праграма пераходу грамадскага транспарту на электрычны

У Беларусі распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў буйных гарадах на электрычны, паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Беларусь стала паўнапраўным бокам Парыжскага пагаднення па клімаце першай з краін СНД і 30-й у свеце. Краіна ўзяла на сябе абавязацельствы да 2030 года на 28 % паменшыць выкіды парніковых газаў (у параўнанні з 1990-м). У адпаведнасці з патрабаваннямі пагаднення, Беларусь не пазней за люты 2020 года прадставіць свой другі нацыянальна вызначаны ўклад, які змяшчае яшчэ больш амбіцыйныя абавязацельствы. Урадам зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення па клімаце.

«Адным з рашэнняў, якія спрыяюць пераходу краіны да вугляроднай нейтральнасці, з’яўляецца пераход ад вуглевадароднага транспарту да электрычнага, – сказаў Аляксандр Корбут. – Краіна прыняла рашэнне аб развіцці электратранспарту як нацыянальнага прыярытэту, прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць указаную сферу. Распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў буйных гарадах на электрычны».

У краіне актыўна развіваецца пасажырскі электратранспарт – электробусы, тралейбусы і трамваі, электрацягнікі. Маюцца ўласныя інавацыйныя распрацоўкі ў сферы вытворчасці электрамабіляў. «Сёння ў Беларусі эксплуатуюцца 83 электробусы вытворчасці кампаніі «Белкамунмаш». Прадпрыемства распрацоўвае новы від электробуса, які будзе адпавядаць патрабаванням ЕС, і мы спадзяёмся, што ён будзе экспартавацца ў гэтыя краіны. У развіцці нацыянальнай інфраструктуры для электратранспарту краіна кіруецца тым, што наша геаграфічнае становішча фарміруе свайго роду калідор для такога транспарту. Неабходная каардынацыя намаганняў дзяржаў у гэтай сферы, адзіныя падыходы да зарадных станцый, станцыяй тэхабслугоўвання. Беларусь можа выступіць каардынатарам фарміравання інфраструктуры для электратранспарту ў рэгіёне, а таксама надзейным пастаўшчыком, можа перадаваць веды і вопыт суседнім краінам, прывабліваць партнёраў і інвестыцыі для вытворчасці», – адзначыў намеснік міністра.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая