RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бялынічах урачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю «З’яўленне іконы»

У Бялынічах падчас Дня беларускага пісьменства ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю «З’яўленне іконы». Яна размясцілася каля царквы ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай.

Створаная магілёўцам Аляксандрам Міньковым у гонар абраза Бялыніцкай Божай Маці, шанаванай праваслаўнымі, каталікамі і ўніятамі, скульптура выкананая з пакостаўскага граніту, прывезенага з Украіны (як вядома, манахі ратаваліся ад нашэсця Батыя і плылі сюды з Кіева). Яе вага – каля 2,5 г. Яшчэ 75 кг важыць бронзавая ікона, якую трымае анёл.

Усё гэта разам робіць кампазіцыю сімвалічнай і ўнікальнай. Паводле легенды, ўсё пачалося менавіта з абраза Бялыніцкай Божай Маці, якую прывезлі на тутэйшую зямлю кіеўскія манахі. Ззянне ад яе было такое, што ўначы азарыла мясцовасць, як днём. Гэта і вызначыла назву будучага мястэчка.

Праца над скульптурай доўжылася каля трох тыдняў. Як расказаў майстар, было шмат варыянтаў, як павінна выглядаць скульптура, але ўсе яны паўтаралі сімвалы, якія ўжо ёсць, і вельмі літаральна трактавалі гісторыю з’яўлення абраза. Урэшце быў знойдзены найлепшы варыянт –белы анёл з разьбянымі крыламі ў выглядзе беларускай выцінанкі трымае ў руках бронзавы абраз з выявай Маці Божай.

У адкрыцці кампазіцыі прымалі ўдзел ганаровыя госці: намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, кіраўнік аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, міністр культуры Юрый Бондар, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Суправаджаў мерапрыемства звон у выкананні ансамбля званароў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая