RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бялынічах адкрылі абноўлены раённы мастацкі музей

Абноўлены Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылі сёння падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

«З асаблівым пачуццём гонару мы адчыняем дзверы новага музея, які носіць імя нашага вядомага мастака Бялыніцкага-Бірулі, – адзначыў міністр культуры Юрый Бондар. – Пасля праведзенай рэканструкцыі ўстанова культуры без перабольшання адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. Сімвалічна, што сённяшняе мерапрыемства, прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства, праходзіць у Год малой радзімы. Бо ўсё, што мы робім, робім, у першую чаргу, для нашага падрастаючага пакалення, яго выхавання на аснове нацыянальных традыцый і базавых духоўных каштоўнасцяў».

Юрый Бондар заўважыў, што два гады таму быў урачыста адкрыты пасля маштабнай рэстаўрацыі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. А сёлета, дзякуючы ўвазе рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта, суладнай працы вялікай колькасці спецыялістаў пад кіраўніцтвам губернатара вобласці Леаніда Заяйца, творчых груп Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава, работнікаў генеральнай падраднай арганізацыі ААТ «Прамжылбуд», зроблены выдатны падарунак жыхарам і гасцям Бялынічаў, усёй Магілёўскай вобласці.

Адкрыццё музея такога ўзроўню ў райцэнтры сведчыць аб вялікай увазе дзяржавы да нацыянальнай культуры, як падкрэсліў Юрый Бондар. «Упэўнены, што музей стане сапраўдным культурным і адукацыйным цэнтрам для школьнікаў і дарослых, а творы Бялыніцкага-Бірулі, які з’яўляўся яркім прадстаўніком школы мастацкага рэалізму, апяваў прыгажосць беларускай зямлі, прыроды, будуць ацэненыя па заслугах», – сказаў на заканчэнне ён.

Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з’явіўся ў райцэнтры 50 гадоў таму дзякуючы жонцы мастака, якая перадала частку яго спадчыны Бялыніцкаму раёну. Калекцыя размяшчалася ў будынку старога кінатэатра, не прызначанага для захоўвання карцін. Да Дня беларускага пісьменства было прынята рашэнне знесці стары будынак, а на яго месцы ўзвесці новы, удвая большы. Цяпер музей займае каля 800 кв. м, ён цалкам змяніў канцэпцыю. Тут з’явілася некалькі экспазіцыйных залаў, прысвечаных творчасці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, гісторыі Бялыніцкага краю, а таксама духоўнасці, размясціўся спіс цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці, якая стала адной з жамчужын экспазіцыі новага музейна-адукацыйнага цэнтра.

У працэсе рэканструкцыі і будаўніцтва музея была вырашана важная праблема. У 1970-я перад падрывам мясцовага касцёла два архітэктары Мінскрэстаўрацыі здзейснілі грамадзянскі подзвіг: у халодныя лістападаўскія дні, намачыўшы клейстарам і крухмалам марлю, яны лапатай знялі тры фрэскі, якія засталіся ад касцёла. Фрэска «Праабражэнне Гасподняе» знайшла свой дом у абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Другую фрэску, «Узыходжанне на Галгофу», удалося аднавіць па крупінках мастакам-рэстаўратарам з Мсціслава Юрыю і Мікалаю Маліноўскім. Сёння яе прадэманстравалі ў зале духоўнасці мастацкага музея.

У будучым плануецца зрабіць бялыніцкі музей філіялам магілёўскага. Гэта аб’яднае і калекцыі, і навуковых супрацоўнікаў. Усё гэта робіцца наўмысна, каб выхоўваць у мясцовых дзяцей любоў да прыгожага, сваёй радзімы. Бялыніцкая зямля наогул вельмі шчодрая на таленавітых мастакоў. У музеі можна ўбачыць карціны ўраджэнцаў Бялыніччыны Віктара Альшэўскага і Ларысы Журавовіч.

Асобна варта сказаць пра тэхнічныя магчымасці музея: ён абсталяваны сучаснымі сістэмамі вентыляцыі, сродкамі відэакамунікацыі, аховы – усім тым, што трэба для дэманстрацыі твораў мастацтва любога ўзроўню, нават з сусветна вядомых музеяў. Таксама ўстанова абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі. Карціны могуць сузіраць наведвальнікі з абмежаваннямі па зроку, пабудавана безбар’ернае асяроддзе і зроблена ўсё для таго, каб людзям з асаблівасцямі фізічнага развіцця былі даступныя культура і мастацтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая