RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі ўступная кампанія 2021 года істотна не зменіцца – Ігар Карпенка

У Беларусі ўступная кампанія 2021 года істотна не зменіцца. Пра гэта расказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў праграме «Неделя» на тэлеканале СТВ.

«Кіраўнік дзяржавы даручыў распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ. Але адразу хачу падкрэсліць, што ўступная кампанія 2021 года, якая пачнецца з абвяшчэння лічбаў прыёму на канкрэтныя спецыяльнасці, істотна не зменіцца. Для ўнясення змен неабходны час, каб абітурыент мог зарыентавацца і падрыхтавацца, у нас часу для гэтай кампаніі ўжо няма», – адзначыў міністр.

Пры гэтым Ігар Карпенка паведаміў, што могуць змяніцца падыходы да прыёму на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. «Мы хочам крыху пашырыць магчымасці для атрымання мэтавай падрыхтоўкі на найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці для нашай эканомікі», – растлумачыў ён.

Што тычыцца змяненняў правілаў прыёму, то, паводле слоў кіраўніка ведамства, гэта праца зараз вядзецца. «Мы анансавалі магчымыя змены і ў правілы бягучай атэстацыі ў сістэме агульнай і сярэдняй адукацыі. Гэта і спроба правядзення так званага нацыянальнага экзамену ў выглядзе сумяшчэння экзаменаў у школе з цэнтралізаваным тэсціраваннем хоць бы па двух прадметах. Акрамя гэтага, мы разглядаем магчымасць пры паступленні ў ВНУ здаваць унутраны экзамен па профільным прадмеце», – патлумачыў Ігар Карпенка. Ён расказаў, што гэта праца знаходзіцца пакуль у стадыі аналізу і сур’ёзнай прапрацоўкі. «У найбліжэйшы час мы павінны далажыць кіраўніку дзяржавы па выкананні даручэння. Хутчэй за ўсё, адбудзецца вялікая нарада. Пасля таго як гэтыя змены будуць прынятыя, нам спатрэбіцца паўтара-два гады, каб іх укараніць у адукацыйны працэс і забяспечыць адпаведнае метадычнае суправаджэнне», – паведаміў міністр.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая