RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі зменяць тэрміны уступнай кампаніі

У Беларусі зменяць тэрміны уступнай кампаніі. Пра гэта заявіў сёння журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Цэнтралізаванае тэставанне пачнецца з 25 чэрвеня, у той час як раней яно павінна было стартаваць 13 чэрвеня.

«У найбліжэйшы час мы прадставім новы графік правядзення ЦТ. Цяпер усё яшчэ раз адпрацуем, уважліва паглядзім. Тое, што ЦТ пачнецца 25 чэрвеня, – гэта дакладна», – заявіў міністр.

«Гэта не значыць, што ў нас не будзе запасу часу для таго, каб падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года. Якраз мы ўкладваемся ва ўсе тэрміны правядзення кампаніі, уключаючы момант падачы дакументаў, залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэт і платна, паступленне ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы», – падкрэсліў Ігар Карпенка.

Ён адзначыў, што тэставанне па найбольш масавых прадметах падзеляць на два дні. «Рускую мову і матэматыку, дзе запісваецца найбольшая колькасць абітурыентаў, падзелім на два дні. Гэта будзе такая навіна, але гэта не значыць, што тэст першага дня будзе такі ж і на другі дзень. У нас па кожным прадмеце створана дастаткова вялікая база, і кожны раз дзяржкамісія метадам камп’ютарнага адбору прадаставіць адпаведны тэст. Усе тэсты створаны па праграме агульнай сярэдняй адукацыі. Як заўсёды, патрэбны веды і падрыхтаванасць абітурыентаў», – сказаў Ігар Карпенка.

Міністр таксама расказаў, што ў гэтым годзе лічбы прыёму крыху павялічаны ў асноўным за кошт тэхнічных, тэхналагічных спецыяльнасцяў, медыцынскіх, фізкультурна-аздараўленчых. «Такім чынам, мы прапануем крыху больш месцаў абітурыентам, чым летась. Трохі павялічаны набор у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А ў сістэме прафтэхадукацыі ідзе гнуткі набор. Мы можам лічбы скарэктаваць», – адзначыў ён.

Ігар Карпенка таксама адказаў на пытанне, як з улікам цяперашняй абстаноўкі будзе ажыццяўляцца прыём на навучанне замежных грамадзян. Паводле слоў міністра, як правіла, гэтыя абітурыенты прыязджаюць у перыяд з верасня па снежань. «За развіццём сітуацыі паглядзім. Вы бачыце, што вакол нас пачынаюць ужо зніжаць абмежавальныя меры, адбываюцца пэўныя змены. Але разам з тым вышэйшыя навучальныя ўстановы ўжо пачынаюць працу па анлайн-субяседаванні з патэнцыяльнымі абітурыентамі з замежных краін, якія хочуць прыехаць да нас на навучанне, – сказаў ён. – Па мовах навучання. У першую чаргу гэта руская і англійская мовы. Для таго, каб сюды прыехаць потым і падключыцца да адукацыйнага працэсу, яны павінны прайсці такія субяседаванні. У ВНУ гэта схема адпрацаваная, яна не новая»

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая